«Каб выбары прайшлі сумленна, гэтага б нічога не было». Судзяць паштарку, распаўсюдзіўшую асабістыя звесткі міліцыянераў
У судзе Першамайскага раёна пачаўся разгляд справы Ларысы Танкашкур — паштальёнкі, якая апублікавала ў тэлеграме асабістыя дадзеныя 35 чалавек, сярод якіх апынуліся міліцыянеры, былы супрацоўнік МУС, ахоўнік Дэпартамента МУС, выкладчык Акадэміі МУС, распавядае «Наша Ніва».

Дзеянні жанчыны кваліфікавалі па першай частцы артыкула 179 Крымінальнага кодэкса (незаконны збор і распаўсюд звестак, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, што прынеслі шкоду правам, сабодам і законным інтарэсам пацярпелага).
Разглядае гэтую справу суддзя Таццяна Ліннік. З 35
пацярпелых на першае паседжанне з'явілася шэсць.
Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Танкашкур скарысталася службовымі паўнамоцтвамі: як паштарка яна мела доступ да звестак пра прыватнае жыццё 35 супрацоўнікаў МУС, што выпісвалі ведамасную газету «На страже». Іх імёны з месцамі жыхарства яна апублікавала ў раённым тэлеграм-чаце.
На судзе бок абвінавачвання агучыў, што публікацыя прыватных
звестак прывяла да негатыўнага абмеркавання асоб пацярпелых у сацыяльных
сетках, да пагрозы нармальнай камунікацыі з суседзямі, з’яўлення ў іх пачуцця
небяспекі за ўласнае здароўе і блізкіх, за стан маёмасці. Акрамя таго, гэта
падрывае іх рэпутацыю як супрацоўнікаў МУС.
— Нам у паштовую скрыню кідалі раздрукаваны 128 артыкул
Крымінальнага кодэкса (Злачынства супраць бяспекі чалавецтва). Дзе гарантыя,
што пасля да нас не прыйшлі б і не падпалілі дзверы? Гэта ўспрынялося як
персанальная пагроза. Акрамя таго, у тэлеграм мне даслалі ананімную пагрозу, —
агучыў адзін з пацярпелых, супрацоўнік Цэнтральнага РАУС.
На судзе жанчына часткова прызнала віну: яна пацвердзіла,
што перапісала дадзеныя міліяцыянераў з картатэкі на пошце, але зрабіла гэта з
мірнымі мэтамі, не жадаючы камусьці нашкодзіць.
— Мяне ўразіла, калі ў Лебядзіным разагналі дваравую
сустрэчу мясцовых жыхароў. Тады, калі дзяўчынцы распылілі ў вочы газ. Мая
нервовая сістэма не вытрымала, бо яна ў напружанні ўсе гэтыя месяцы пасля
выбараў. Я напісала ў дваравы чат, прапанавала: можа, апублікаваць дадзеныя
міліцыянераў, каб з імі маглі людзі пагутарыць? І пасля са мной звязаўся
адміністратар канала, і я яму перадала ўсе дадзеныя. Я папрасіла не пагражаць
нікому, я хацела, каб суседзі проста мелі магчымасць з імі пагаварыць. Ніякіх
ідэалагічных і палітычных мэтаў тут не было.
Ларыса таксама адзначыла, што шкадуе міліцыянераў.
— Каб выбары прайшлі сумленна, гэтага б нічога не было. Мой
бацька ваяваў не за тое, каб беларус збіваў беларуса. Каб зараз міліцыя збівала
людзей, якія проста выйшлі папіць чаю. Міліцыянеры павінны былі стаць на бок
людзей. Я сёмая ў сям’і, і нас ніколі бацькі не білі. А што адбываецца цяпер у
краіне?
Ларыса ўжо паспела адсядзець 15 сутак нібіта за супраціў
супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні. Яна была звольненая з пошты і цяпер
працуе прыбіральшчыцай.
Па крымінальнай справе жанчыне пагражаюць грамадскія працы,
ці штраф, ці арышт.