«Перамены ўсё адно надыдуць». Жыхарку Быхава аштрафавалі за рэпост у тэлеграме
Раённы суд Быхава аштрафаваў жыхарку райцэнтру 41-гадовую Вольгу Пушкарову за перапост выявы са статыстыкай рэпрэсіяў у Германіі 1933 году і ў Беларусі 2020-га ў мясцовым чаце. На малюнку была нацысцкая сімволіка і выява Аляксандра Лукашэнкі, піша «Свабода».
Акрамя таго, жанчына пашырыла публікацыі забароненага ўладамі Беларусі тэлеграм-каналу Nexta Live з ягоным лагатыпам.
Міліцыя ўгледзела ў дзеяннях маці 2-гадовага дзіцяці
распаўсюд фашысцкай сімволікі і экстрэмісцкіх матэрыялаў, а 28 снежня суддзя
Ўладзімер Жолудзеў аштрафаваў яе на 405 рублёў.
Віну жанчына прызнала, але перакананая: крамолы ў тым, што
яна размяшчала ў чаце, не было. Пакаранне лічыць пераследам за грамадзянскую
пазыцыю.
Патрабавала ад акруговай камісіі вынікаў галасавання па
раёне
Вольга называе сябе апазыцыянеркай і перакананая, што такіх, як яна, у Беларусі цяпер бальшасць. Цікавіцца палітычнымі падзеямі жанчына пачала ў 2010 годзе, а сёлета ўпершыню ў жыцці прагаласавала. Свой выбар спыніла на Святлане Ціханоўскай. Яна не верыць, што ў раёне за Лукашэнку аддалі галасы пад 90 працэнтаў выбарнікаў.
Вольга кажа: пад адміністрацыйны пераслед трапіла праз пільную
ўвагу мясцовай міліцыі да сваёй сям’і. Гісторыя яе стасункаў з супрацоўнікамі
РАУС пачалася 11 жніўня. Тады ля раённай адміністрацыі сабралася грамада
жыхароў Быхава дазнацца вынікі галасавання. Была там і Вольга з мужам
Дзмітрыем.
Да райвыканкаму прыехаў на машыне і 20-гадовы сын Вольгі
Андрэй з уключанай кампазіцыяй Віктара Цоя «Перемен». За ім прыехалі
супрацоўнікі ДАІ. Яны заявілі, што на Андрэевай машыне нібыта ў Магілёве збілі
чалавека і неабходная экспэртыза. Аўтамабіль адправілі на штрафстаянку, а
Андрэя пратрымалі ў міліцыі 2 гадзіны ды адпусцілі.
Па словах Вольгі, ля райвыканкаму намеснік начальніка
раённай міліцыі абвясціў людзям, што іх сход несанкцыянаваны і запатрабаваў
разысціся. Пасля спрэчак дазволіў грамадзе пакінуць чыноўнікам пісьмовы
зварот. Пазней на яго прыйшла фармальная адпіска, прыгадвае Вольга.
Тры дні ў аблозе і абвінавачанне ў неналежным выкананьні
бацькоўскіх правоў
Вольга Пушкарова жыве ў сваім доме і пасля падзей каля райвыканкаму тры дні прабыла ў аблозе. Ёй намагаліся ўручыць позву, каб яна зявілася сведкай у міліцыю ў справе несанкцыянаванага мітынгу.
«У дом яны ўсё ж трапілі, калі муж выйшаў на працу а 7-й
раніцы, — апавядае жанчына. — Міліцыянты заявілі, што ў іх ананімка, у якой
напісана, што я прадаю алкаголь. Гэта была няпраўда, а ім трэба было агледзець
жытло. Шукалі бела-чырвона-белую сімволіку, а яе, на мой сорам, у хаце не
было».
Каля месяца Пушкаровы жылі спакойна, і раптам Вольгай
зацікавіліся з камісіі ў справах непаўналетніх. Інспэктарка абвінаваціла
гаспадыню, што яна кепска выконвае бацькоўскія абавязкі. Вольга прызнаецца:
такія прэтэнзіі яе здзівілі і напалохалі.
