Ну што, са Святам Незалежнасці! Лявон Вольскі даў канцэрт да 100-годдзя БНР (фота)
Лявон Вольскі ўсё ж выступіў на 100-годдзе БНР. 24 сакавіка ў мінскім клубе "Бруге" сотні беларусаў пад нацыянальнымі сцягамі сабраліся, каб разам заспяваць песні, якія асацыююцца з той самай незалежнасцю, аб якой мроім не адзін дзясятак год.
Відавочна, што Вольскі ператварыўся ўжо ў кагосьці большага, чым проста беларускага спевака. Усе сабраліся, каб паслухаць Легенду.
Хоць сам ён саркастычна называе гэты канцэрт "адмазачным", але сказаць, што беларусы былі рады такому падарунку на Свята — нічога не сказаць. Хоць канцэрт быў і нечаканы, 600 запрашэнняў (у тым ліку 100 дадатковых) разыйшліся за 55 хвілін! На канцэрце былі ўсе: ад 9-гадовага хлопчыка, спяваючага ўвесь арсенал песен Вольскага на памяць, да дзядулі, які стойка вытрымаў увесь канцэрт на раўне з моладзю. І ведаеце, такая разнамасная публіка глядзелася вельмі гарманічна. Сапраўднае свята, якое аб'ядноўвае ўсіх беларусаў: ад малага да вялікага!
Здаецца, падпевы залы даляцелі не толькі да Партызанскага праспекту. Здаецца, Вольскі наўмысна спяваў тыя самыя хіты "Лёгкія", "Паветраны шар", "Тры чарапахі", "Менск і Мінск" і інш., каб іх гучанне даляцела да праспекту Незалежнасці, а там і да Опернага!
Кульмінацыяй канцэрту стала песня "Героі не паміраюць", якую Лявон Вольскі напісаў спецыяльна да 100-годдзя БНР і прэзентаваў пару дзён таму.
Заўтра 25 сакавіка на Дзень Волі Лявон Вольскі возьме ўдзел у канцэрце каля Опернага тэатру ў Мінску праз тэлемост.
Фота аўтаркі