«Калі сядзела на Акрэсціна, думала, што з’еду з Беларусі, але цяпер разумею, што не хачу»

Праваабаронца Анісія Казлюк ужо не першы год дапамагае беларусам адстойваць іх правы, але нядаўна ўпершыню сама трапіла за краты. У гутарцы з «Новым Часам» яна распавяла аб праблемах са здароўем, якія займела ў зняволенні, як пражыла 17 сутак без перадач і аб тым, як спецслужбы прымушаюць нас думаць, што «пратэст садзьмуўся».

anisija_kazljuk_fota_jany_trusila__5__logo.jpg


— Я адчуваю сябе добра, таму што выйшла і атрымала вялікую колькасць падтрымкі ад знаёмых і незнаёмых людзей, а яшчэ ў нас была цудоўная кампанія ў камеры, — гаворыць праваабаронца Анісія Казлюк праз пяць дзён пасля адбывання 20-суткавага арышту.
Нягледзячы на тое, што Анісія не першы год займаецца правамі чалавека ў Беларусі, для яе гэта было першае наўпроставае сутыкненне з сістэмай, якую раней называлі праваахоўнай, а цяпер больш пасуе азначэнне карнай.
Пасля вызвалення дзяўчына напісала ў фэйсбуку пра «падарункі», якія прывезла з турмы ў Жодзіна: ногі ў сіняках ад жалезных нараў, мінус 7 кг вагі, пасаджаны імунітэт і знікненне менструальнага цыклу.
— У асноўным на гэта паўплывалі ўмовы ўтрымання, — удакладняе Анісія. — Першыя пяць дзён я сядзела на Акрэсціна ў ІЧУ, там было цёпла. Але на ЦІПе не было ацяплення — я туды не трапіла, але сядзела з дзяўчатамі, якія там былі.
У ізалятары давялося ўдзевяцёх сядзець у трохмеснай камеры, спаць на падлозе і ўабдымку па два чалавекі на ложку.
— Былі моцныя скразнякі, і без куртак знаходзіцца нельга было. Нам не давалі пітной вады, яна была толькі з-пад крана. А ў тым раёне жудасная хларыраваная вада, яна моцна пахне. Але іншага выйсця не было, і мы ўсё роўна яе пілі. Была дрэнная ежа: нас кармілі катлетамі, якія складаліся з рыбных вачэй, хрыбтоў, і яны аж храбусцелі. Мы называлі іх «хрусцяшкі». Не было ні матрацаў, ні сродкаў гігіены. Калі дзяўчаты казалі, што ў іх месячныя, ім прыносілі ком ваты. Потым з'явілася фельчарка, якая прыносіла нам пракладкі.

«Беларускі інстынкт»

Анісію Казлюк, яе мужа Юлія Ільюшчанку, а таксама іх сяброўку швейцарскую журналістку Люцыю Чыркі затрымалі 31 студзеня ў цэнтры Мінска. Яны сустрэліся, каб выпіць кавы. Пасля таго, як некалькі бараў, куды яны хацелі зайсці, аказаліся зачыненымі, кампанія вырашыла пайсці ў «Цэнтральны».
— На святлафоры мы пабачылі бусік. Я кажу: «Люцыя, глядзі: беларускі інстынкт — гэта калі ты бачыш бусік, і ў цябе ўсё сціскаецца». І ў гэты момант з бусіка выходзяць рабяты і затрымліваюць нас.
Анісія гаворыць, што не ведала, што ў той дзень у горадзе адбываліся нейкія акцыі, пра гэта ёй распавялі праз некалькі дзён сукамерніцы на Акрэсціна. Адной з прыкмет удзельнікаў марша 31 студзеня былі ахоўныя медыцынскія маскі, і ў кампаніі Анісіі яны былі.
Спачатку кампанію пакаталі па горадзе, потым адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС. Швейцарскую журналістку неўзабаве вызвалілі, і яна распавяла пра сваё затрыманне. Яе сябрам так не пашанцавала.

