Як рух #MeToo змяняе свет і мову

Сёлета 15 кастрычніка сьвет адзначыў пяцігодзьдзе руху #MeToo — значны юбілей для сучаснага фэмінізму. У нашым рэгіёне дата засталася амаль незаўважанай — безумоўна, вайна ва Ўкраіне і барбарыя на радзіме занялі нашыя розумы і цяжкім ценем паклаліся на ўсе іншыя навіны.

1672004975205blob.jpg


Тым ня менш, пад уплывам #MeToo за пяць год у мовы сьвету ўвайшлі новыя словы, старыя канцэпты і словы загучалі па-новаму. Зьмяніліся сацыяльныя, юрыдычныя і эканамічныя практыкі — мы назіраем за чарговай антрапалягічнай рэвалюцыяй, якая мажліва вядзе да гендэрнай роўнасьці. Грамадзтва, мова мяняюцца на вачох, шмат хто прызнае, адчувае, што так, як раней быць ня можа. Сямейны гвалт больш не зьяўляецца справай прыватнай, але публічнай і калектыўнай. Мы актыўней выкарыстоўваем фэмінітывы, сочым за мовай і часьцей выкарыстоўваем назоўнікі супольнага роду — г. зв. эпіцэны, калі зьвяртаемся да публікі.
Сьвет падзяліўся на тых, хто цалкам на баку #MeToo, і тых, хто ўсяк крытыкуе новы рэвалюцыйны рух. Дарэчы, ня толькі на Захадзе рух выклікаў істотныя зьмяненьні, сугучная ягоная актыўнасьць з многімі фэмінісцкімі і жаночымі ініцыятывамі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі. Няма сумневу, у нечым пасланьне беларускіх жанчынаў у белым сугучнае з антыгвалтоўніцкай дзейнасьцю #MeToo, скіраванае ўсё супраць таго ж патрыярхату.
У зьвязку зь юбілеем #MeToo зьвернем увагу на моўныя трансфармацыі, выкліканыя рухам. Бо мова часта першай фіксуе і папярэджвае трансфармацыі грамадзтва.

Cястрынства

Рух #MeToo актуалізаваў і канкрэтызаваў панятак «сястрынства», вядомы фэмініст-к-ам з 70-х гадоў ХХ ст. На фоне раскрыцьця шматлікіх гвалтоўных сэксісцкіх і сэкуальных справаў праявілася жаночая салідарнасьць, якая як ніколі аформілася ў сястрынстве. Калі раней жанчыны выкарыстоўвалі нібы ўнівэрсальны панятак «братэрства», то цяпер пад уплывам недаверу да шматлікіх мужчынаў жаночыя і фэмінісцкія суполкі ўсё часьцей выбіраюць больш інклюзыўны і дакладны панятак «сястрынства». Таксама пад уплывам #MeToo адбываецца частковая рэвізія старых ужыткаў панятку «братэрства», напрыклад. Так, ставіцца пад сумнеў францускі рэспубліканскі слоган «Liberté, Égalité, Fraternité» (Свабода, Роўнасьць, Братэрства): замест братэрства апошнім часам прапануецца новы гендэрны роўны панятак.

Фэмініцыд

Апагей гвалту ў дачыненьні да жанчын і злачынствы на глебе нянавісьці: забойства жанчын па прыкмеце іх полу. То-бок наўмыснае забойства жанчын (і дзяўчат), таму што яны жанчыны. Зьява ня новая ў гісторыі чалавецтва, але дзякуючы прынцыповай калектыўнай рэфлексіі ў апошнія гады, у тым ліку дзякуючы дзейнасьці #MeToo, цалкам новай зьяўляецца нашая калектыўная сьвядомасьць дадзенай праблемы. Такім парадкам, мэдыйнае агучваньне праблемы мяняе юрыдычныя і іншыя практыкі і вядзе да хаця б частковага вырашэньня праблемы.

