Калі страйкоўцы не ўступяць у перамовы з Лукашэнкам, яны могуць перамагчы

Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале не выключае, што ў перамовы з страйкоўцамі ўступіць і сам Лукашэнка.

izobrazenie_viber_2020_08_14_15_46_22_logo_1_1__1__1.jpg


У красавіку 1991 году, калі распачаўся ўсебаларускі страйк і на другі дзень на першае месца выйшлі палітычныя патрабаванні (адстаўка пракамуністычнага Вярхоўнага Савета), страйкоўцы мелі неблагія шанцы дамагчыся сваіх мэтаў. Гэта стала зразумела, калі рабочыя Оршы селі на рэйкі, і рух па найважнейшых чыгуначных магістралях еўрапейскай часткі СССР спыніўся.
У тыя дні адна частка стачкаму выступала за страйк да поўнай перамогі, іншая — за перамогу праз спалучэнне страйку і перамовы з уладамі. Уцягнуць рабочых у дыскусіі і перамовы, як потым выявілася, было галоўнай мэтай кіраўніцтва ЦК КПБ. У выніку, былі паднятыя заробкі і зніжаныя цэны, ніводнага палітычнага патрабавання задаволена не было, а праз нейкі час цэны ўзнялі яшчэ болей.
Падобна, што такая ж тактыка абраная ўладамі і цяпер. На прадпрыемствы ўжо пайшлі прадстаўнікі адміністрацыі і штатныя «ідэолагі». Не выключана, што ў перамовы ўступіць і сам Лукашэнка.
Поспех цяперашніх страйкоўцаў будзе залежыць не столькі ад маштабу страйку, колькі ад таго, ці ўдасца страйкоўцам не паддавацца на ўгаворы і перамовы да выканання галоўнага патрабаваньня — адстаўкі Лукашэнкі.