Як костка ў горле
Другі раз у гэтым годзе і пяты раз з 2004-га брэсцкім грамадскім актывістам адмаўляюць у рэгістрацыі праваабарончага грамадскага аб’яднання “Брэсцкая вясна. Паслядоўнае адстойванне гарантаваных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь грамадзянскіх правоў сталася справай запатрабаванай, але непажаданай у беларускім грамадстве.
Другі раз у гэтым годзе і пяты раз з 2004-га брэсцкім грамадскім актывістам адмаўляюць у рэгістрацыі праваабарончага грамадскага аб’яднання “Брэсцкая вясна.
Паслядоўнае адстойванне гарантаваных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь грамадзянскіх правоў сталася справай запатрабаванай, але непажаданай у беларускім грамадстве.
Праваабарончая дзейнасць у Брэсцкім рэгіёне бярэ пачатак з 1996 года, з часоў стварэння Брэсцкай абласной філіі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Праваабарончы цэнтр
“Вясна. Напачатку прыярытэтам у дзейнасці арганізацыі была дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій. Праз некаторы час праваабаронцы сталі аказваць дапамогу ўсім грамадзянам без
абмежаванняў. “Для таго, каб павялічыць эфектыўнасць нашай працы, мы актыўна ўдзельнічалі ў выбарах, выступалі ў розных якасцях: кандыдатаў і назіральнікаў, сябраў ініцыятыўных груп, былі
даверанымі асобамі кандыдатаў. Працавалі па ўсёй вобласці. Поспехам можна назваць перамогу на выбарах праваабаронцы Уладзіміра Малея, абранага дэпутатам Маларыцкага раённага савета,
— расказвае праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
Дзейнасць па абароне правоў грамадзян спрыяла пазітыўнаму іміджу сябраў арганізацыі. Вялічкін узгадвае смешны выпадак, калі на творчую вечарыну ў Брэст запрасілі вядомага беларускага барда Зміцера
Бартосіка. Па дарозе ён згубіў адрас офісу арганізацыі, але памятаў, што памяшканне знаходзіцца недалёка ад гатэля “Беларусь. У Брэсце ён падышоў да гатэлю
“Беларусь і запытаўся ў першага ж мінака: “Дзе тут апазіцыя? Яму адразу паказалі на вакно будынку недалёка ад гатэлю, дзе ў той час знаходзіўся офіс Брэсцкай
філіі РГА ПЦ “Вясна.
У практыцы праваабаронцаў уздымаюцца розныя пытанні — ад палітычнай і рэлігійнай дыскрымінацыі і моўных пытанняў да правоў на маёмасць і вяртання права на мацярынства. Аднойчы жанчына, якая
адбыла пакаранне ў Гомельскай калоніі, звярнулася з просьбай дапамагчы адстаяць права на мацярынства. Адрас праваабаронцаў ёй далі ў калоніі, калі яна вызвалялася. Пры сумеснай працы са старшынёй
гарсавета і службай сацыяльнай дапамогі праваабаронцы дапамаглі жанчыне даказаць яе права на мацярынства. Ёй вярнулі дваіх дзяцей, дапамаглі працаўладкавацца, а праз некаторы час яна выйшла замуж і
стварыла паўнавартасную сям’ю. Адметная таксама справа, якой займаўся праваабаронца Рыгор Варвашэвіч: у 2000 годзе ён дабіўся, каб усім жыхарам горада быў зроблены пераразлік за гарачую
ваду.
Сёння арганізацыйны камітэт па стварэнню ПГА “Брэсцкая вясна аб’ядноўвае вядомых у вобласці грамадскіх актывістаў, сярод якіх Уладзімір Вялічкін, Уладзімір Малей, Сяргей
Вакуленка, Юрась Жыдовіч і іншыя грамадзяне, якія больш за дзесяць гадоў аказваюць юрыдычную дапамогу землякам. За сваю дзейнасць праваабаронцы неаднаразова цярпелі ціск з боку уладаў. Людзей, якія
звяртаюцца па дапамогу многа, таму ў 2004 годзе, праз месяц пасля ліквідацыі Брэсцкай абласной філіі РГА ПА “Вясна, пачаліся першыя спробы зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю
ў Брэсцкім рэгіёне. Тады ў рэгістрацыі было адмоўлена тры разы. Сёння гісторыя паўтараецца.
15 студзеня 2009 года адбыўся ўстаноўчы сход па стварэнні грамадскага праваабарончага аб’яднання “Брэсцкая вясна. Арганізацыя была прадстаўлена ў 9 адміністрацыйных раёнах
вобласці з 16-ці. Кіраўніком аб’яднання быў абраны праваабаронца Уладзімір Вялічкін, ягоным намеснікам стаў Уладзімір Малей. У лютым прыйшоў адказ аб адмове ў рэгістрацыі грамадскай
арганізацыі — у пакеце дакументаў не было квітанцыі аплаты за размяшчэнне ў газеце абвесткі пра рэгістрацыю арганізацыі.
У сувязі з адмовай актывісты вымушаныя былі паўторна склікаць ўстаноўчы сход, сабраць сябраў з рэгіёнаў, зацвердзіць статут аб’яднання, абраць кіраўнікоў, заплаціць дзяржаўны падатак, падаць
абвестку ў газету аб рэгістрацыі арганізацыі і зноў падаць дакументы на рэгістрацыю. У адказ спецыялісты Брэсцкага аблвыканкама вызначылі адтэрміноўку ў рэгістрацыі аб’яднання — пры
разглядзе дакументаў высветлілася, што статут арганізацыі быццам бы не адпавядае Артыкулу 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях. Чарговы адмоўны адказ з
аблвыканкама прыйшоў 4 чэрвеня, у гэты раз уласнік будынку адклікаў свой гарантыйны ліст аб выдзяленні памяшкання для юрыдычнага адрасу праваабарончай арганізацыі.
У выніку адмоваў у рэгістрацыі ГПА “Брэсцкая вясна праваабарончая дзейнасць не можа выконвацца паўнавартасна, жыхары Брэста і вобласці па фармальных падставах пазбаўленыя
магчымасці атрымаць пэўную юрыдычную дапамогу і значную інфармацыйную падтрымку ў галіне правоў чалавека. Сітуацыя сведчыць пра тое, што легалізацыя дзейнасці спецыялістаў па абароне правоў чалавека
можа высветліць хібы ў працы дзяржаўных і сацыяльных структур у рэгіёне. Таму выкарыстоўваюцца ўсе сродкі, каб не дапусціць праваабаронцаў да легальнай дзейнасці ад імя грамадскай арганізацыі.