Згода

Узаемна выяўленае і зразуметае пагадненьне аб сэксуальнай актыўнасьці зь іншай асобай. Прасьцей кажучы, партнэры-кі займаюцца сэксам добраахвотна і па ўласным жаданьні. Пры гэтым, важным зьяўляецца тое, што кожны-ая ўдзельнік-ца дзеяньня павінен / павінна адчуваць сябе ў стане сказаць «так» ці «не» ці спыніць працэс у любы момант. Але рух #MeToo зьвярнуў увагу на тое, што згода — панятак хісткі і часам па-рознаму трактуецца жанчынамі і мужчынамі. Калі-нікалі згода парушаецца, мужчыны не рэагуюць на жаночы адказ «не», што вядзе да незьлічоных выпадкаў сямейнага сэксуальнага гвалту ці гвалту ў дачыненьні да партнэрак. Шматлікія маніфэстацыі жанчын з пасланьнем «»НЕ» значыць «НЕ»!» якраз сьведчаць аб актуальнасьці дадзенай праблемы.

Ацалелая

Многія людзі, якія пацярпелі ад сэксуальнага, гендэрнага або хатняга гвалту, абвяргаюць тэрмін «ахвяра», пад падставай таго, што ён выклікае нейкую форму пасіўнасьці. У апошнія гады зьявілася і стала папулярным слова «ацалелая» ці «ацалелы». У жаночым родзе слова настойвае на суб'ектнасьці, волі жанчынаў і іх здольнасьці супраціўляцца.

Сямейны / хатні гвалт

Гвалт аднаго партнэра, часам партнэркі або сваяка, сваячкі ў дачыненьні да іншага/іншай, які паўтараецца і адбываецца найперш унутры сям'і. Пераважную большасьць ахвяраў і ацалелых хатняга гвалту складаюць жанчыны і дзяўчаты. Таму сямейны ці хатні гвалт мае выразна гендэрны зрэз. Рух #MeToo ажывіў дэбаты вакол дадзенай праблемы і выразна падзяліў сьвет на тыя краіны, якія асуджаюць праблему і на роўні законаў спрабуюць вырашыць яе і тыя, якія апраўдваюць і/ці замоўчваюць гвалт.

Вызваленьне слова

Маўчаньне знаходзіцца ў цэнтры ўсёй жаночай гісторыі. #MeToo сарвалі засаўку моўчанкі. Сэксуальны гвалт больш не зьяўляецца толькі адзіночным і асабістым досьведам, але калектыўным, сыстэмным фактам, які таксама мае дачыненьне да функцыянаваньня грамадзтва, да таго, як у ім ажыцьцяўляецца ўлада. Рух #MeToo і сьведчаньні сотні тысячаў жанчын, якія парушылі маўчаньне, такім парадкам, вызвалілі слова, мову і агучылі велізарную праблему і траўмы гіганцкай колькасьці жанчынаў. Прыгэтым трэба разумець, што аўтаматычна вызваленьне слова не вядзе да супакаеньня, не, часам словы жанчынаў трактуюцца, як ачарненне, паклёпы, а жыцьцё тых, хто вырашыў не маўчаць, часта пераварочваецца з ног да галавы і ператвараецца ў публічны кашмар. Голас жанчын па-ранейшаму дыскваліфікаваны, вельмі часта раўназначны голасу дзіцёнка ці вар'ята, як лічыць вядомая француская гістарыца Крысьціна Бард.

Вяртаньне кансэрватызму

Тэрмін часта вядомы ў англамоўнай форме — backlash. Да ўсяго так называецца вядомая кніга амэрыканскай пісьменьніцы і фэміністкі С'юзан Фалудзі (Backlash: Неабвешчаная вайна супраць амэрыканскіх жанчын, 1991). Тэрмін апісвае эфэкт бумэрангу, які рушыў усьлед за фэмінісцкімі рухамі 1970-х гадоў, у прыватнасьці праз распаўсюджваньне антыфэмінісцкага і рэакцыйнага дыскурсу, палітыку, варожую правам жанчын, асабліва рэпрадуктыўным правам (напрыклад, забарона спаронаў у ЗША ды іншых краінах). Вяртаньне кансэрватызму адбываецца рэгулярна, асабліва ў пэрыяд эканамічнай крызы. Апошнія гады мы зноў канстатуем, што ў ЗША, Эўропе многія палітычныя сілы кажуць пра забарону спаронаў, гей-шлюбаў, гей-прапаганды і пад.

