Калі дзяржава назаве імёны курапацкіх ахвяраў?

Запыт пра тое, калі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь назаве вядомыя ёй імёны курапацкіх ахвяраў, накіраваны Генпракурору Аляксандру Канюку.                            

kurapaty_hp_zvarot_2018_1_logo.jpg


У лісце актывістаў грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, між іншым, зазначаецца, што ў 1997-1999 гадах Генпракуратурай праводзілася дадатковае расследаванне пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
9 лістапада 2001 года старшыня грамадскага аб’яднання “Дыярыуш” Ларыса Андросік звярнулася ў Генпракуратуру з пісьмовай просьбай давесці да грамадскасці асноўныя вынікі гэтага дадатковага расследавання.
У сваім адказе ад 7 снежня 2001 года начальнік аддзела па нагляду за выкананнем закону ў войсках і на транспарце Генпракуратуры, старшы дарадца юстыцыі А.Д.Доўбыш паведаміў, між іншым, наступнае:

"В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрем 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину".

У сувязі з падрыхтоўкай грамадскасцю III дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні” грамадскія актывісты просяць Генпракуратуру адказаць на два пытанні.

Па-першае, калі беларускаму грамадству будуць названыя вядомыя імёны выяўленых супрацоўнікамі Генпракуратуры трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе?

Па-другое, у якім статусе тры вышэйназваныя асобы праходзяць па матэрыялах крымінальнай справы?

Сярод падпісантаў ліста — культуролаг Вацлаў Арэшка, мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

Нагадаем, што ў верасні 2015 году прадстаўнікі грамадскасці звярталіся ў Генпракуратуру з просьбай паведаміць вядомыя ёй імёны расстраляных у Курапатах, аднак атрымалі адказ, што гэтыя імёны аднесены да дзяржаўных сакрэтаў.

Гэты адказ быў абскарджаны ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска, які 6 студзеня 2016 году адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры. Напрыканцы мінулага году ўтойванне імёнаў курапацкіх ахвяраў было абскарджана ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.