anisija_kazljuk_fota_jany_trusila__2__logo.jpg

Увесь час затрыманым не казалі пра тое, што яны затрыманыя, абяцалі правесці прафілактычную гутарку і адпусціць. У міліцыі Анісія патрабавала распавесці пра правы і абавязкі, патлумачыць прычыну знаходжання. На гэта ёй прыгразілі замест аднаго пратакола выпісаць два, калі яна не супакоіцца. Па выніку ёй іх прынеслі: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаванне.
— Людзей у РУУС прымусова дактыласкапіравалі, фатаграфавалі і здымалі на відэа. Я адмовілася праходзіць гэта. Усім, хто адмаўляўся, пагражалі другім пратаколам, таму многія пагаджаліся.
Па словах Анісіі, у РУУС да затрыманых ставіліся без агрэсіі, але і без сімпатыі — абыякава, «проста як да рэчаў, якія трэба апісаць». На просьбы патэлефанаваць родным адказвалі, што «гэта не ў іх кампетэнцыі».

Акрэсціна: сцяг на падлозе, п’яная фельчарка і мужчыны ў касцюмах

Анісію затрымалі ў 14.15, і толькі а першай гадзіне ночы вывезлі з РУУС на Акрэсціна, дзе яшчэ 30 ці 40 хвілін давялося стаяць на вуліцы пад снегам.
— На Акрэсціна на ўваходзе замест палавічкоў ляжаць тры вялікіх бел-чырвона-белых сцяга, і калі ты спрабаваў іх праскочыць ці неяк абысці, да цябе адразу пачыналася агрэсія, мат, замахванні і г.д. У нас сцяг пераскочылі ўсе, і таму афармлялі даволі непрыемна. Таксама нас сустрэла абсалютна нецвярозая фельчарка, яна не магла нават стаяць на нагах.  
Вязняў распхалі па «стаканах» і потым доўга вырашалі, куды падзець затрыманых дзяўчат. У той час была вольная пяцімесная камера і трохмесная. Як ужо згадвалася вышэй, дзевяць затрыманых увапхнулі ў трохмесную камеру: сказалі, што большая — не для іх.
— На наступную раніцу нас не пакармілі сняданкам, не выдалі матрацы. Я ўвесь час пыталася, а ці выдадуць нам іх, ці выключаць святло. Першы час у нас не было нават туалетнай паперы — нам яе адмотвалі і выдавалі па кавалачку. Толькі на другі ці трэці дзень нам выдалі рулон. Не аддавалі зубныя шчоткі, не дазвалялі браць майткі, калі ў кагосьці былі ў сумках.

anisija_kazljuk_fota_jany_trusila__3__logo.jpg


Амаль ва ўсіх час суда стараліся зацягнуць да максімальна магчымага тэрміну затрымання — 72 гадзін. Анісію асудзілі на 74 з паловай гадзіне, нягледзячы на тое, што гэта парушэнне.
— Суддзя сваімі пытаннямі сама разбурыла сведчанні хлопца ў балаклаве, які нібыта мяне затрымліваў. Я была ўпэўнена, што ў мяне будзе альбо штраф, альбо папярэджанне, хаця не спадзявалася, што суддзя скажа, што затрыманне было незаконным.
Першы раз справу Анісіі адправілі на дапрацоўку. Пасля гэтага яе маглі адпусціць да новага суда, але супрацоўнікі РУУС сказалі, што яна не выйдзе. На наступны дзень ёй далі 20 сутак. Арышт з усёй камеры прысудзілі толькі Анісіі і яшчэ адной жанчыне.
— Свае суткі я звязваю са сваёй дзейнасцю. Я думаю, што гэта не сышло ад іх увагі, — гаворыць Анісія.
Яна ўзгадвае, што на Акрэсціна прыходзілі «мужчыны ў касцюмах», якія па адной выклікалі дзяўчат «на размову».
— У суседняй камеры дзвюх дзяўчат выклікалі, і яны вярнуліся ў слязах. Потым іх проста адпусцілі.Мужчыны не прадстаўляліся і пасведчанняў не паказвалі, таму Анісія не ведае, хто гэта быў, але мяркуе, што прадстаўнікі ГУБАЗіК ці КДБ. Яны прапаноўвалі зняволеным супрацоўніцтва.
— Хтосьці казаў, што іх прасілі распавядаць пра тое, што адбываецца ў закрытых чатах, кагосьці прасілі пісаць у іх паведамленні кшталту «Навошта вы ходзіце, пратэст садзьмуўся» і г.д. Улічваючы, што праз іх праходзіць вялікая колькасць людзей, якім пагражаюць пастаяннымі суткамі і асаблівай увагай, я падазраю, што многія згаджаюцца. І ўсё ныццё ў фэйсбуку адносна таго, што «пратэст садзьмуўся», я пакуль звязваю толькі з такой працай.
Але ні саму Анісію, ні яе мужа чамусьці на такія размовы не выклікалі.

