У Навагрудку асудзілі палітвязняў: адзін атрымаў паўтары гады агульнага рэжыму, другі — 7 гадоў узмоцненага
У судзе Наваградскага раёна 29 снежня вынесены прысуд палітычным зняволеным Уладзіміру Гароху і Дзянісу Кірэшчанку.
Суддзя Васіль
Аляхновіч прызнаў іх вінаватымі (Уладзіміра Гароха — па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368
Крымінальнага кодэксу, Дзяніса Кірэшчанку — па ч.3 арт.293 Крымінальнага
кодэксу) і прысудзіў:
Уладзіміру Гароху — 6 гадоў і 6 месяцаў па ч. 1 арт. 293 і 1
год па арт. 368. Шляхам частковага складання канчатковае пакаранне склала 7
гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзянісу Кірэшчанку — 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Уладзіміра Гароха затрымалі 18 жніўня. Згодна з абвінавачванне, гэтым летам ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі праваахоўнікі. Таксама яго абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі: 14 жніўня ён размясціў у чаце «Навагрудак для жыцця» тры «непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні… якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі». У гэты час яго дзеці былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў у Мінску.
Дзяніса Кірэшчанку затрымалі восьмага жніўнся і абвінавацілі
па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу («Навучанне масавым беспарадкам»). Згодна з
абвінавачваннем, пятага жніўня ў Карэлічах падчас сустрэчы з людзьмі паведаміў
пра магчымасць выкарыстаць ў якасці зброі і аказання супраціву тэлескапічныя
дручкі, а таксама прадэманстраваў, як з імі трэба абыходзіцца. Таксама, згодна
з абвінавачваннем, ён паведміў пра асоб, якія гатовыя ўдзельнічаць у масавых
беспарадках, а таксама пра магчымасць аплаты.
На папярэднім пасяджэнні пракурор запрасіў два гады
пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і восем
гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — для Уладзіміра Гароха.
Абвінавачаныя віну не прызналі.