«Яны заявілі, што я прыводжу дзіця на несанкцыянаваныя
мітынгі, удзельнікі якіх выкарыстоўваюць апазіцыйную сімволіку: бел-чырвона-белыя
сцягі», — пераказвае абвінавачванне суразмоўца. Па яе словах, інспэктарка
тлумачыла, што высвятляе ўмовы пражывання непаўналетняй на загад раённай
пракуратуры.
Вольга заўважае, што не лічыць бел-чырвона-белы сцяг
апазыцыйным, бо вучылася пад ім. У фае яе школы ён разам з гербам «Пагоня» стаяў
на ганаровым месцы. Паводле жанчыны, інспэктарцы яна заявіла, што не памятае,
калі гэты сцяг забаранілі.
«Пазней мне даслалі паперу, што ў маіх дзеяннях
праглядаецца ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, а ў дзеянні 2-гадовай дачкі іх
няма», — кажа Вольга.
«Тэлеграм-каналы публікуюць праўдзівую інфармацыю пра наша
жыццё»
Абвінавачанне ў распаўсюджанні нацысцкай сімволікі і публікацыяў тэлеграм-каналу Nexta Live з ягоным лагатыпам чарговы раз парушылі спакой сям’і Пушкаровых. Жанчына цвердзіць, што не ведала аб існаванні Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў і адказнасці за выкарыстанне звестак з яго. Яна перакананая: у тым, што размясціла ў тэлеграм-канале быхаўскіх прыхільнікаў пераменаў, была праўда, а не крамола.
Па яе словах, у карцінцы з нацысцкай сімволікай і выявай
Аляксандра Лукашэнкі была пададзена статыстыка, колькі чалавек рэпрэсавалі ў Германіі ў 1933 годзе і ў Беларусі ў 2020-м. Што да публікацыяў з забароненага
тэлеграм-каналу, то экстрэмісцкіх заклікаў у іх не было, настойвае суразмоўца.
Пасля таго, як да яе заявіліся міліцыянты з абвінавачаннем
у супрацьпраўных учынках, згаданыя пасты яна выдаліла.
«Тэлеграм-каналы цяпер публікуюць праўдзівую інфармацыю пра
нашае жыцьцё», — настойвае Вольга.
«Безумоўна, уладзе гэта не падабаецца, і яна лічыць іх
дэструктыўнымі. Але беларускае тэлебачанне даўно займаецца прапагандай. Яно паведамляе тое, чаго няма ў рэальнасці, дык чаму я мушу не верыць незалежным
СМІ і тэлеграм-каналам?» — пытаецца яна.
Штраф роўны дапамозе па доглядзе дзіцяці
На погляд Вольгі Пушкаровай, у Быхаве міліцыя цяпер паволі вылічвае тых, хто выяўляў пратэставую актыўнасць пасьля спаду гвалту сілавікоў. Па яе словах, адна сям’я ўжо вымушана была з'ехаць з райцэнтру, каб уратавацца ад пераследу. Вольга не выключае, што могуць не падоўжыць працоўнага кантракту і з яе мужам.
Яна кажа, што Быхаў горад невялікі і многія баяцца дэманстраваць незадаволенасьць жыццём. Нямала тых хто змірыўся і чакае, што пераменаў дамогуцца за іх.
«У нас жа таксама нямала выходзіла людзей на пратэсты ў
жніўні, — згадвае суразмоўца. — Аднак, тут, у глыбінцы прасцей запалохаць.
Перамены ўсё адно надыдуць. Супакоіць тых хто ўзняўся на пратэст, не ўдасца. У
нас спакой толькі вонкавы...»
Цяпер Вольга ў дэкрэтным водпуску. Да нараджэння дзіцяці
рабіла на дрэваперапрацоўчым прадпрыемстве майстрам лесанарыхтовак. Яна
адзначае, што прысуджаны штраф роўны дапамозе, якая выплачваецца на дачку.
Жанчына пакуль не ведае, ці будзе абскарджваць вырак.
Спадзяецца сплаціць штраф часткамі. Яна настойвае: прысуд не зьменіць яе грамадзянскай пазіцыі і жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю» яна і яе сям’я
не будуць.