«Не знайшлі нармальных мужыкоў — вось і ходзяць на мітынгі»

Праз пяць дзён на Акрэсціна дзяўчыну павезлі на Жодзіна. Там сітуацыя была крыху лепшай: былі матрацы, нармальная ежа і 10 чалавек у 10-меснай камеры. Хоць там не зачынялася вакно, і праз скразняк Анісія атрымала кашаль. Таксама ў Жодзіна да дзяўчат у камеру перавялі хворую суседку, у якой некалькі дзён таму пацвердзіўся кавід.
Анісія па выхадзе таксама здала тэст на каронавірус, ён аказаўся адмоўным. Але ў Жодзіна яна хварэла, у яе была тэмпература, таму цяпер яна плануе здаць тэст на антыцелы. Да таго ж муж Анісіі, якога затрымалі разам з ёй, выйшаў пасля 16 сутак з двухбаковай пнеўманіяй. Суразмоўца гаворыць, што іх там трымалі «кавіднай» камерай.
— Яму не перадавалі лекі, хаця родныя іх аддалі і іх прынялі, проста да яго яны не дайшлі. Бацька з братам сустракалі яго, і цяпер у бацькі тэмпература.
Па словах дзяўчыны, персанал у жодзінскай турме адрозніваецца тым, што звыклы ахоўваць злачынцаў, таму распарадак быў больш жорсткі: калі нехта заходзіў у камеру, трэба было ўстаць, пакласці рукі за галаву, развярнуцца тварам у сцяну. Удзень не дазвалялі нічога сцяліць на жалезную лаву і ложак. На ложку ў прынцыпе нельга было сядзець, але з улікам таго, што ў камеры было 10 чалавек, а лавы змяшчаюць 6, часам дазвалялі.
Сярод усіх супрацоўнікаў асабліва вылучаўся адзін маёр, які прыходзіў і распавядаў, што ён 25 гадоў у шлюбе, а дзяўчаты проста «не знайшлі сабе нармальных мужыкоў», таму ходзяць на мітынгі. Калі ў зняволеных была патрэба ў меддапамозе, доктара ім не выклікалі, але перадавалі па іх просьбах іх таблеткі, якія віселі на ручцы дзвярэй з адваротнага боку.

anisija_kazljuk_fota_jany_trusila__4__logo.jpg

З плюсаў у Жодзіна была нармальная пітная вада, праз дзень-два вадзілі на шпацыр і ў душ. Суразмоўца гаворыць, што такое стаўленне было толькі да жанчын, і тое не з усіх камер. Яе муж, напрыклад, за ўвесь свой тэрмін толькі два разы трапіў у душ. Суд пакараў яго 25 суткамі, хаця ў яго гэта таксама было першае затрыманне. Але прысуд удалося абскардзіць у Мінгарсудзе: пастанову адмянілі, і праз 16 сутак яго адпусцілі. Праўда, наперадзе яшчэ пераразгляд справы.
Юлій Ільюшанка не быў адзіным, каму скасавалі прысуд.
— У нас у суседняй камеры аднойчы адчыніліся дзверы, і канвойны паклікаў адну дзяўчыну «на выхад». Яна запытвае: «Навошта?». Той кажа, што суд адмяніў пастанову, яна невінаватая. А дзяўчына кажа: «Я нікуды не пайду». У выніку яе вывелі. Яшчэ на Акрэсціна са мной стаялі чатыры хлопцы, чакалі суда, але праз 72 гадзіны іх адпусцілі.

