Як адбудоўвалі зруйнаваны Гродна пасля вайны (унікальныя здымкі)
У ліпені 1944 года, 71 год таму, Гродна ляжаў у руінах. Бамбардзіроўка горада нямецкай авіяцыяй у ноч на 22 чэрвеня 1941 г. прывяла да таго, што было знішчана каля 30% забудовы горада.
Назаўжды перасталі існаваць палац Радзівілаў, Сянны Рынак, гатэль Еўропа… Летам 1944 г. падчас ужо савецкай бамбардзіроўкі быў амаль разбураны чыгуначны вакзал.
Панарама разбуранага Гродна, лета 1944 г.
Усё што засталося ад Сяннога рынка і забудовы вуліцы Мяшчанскай. Дамы злева захаваліся і маюць сёння адрас вул. Сацыялістычная. 1944 г.
Горад трэба было адбудоўваць, але справа яго аднаўлення цягнулася вельмі марудна. Перашкаджалі і недахоп сродкаў, і занадта глабальныя планы савецкіх архітэктараў, якія хацелі заляпіць горад усялякімі будынінамі ў стылі сталінскага ампіру.
Таму аднаўляць пачалі з далейшых ад галоўнай плошчы вуліц, а пакуль дабраліся да Савецкай плошчы — прыйшоў канец 1950-х, калі моцна дэкараваць дамы было ўжо нямодна і непажадана. Гэта добра бачна па вул. Парыжскай Камуны, калі спускацца да Савецкай плошчы. Чым бліжэй да плошчы, тым прасцей пабудаваныя дамы.
Фота другой паловы 1950-х гг. з таго самага месца. Яшчэ няма гатэлю "Нёман" і бачныя задворкі будынкаў на Сацыялістычнай. Фантан таксама не захаваўся.
Сярод першых дамоў, узведзеных пасля вайны ў Гродна, былі дамы для рабочых тэкстыльнага камбінату на Падольнай. Каля 1950 г.
Трэба было таксама адбудаваць знішчаны на дзве траціны чыгуначны вакзал. Яго зруйнуюць праз сорак гадоў.
Чыгуначны мост быў адноўлены толькі ў канцы 1940-х гг.
Сучасную маставую канструкцыю вайскоўцы нацягвалі на рэшткі старога моста пры дапамозе такіх вось лябёдак.
У пачатку 1960-х, толькі амаль праз дваццаць гадоў пасля вайны, цэнтр горада збольшага набыў цяперашні выгляд.
Змянілася Вялікая Траецкая (тады Кашавога). На месцы былога Мяснога Рынку паўсталі такія інтэрнаты, а цяпер гэта банк.
Каля 1953 г. пачалі забудоўваць вуліцу Свярдлова.
Пасля заканчэння вуліца выглядала такім чынам. Фота 1955 г.
Толькі каля 1960 г. забудоўнікі дабраліся да Савецкай плошчы.
Паколькі дэкараваць дамы было забаронена адмысловым указам М. Хрушчова, то дамы на Савецкай плошчы выглядаюць бядней, чым забудова Сацыялістычнай ці Свярдлова.
Вось так павінен быў выглядаць Палац Тэкстышчыкаў. Але абышліся без гербоў і сцягаў. Праект 1956 г.
Андрэй Мяцельскі, Твой Стыль