«Сустрэну Новы год з бутэлечкай мінералкі». Ігар Лосік працягвае галадоўку ўжо 14 дзён

15 снежня кансультант палітзняволены Ігар Лосік стаў фігурантам новай крымінальнай справы. Яго прызналі абвінавачаным не толькі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку»), але і паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Тады ж ён абвесціў галадоўку.

losik_ihar_1.jpg

Нягледзячы на працяглы ўстрыманне ад ежы, адчувае сябе Ігар Лосік здавальняюча, паведамляе «Беларусь галаўнога мозгу». Спыняцца не мае намеру. Вось, што піша сам Ігар:

«Усіх з надыходзячым Новым годам! Я буду сустракаць яго на трэцім тыдні галадоўкі з бутэлечкай мінералкі.

Адчуваю сябе нармальна, нават нягледзячы на з'яўленне няпрошаных гасцей у выглядзе вошай у нашай камеры. Так што Каляды прайшлі па-своеасабліваму «весела». 4 студзеня Паулінцы спаўняецца два гадкі. Вельмі шкада, што свой дзень нараджэння і Новы год яна будзе сустракаць без таты. Але я думаю пра яе 24 гадзіны ў суткі, і толькі гэтыя думкі даюць мне сіл.

Усім тысячам людзей, якія падтрымліваюць мяне і маю сям'ю, я хачу сказаць дзякуй. Вельмі вам усім удзячны за словы падтрымкі. А я загадаю на Новы год хутчэй абняць дачку і жонку. Больш мне нічога і не трэба. Дзеля гэтага і справядлівасці трымаюся».

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. Ён з'яўляецца адміністаратам тэлеграм-канала «РБ головного мозга» (на сёння амаль 400 тысяч падпісчыкаў). Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.