У турме вельмі лёгка маніпуляваць чалавечай годнасцю

Самым цяжкім маральным выпрабаваннем для Анісіі стала Акрэсціна.
— Тое, як да цябе звяртаюцца, што ты адчуваеш сябе рэччу ў чужых руках, нішчыць тваю чалавечую годнасць. На трэція суткі я засумнявалася ў тым, што ўсё гэта вытрымаю. Таму, калі нас перавезлі ў Жодзіна, я выдыхнула.
У першы ж вечар у Жодзіна зняволеных пакармілі нармальнай ежай, яны маглі спаць у ложках з матрацамі і бялізнай і адчуваць сябе людзьмі. А 17 лютага на Жодзіна дазволілі перадачкі: у камеру прынеслі духмянае мыла, перадалі ежу.
— Я аналізавала свой стан і стан сваіх сукамерніц, і мяне моцна ўразіла, як лёгка можна маніпуляваць чалавечай годнасцю і прымусіць цябе адчуць сябе нейкім не такім, падпарадкаваным, абавязаным ім чымсьці, — заўважае суразмоўца. — Сняданак быў а 5.30 — 6 ранку, а абед толькі а 14-ай гадзіне, і потым вячэра а 18-ай. На сняданак — толькі каша і гарбата. Я да 17 чысла жыла без перадачак і пастаянна знаходзілася ў стане голаду. Я не высыпалася, бо хацела есці.
Каб захаваць актыўнасць, дзяўчаты ў камеры штодня стараліся хадзіць па 10 000 крокаў — пры тым, што ўся камера была ахопам у 23 крокі Анісіі. Калі выводзілі на прагулкі, 10 чалавек у камеры памерам 2х4 метра гулялі ў даганялкі і снежкі.
За ўвесь час Анісіі перадалі толькі адзін ліст, хаця яе сукамерніцам перадавалі. Яе прымушалі адчуваць сябе пакінутай, але яна працягвала верыць у тое, што пра яе не забыліся — і гэта дапамагала трымацца. Таксама вельмі важнай была падтрымка сукамерніц.

«Баялася, што гэта можа здарыцца, але цяпер ведаю, што гэта не страшна»

Суразмоўца прызнаецца, хоць і займалася правамі чалавека, і збірала гісторыі тых, хто пабываў у зняволенні ў жніўні, ніколі не думала, што сама калісьці трапіць за краты. Таму апынуцца на месцы тых, чые сведчанні запісвала, для яе было нечакана.
— Для мяне гэта было крыху як гульня: а як будзе, калі я зраблю гэта ці гэта? І, напэўна, таму, што я не ўспрымала гэта ўсё канчаткова ўсур’ёз, дапамагло мне ўсё вытрымаць з найменшымі ахвярамі. Плюс я тэставала ўсе тыя рэчы, па якіх раней кансультавала людзей: што трэба выклікаць доктара, прасіць асадкі і паперу. Таму для мяне гэта быў такі квэст. Канешне, я не хачу туды яшчэ раз трапляць, але не магу сказаць, што гэта немагчыма вытрымаць. Я вельмі баялася, што гэта можа са мной здарыцца, але цяпер я ведаю, што гэта не страшна.
Анісія падкрэслівае, што ў сучаснай Беларусі да арышту трэба быць гатовым кожнаму і кожнай і не баяцца — бо гэта несмяротна. Яна раіць тым, хто трапіў за краты, максімальна падтрымліваць тых, хто побач. Таксама важна не зацыклівацца на падліку дзён зняволення — іначай яны будуць здавацца бясконцымі.
Досвед зняволення змяніў стаўленне Анісіі да таго, што яна мае ў жыцці.
— У камеры не было нічога, што б смачна пахла. Таму, калі прыходзіў ліст, папырсканы парфумай, яго ўвесь вечар усе нюхалі.
Таксама арышт дапамог ёй змясціць фокус увагі ў прафесійнай дзейнасці: на што трэба звяртаць увагу пры абскарджваннях тых ці іншых дзеянняў.
— Я буду прасоўваць ідэю аб тым, што трэба адмаўляцца ад дактыласкапіі, бо гэта мусіць быць абсалютна ваша добраахвотнае рашэнне. Я рабіла сабе пазнакі наконт умоваў утрымання і цяпер буду пісаць скаргі.
Яна мяркуе, што пісаць скаргі на судовыя пастановы і парушэнні вельмі важна нават ва ўмовах, калі закон не працуе.
— Гэта, як мінімум, дае ім лішнюю працу, і ў наступны раз яны задумаюцца — затрымаць 25 чалавек, ці 10, каб паспець усіх аформіць. Плюс мы фіксуем праблемы і прозвішчы людзей для наступных працэсаў — люстрацыі і рэформаў, — мяркуе Анісія Казлюк. — Таксама, мне здаецца, гэта мае і пэўныя вынікі. Першыя сем сутак у Жодзіна нас кармілі ежай выключна з кіслай капусты. Людзям, у якіх былі праблемы са страўнікам, было вельмі цяжка, яны не маглі есці нічога, апроч кашы, хлеба, кісялю і гарбаты. Потым у адзін выдатны дзень, пэўна, чакалі нейкую праверку — выдраілі ўвесь калідор і нам далі «макарону па-флоцку» — макароннае месіва з тушанінай і морквай. І з таго дня нас пачалі карміць боль-менш нармальна. Я лічу, што гэта быў вынік таго, што людзі, выходзячы, пісалі скаргі.

