Амаль усе жанчыны, у якіх хвароба дыягнаставаная на I стадыі, могуць разлічваць на поўнае акрыянне. Нагадваем пра важнае ў рамках «Ружовага кастрычніку»
Кастрычнік – месяц, калі ўвесь свет аб'ядноўваецца дзеля адной мэты: прыцягнуць увагу да ранняй дыягностыкі раку малочнай залозы. Пад ружовымі стужкамі хаваецца напамін аб тым, як важна клапаціцца аб сваім здароўі. Для многіх гэта шанец задумацца: калі я апошні раз праходзіла абследаванне? Як не стаць ахвярай «ціхага ворага»? І што можна зрабіць ужо сёння, каб абараніць сябе і блізкіх?
Рак малочнай залозы як ціхі вораг
Рак малочнай залозы – лідэр сярод анкалагічных захворванняў у жанчын. Статыстыка дае надзвычай сур’ёзныя лічбы: каля 2,3 мільёна новых выпадкаў дыягнастуецца штогод, і амаль 700 тысяч жанчын у свеце гінуць ад гэтай хваробы кожны год. За гэтымі лічбамі – рэальныя лёсы, сем'і, мары і надзеі, якія маглі спраўдзіцца, калі б дыягназ быў пастаўлены раней.
Адзін з найбольш страшных бакоў гэтага захворвання – яго «ціхая» прырода. На ранніх стадыях жанчына можа ўвогуле не адчуваць ніякіх сімптомаў, і толькі рэгулярнае абследаванне здольнае выявіць праблему, калі яна яшчэ паддаецца лячэнню.
Менавіта ў гэтым і заключаецца ідэя «Ружовага кастрычніка» – не даць раку шанцаў дзейнічаць у цені. Гэтая акцыя – заклік спыніцца на імгненне ў шалёным рытме паўсядзённага жыцця і задумацца: калі я апошні раз праходзіла абследаванне? Ці магу я прама зараз зрабіць нешта, каб абараніць сябе?
Ранняя дыягностыка – квіток да выратавання
Калі рак малочнай залозы выяўляецца на I стадыі (гэта значыць, на самым раннім этапе, калі пухліна яшчэ невялікая і не паспела распаўсюдзіцца на лімфатычныя вузлы), пяцігадовая выжывальнасць складае каля 99%.
Гэта азначае, што амаль усе жанчыны, у якіх хвароба дыягнаставаная на гэтай стадыі, могуць разлічваць на поўнае акрыянне. На II стадыі, калі пухліна больш і можа закранаць бліжэйшыя лімфатычныя вузлы, гэты паказчык усё яшчэ высокі – каля 93%.
З кожным наступным этапам развіццё захворвання становіцца больш агрэсіўным, а шанцы на паспяховае лячэнне памяншаюцца. На III стадыі пяцігадовая выжывальнасць зніжаецца да 72%, а на IV стадыі, калі рак ужо распаўсюдзіўся на іншыя органы, – усяго да 22%. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць жорсткую рэальнасць: чым дольш жанчына не ведае аб хваробе, тым складаней адолець «ціхага ворага».
Акрамя падвышэння шанцаў на выжыванне, дыягностыка на ранніх стадыях дазваляе ўжываць меньш агрэсіўныя метады лячэння. Калі рак выяўлены на пачатковых этапах, часта ёсць шанец абмежавацца органазахавальнай аперацыяй (гэта значыць, выдаленнем толькі пухліны, а не ўсіх грудзей). На больш позніх стадыях патрабуецца больш радыкальнае ўмяшанне – мастэктамія (выдаленне малочнай залозы), а часам і камбінаваныя метады лячэння, такія як хіміятэрапія і радыётэрапія.
Большасць жанчын на ранніх стадыях раку малочнай залозы не адчуваюць выяўленых сімптомаў. Пухліна можа расці ціха і бязбольна, пакуль не дасягне значных памераў ці не закране іншыя органы.
Менавіта таму рэгулярныя абследаванні – мамаграфія, УГД і самаабследаванне грудзей – з'яўляюцца найважнейшымі інструментамі прафілактыкі.
Хто ў зоне рызыкі?