Патрыярхат

Патрыярхат увасабляе для фэмінізму рэпрэсіўную сыстэму, сацыяльную арганізацыю, заснаваную на перавазе мужчынаў. #MeToo вярнулі панятак у сучасную позву дня: ён цяпер зноў фіксуецца на плякатах, майках, сьцягах падчас маніфэстацыяў, у слоганах і віртуальных пасланьнях. Дзякуючы #MeToo патрыярхат замяніў панятак «мужчынскае панаваньне» і зноў стаўся «галоўным ворагам» жанчын і прагрэсу наагул. #MeToo нагадаў, што канцэпт «патрыярхат», які ўздымалі і крытыкавалі ўсе хвалі фэмінізму, дасюль застаецца актуальным і непераможным.

Спэктар гвалту

Розныя формы гвалту, які церпяць жанчыны (пагрозы, аплявухі, сэксуальныя чапаньні на працы ці ў транспарце, згвалтаваньне або нават забойства). Рух #MeToo яшчэ раз зьвярнуў увагу на цэлы комплекс, спэктар гвалту ў дачыненьні да жанчын перадусім, але таксама да пэўных іншых катэгорыяў насельніцтва (геяў, лесьбіек, трансгендэрных асобаў і пад.). То-бок размова ня йдзе толькі пра сэксуальныя чапаньні ў дачыненьні да жанчынаў, а пра тое, што кожная жанчына зь дзяцінства да старасьці рэгулярна сутыкаецца з рознымі формамі гвалту — фізычнага, сымбалічнага, моўнага, псыхалягічнага і пад.

Дэканструяваны мужчына

Рух #MeToo выкрыў і слушна прызнаў пэўны тып маскуліннасьці таксычным і гвалтоўным. Мужчынаў-гвалтаўнікоў і агрэсараў трэба спыняць, лекаваць, ізаляваць. Акрамя таго існуюць іншыя мадэлі маскуліннасьці — мужчынаў, якія ўсьведамляюць гендэрныя стэрэатыпы і спрабуюць ад іх пазбавіцца. Для мужчыны гэта азначае, напрыклад, не перапыняць сыстэматычна гаворку жанчыны, не распаўсюджваць і не навязваць свае веды і візію, не раскірэньваць ногі ў перапоўненым метро, быць прысутным, руплівым і эмацыйным бацькам і пад. Панятак «дэканструяваны мужчыны» ўпершыню ўжыла ў 2021 годзе француская палітыца-экалягістка Сандрын Русо ў дачыненьні да свайго мужа, які належыць да катэгорыі мужчынаў, што разумеюць і ўсяляк падтрымліваюць жанчынаў у фэмінісцкіх змаганьнях. Зрэшты, дэканструяванай можа і павінна быць і жанчына, бо і жанчына павінна пазбаўляцца ад гендэрных стэрэатыпаў і наладжвацца на кантакт і кампраміс з мужчынамі дзеля агульнай роўнасьці.

Мэнтальная нагрузка

Выраз, які нарадзіўся ў 80-я гады ХХ ст., каб апісаць тое, што жанчыны добра ведаюць: двайны працоўны дзень. То-бок праца ў канторы, на заводзе ці ў школе, за якую жанчына атрымлівае аплату і дармавая неўнармаваная праца дома: апратаньне кватэры, абслугоўваньне дзяцей, мужа і пад. Мэнтальная нагрузка — гэта пастаянная, зьнясільваючая, нябачная праца. Сяньня гэты тэрмін з відавочна фэмінісцкай афарбоўкай перанялі і мужчыны: панятак пашырыўся на сфэру працы, пазначаючы інтэнсыфікацыю задачаў і паведамленьняў, якія ўвесь час атакуюць нас праз мабільныя тэлефоны, і дыстанцыйную працу, асабліва пасьля кавіднай пандэміі.·Няма сумневу, што ўсе гэтыя паняткі і праблемы асабліва актыўна артыкулююцца і вырашаюцца на Захадзе. Аднак яшчэ больш актуальнымі яны застаюцца ў нас па прычыне іх ігнараваньня аўтарытарнымі кансэрватыўнымі ўладамі. Зрэшты, разуменьне мовы #MeToo па-беларуску дапамагае ня проста лепей зразумець заходні сьвет і ягоныя гендэрныя выклікі, але і замарожаныя, схаваныя выклікі, зь якімі калісьці прыйдзецца сутыкнуцца і нам.