anisija_kazljuk_fota_jany_trusila__1__logo.jpg

Аднак затрыманне і арышт не толькі ўзбагацілі праваабаронцу новым досведам, але і пакінулі непрыемныя сляды. Апроч згаданых у пачатку артыкула праблем са здароўем, Анісія пасля арышту не можа заснуць без святла, паколькі ў камеры яго не выключалі ніколі. Яна распавядае, што ў турме ад пастаяннага святла некаторых пачалі мучыць кашмары. «Гэта наўпроставыя катаванні», — гаворыць дзяўчына. Катаваннямі яна называе і тое, што ўпершыню трапіць у душ змагла толькі праз тыдзень пасля затрымання. І калі ва ўмовах Акрэсціна ў камеры была гарачая вада, то ў Жодзіна — толькі халодная, і «памыцца» можна было, толькі нагрэўшы на батарэі ваду ў бутэльцы.
Пасля зняволення ў Анісіі пачало балець сэрца. Таксама яна цяпер не адчувае сябе ў бяспецы, баіцца выязджаць у горад, у яе з’явіўся страх бусаў і маршрутак.
— Калі сядзела на Акрэсціна, я думала, што з’еду з Беларусі, — шчыра кажа Анісія. — Але цяпер я разумею, што не хачу з’язджаць. Я буду працягваць сваю дзейнасць. Я перажыла гэты досвед, ён быў цярпімы, але гэта не нагода для таго, каб перастаць займацца правамі чалавека.
Дзяўчына прызнаецца, што не чакала такой дэвальвацыі права ў Беларусі, бо да выбараў дзяржава хаця б імкнулася рабіць выгляд, што права існуе.
— Мяне хвалюе, што цяпер Беларусь стане самай траўмаванай псіхічна нацыяй. У мяне няма адказу, што з гэтым рабіць, але я ведаю, што нам яшчэ прыйдзецца нейкі час жыць пад гэтай акупацыяй. Але нашая задача — выйсці з гэтага з мінімальнымі стратамі. Прапаноўваюць супрацу — пагаджаешся, потым выходзіш, распавядаеш пра гэта, выдаляешся з чатаў, магчыма, з’язджаеш з краіны. Класці сябе на алтар рэвалюцыі — бессэнсоўна, не трэба выгараць, — перакананая Анісія.
Яна заклікае працягваць мірны пратэст, бо гэта адзінае, што мы можам рабіць. Але яна верыць, што змены ў Беларусі наступяць цягам гэтага года.
— Па тых умовах, у якіх я знаходзілася, я бачу, што ў іх — жудасная неўкамплектаванасць кадраў, яны нават канвойных камандзіруюць з іншых гарадоў. Нас ахоўваў хлопец з Нясвіжа. Ім недаплачваюць, бо дзяўчаты распавядалі, што яны абмяркоўвалі свае разліковыя і абураліся. Яны таксама вельмі незадаволеныя сваёй працай, і калі мы там, на нас ускладзена вялікая місія па іх ачалавечванні праз размовы, — гаворыць Анісія. — Я недзе прачытала, што гэта — як трэці трыместр цяжарнасці. І нам абавязкова трэба нарадзіць.
Фота Яны Трусіла