Музей каменных скульптур пад адкрытым небам ствараюць у Гродна
У Каложскім парку, непадалёк ад Барысаглебскай царквы, устаноўлены 9 каменных скульптур, якія былі створаныя беларускімі аўтарамі ў 2014 годзе падчас пленэру “Гродна. Мінулае і сучаснасць”.
фота t-styl.info
Над імі працавалі беларускія аўтары Арцём Мядзведзеў, Іван Арцімовіч, Ігар Засімовіч, Аляксей Сарокін, Карней Аляксееў, Каця Зантарыя і Уладзімір Панцялееў. Раней у парку была ўсталяваная
каменная кампазіцыя Уладзіміра Панцялеева “Песня пра Каложу”, створаная майстрам у 2013 годзе. А літаральна на днях да яе дадалі яшчэ восем скульптур 2014 года: “Стварэнне
зямлі беларускай”, “Воін-ліцвін”, “Шлем”, “Подых сівых стагоддзяў”, “Дыялог стагоддзяў”, “Пацалункаў
камень” і “Памяць зямлі”, а таксама раней створаную Карнеем Аляксеевым скульптуру “Арфей і Эўрыдыка”.
Як патлумачыў ініцыятар ідэі, вядомы гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, у гэтым годзе скульптуры ўстаноўлены ў гарадскім парку да 16 ліпеня, дня вызвалення Гродна ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але гэта толькі пачатак. У будучыні ў Каложскім парку плануецца стварыць цэлы музей скульптур накшталт аналагічнага парку, які існуе ў літоўскай Клайпедзе, дзе ў
гарадскім парку на 12 га зямлі ўсталяваныя 116 скульптур, створаных літоўскімі скульптарамі ў 70-90-я гады мінулага стагоддзя.
Паводле слоў Уладзіміра Панцялеева, у Гродне пры стварэнні экспанатаў для музея плануецца працягнуць тэму культурна-духоўнай сувязі гісторыі і сучаснасці горада над Нёманам. Ужо
ў наступным годзе ў Гродне плануецца правесці міжнародны пленэр скульптараў і запрасіць на яго, акрамя беларускіх майстроў, аўтараў з Польшчы і Літвы. Створаныя падчас пленэра працы ў будучыні
ўпрыгожаць Каложскі парк.
Дарэчы, парк скульптур — не адзіны падарунак, які зрабілі горадзе над Нёманам беларускія разьбяры па камені. У цэнтры Гродна 15 ліпеня каля гістарычнага будынка другой паловы XVIII
стагоддзя — дома гродзенскага віцэ-адміністратара, у якім да нядаўняга часу знаходзіўся Нацыянальны гістарычны архіў горада, усталяваны каменны медаль з выявай сімвала Гродна —
аленя Святога Губерта і надпісам “Культурная сталіца Беларусі 2014 — Гродна “. Каменны медаль таксама выраблены ў рамках пленэра скульптараў ў 2014 годзе.
Паводле budzma.by