Хаця рак грудзей можа развіцца ў жанчын любога ўзросту, верагоднасць яго з'яўлення рэзка павялічваецца пасля 40 гадоў. Статыстыка пацвярджае: каля 80% усіх выпадкаў захворвання дыягнастуюцца ў жанчын старэйшых за 50 гадоў. Гэты ўзроставы парог звязаны са зменамі ў гарманальнай сістэме, якія натуральным чынам адбываюцца ў арганізме. Менавіта таму лекары рэкамендуюць жанчынам старэйшыя за 40 гадоў рэгулярна праходзіць мамаграфію — як мінімум раз на два гады, а часам і часцей.
Калі ў вшай у сям'і былі выпадкі раку малочнай залозы, асабліва ў бліжэйшых сваякоў (маці, сястры ці дачкі), вашыя шанцы на развіццё гэтага захворвання павялічваюцца. У гэтым кантэксце асабліва часта згадваюцца мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2. Жанчыны з такой мутацыяй маюць верагоднасць развіцця раку малочнай залозы да 80%, што значна перавышае сярэднестатыстычны0я рызыкі.
Для тых, у каго ў родзе ўжо былі выпадкі раку, важна прайсці генетычнае тэсціраванне. Калі мутацыя выяўлена, медыцына сёння прапануе прафілактычныя меры – ад больш частых абследаванняў да прафілактычных аперацый. Прыкладам можа служыць вядомая акторка Анджэліна Джолі, якая вырашылася на прафілактычную мастактамію пасля выяўлення гена BRCA1.
Гарманальная тэрапія таксама можа стаць значным фактарам у развіцці раку малочнай залозы. Рызыкі павышаюцца ў тых жанчын, якія доўгі час прымаюць гарманальныя прэпараты – напрыклад, аральныя кантрацэптывы або гармоны, якія выкарыстоўваюцца для палягчэння сімптомаў менапаўзы. Асабліва гэта датычыцца жанчын, якія праходзяць замяшчальную гарманальную тэрапію пасля наступлення менапаўзы. Даследаванні паказваюць, што працяглае выкарыстанне гэтых прэпаратаў можа падвышаць верагоднасць развіцця захворвання.
Ранні пачатак менструацыі (да 12 гадоў) і позняя менапаўза (пасля 55 гадоў) таксама гуляюць сваю ролю. Гэтыя фактары звязаны з павялічэннем часу ўздзеяння эстрагену на арганізм жанчыны, што стварае больш спрыяльныя ўмовы для развіцця ракавых клетак.
Яшчэ адзін менш відавочны, але значны фактар рызыкі – уздзеянне радыяцыі. Жанчыны, якім у дзяцінстве ці юнацтве праводзілася прамянёвае лячэнне з нагоды іншых захворванняў, напрыклад, лімфомы, маюць падвышаныя шанцы на развіццё рака грудзей у сталым узросце. Радыяцыя пашкоджвае ДНК клетак, што можа прывесці да іх злаякаснай трансфармацыі праз гады ці нават дзесяцігоддзі.
Важна таксама памятаць, што насамрэч рак грудзей – непрадказальны. Часта хвароба нападае на тых, хто нават не падазраваў аб магчымасці апынуцца ў групе рызыкі.
Як даць рады з пачуццём трывогі?
У некаторых жанчын думка аб тым, каб пайсці на абследаванне, выклікае страх: «А што, калі знойдуць нешта страшнае?» Але як бы жахліва ні гучаў дыягназ «рак», гэта не прысуд. Сучасная медыцына ступіла далёка наперад, і сёння рак грудзей, выяўлены на ранніх стадыях, лечыцца ў большасці выпадкаў.
Галоўнае – не адкладаць. Ружовы кастрычнік – гэта напамін пра тое, што нельга жыць у страху перад невядомым. Трэба ўзяць кантроль над сваім здароўем ва ўласныя рукі і ўрэшце зрабіць гэты крок да сябе – прайсці абследаванне. Не прапускайце шанец абараніць сваё жыццё.
Калі вам удалося злавіць сябе на думцы, што час прайсці абследаванне – не адкладайце. Няхай ружовы колер стане не толькі сімвалам барацьбы, але і сімвалам вашага здароўя, вашай перамогі над страхам і клопату пра сябе. Бо кожны дзень можа стаць вырашальным, а кожнае абследаванне – магчымасцю падоўжыць жыццё.