Канфіскацыя жылля за "экстрэмізм": Гэта законна? Ці можна абараніць уласнасць? Спыталі ў юрыстаў
Вінаватых у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь могуць аштрафаваць на суму ад трыццаці да тысячы базавых велічынь, то-бок ад 1200 да 40 тысяч рублёў. А за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання» альбо ўдзел у ім грашовае пакаранне сягае завоблачных вышынь — 50 тысяч базавых велічынь, то-бок два мільёны рублёў.
БТ паказала сюжэт пра тое, як сілавікі адбіраюць кватэры беларусаў, што з’ехалі з краіны. «Люстэрка» спытала ў юрыстаў, якія фармальныя падставы ёсць ва ўладаў для такіх дзеянняў, што ў такой сітуацыі рабіць людзям, кватэры і іншая ўласнасць якіх у Беларусі цяпер могуць быць арыштаваныя, і ці ёсць шанцы абараніць сваю маёмасць.
Усё паводле закона
З фармальнага пункту гледжання, накладаючы арышт на нерухомасць беларусаў, улады закон не парушаюць, тлумачыць «Люстэрку» былы адвакат, які бараніў многіх вядомых палітвязняў. Юрыст кажа, што гэтае пытанне рэгулюецца арт. 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі. Згодна з ім, следчы можа прыняць рашэнне накласці арышт на маёмасць падазраванага па крымінальнай справе, калі гэта неабходна для забяспечання выплаты ім штрафу ці кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам.
— Пасля правядзення следства ў судзе можа быць вынесены абвінаваўчы прысуд, паводле якога чалавеку акрамя пазбаўлення волі прызначаць яшчэ і велізарны штраф, — тлумачыць экс-адвакат. — Нават калі гэты чалавек знаходзіцца за мяжой, дзяржава будзе спрабаваць нейкім чынам штраф ад яго атрымаць. Калі на банкаўскіх рахунках у Беларусі нічога няма, арыштаваная маёмасць будзе канфіскаваная і прададзеная ў кошт выплаты штрафу.
Касмічныя штрафы «за экстрэмізм»
Абвяшчаючы пра папаўненне спісу падазраваных па так званай справе «беларусаў замежжа», Следчы камітэт паведаміў, што дзеянням фігурантаў дадзеная прававая ацэнка ў межах арт. 361−1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) і арт. 369−1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Памеры штрафаў акрэслівае арт. 50 Крымінальнага кодэкса. Калі чалавек будзе прызнаны вінаватым у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, яго могуць аштрафаваць на суму ад трыццаці да тысячы базавых велічынь, то-бок ад 1200 да 40 тысяч рублёў.
А вось за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання» альбо ўдзел у ім грашовае пакаранне сягае завоблачных вышынь. Максімальны памер штрафу — 50 тысяч базавых велічынь, то-бок два мільёны рублёў.
Нагадаем, кватэра Святланы і Сяргея Ціханоўскіх была прададзеная судовымі выканаўцамі за 203 тысячы рублёў, а жыллё Валерыя і Веранікі Цапкалаў пайшло з малатка за 395 тысяч. Атрымліваецца, што ў выпадку прызначэння максімальнага штрафу «за экстрэмізм» нават канфіскацыя кватэры не дапаможа прызнаным «вінаватымі» пагасіць «даўгі» перад дзяржавай, і яны застануцца даўжнікамі, відаць, да канца жыцця.
Аналагічнай можа быць сітуацыя і ў выпадку, калі суд прызнае, што ў выніку сваёй дзейнасці чалавек нанёс шкоду «стратэгічным нацыянальным інтарэсам». Праўда, як гэтая шкода будзе пералічаная ў грошы, не вельмі зразумела.
— Складана прагназаваць, да якой мяжы можа дайсці фантазія тых, хто цяпер раскідваецца такімі абвінавачаннямі, — кажа «Люстэрку» дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Крысціна Рыхтэр. — Не выключаю, што яны могуць у сваёй галаве вывесці нейкую «шкоду», што давала б права абярнуць спагнанне на арыштаваную і апісаную маёмасць фігурантаў гэтай крымінальнай справы.
Калі ў кватэры жывуць дзеці і іншыя члены сям'і
У дадатку да Закона «Пра выканаўчую вытворчасць» ёсць пералік маёмасці, якая не можа быць канфіскаваная. У яго першым пункце выразна сказана, што нельга забраць жыллё, у якім пастаянна пражывае даўжнік або яго сям’я.
Кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў былі канфіскаваныя і прададзеныя з аўкцыёнаў нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя няпоўнагадовыя дзеці палітыкаў. То-бок канфіскацыю нерухомай маёмасці правялі незаконна, кажа Крысціна Рыхтэр.
Арышт на нерухомасць беларусаў, якія з’ехалі з краіны, накладаюць нават тады, калі ў ёй жывуць члены іх сем’яў. Ва ўчарашнім сюжэце дзяржТБ расказалі пра адзін з такіх выпадкаў. Прапагандыст Ігар Тур прывёў прыклад кватэры журналіста-фрылансера Дзмітрыя Казакевіча, у якой жыве маці беларуса, што з’ехаў з краіны.
— Калі ўмоўна ў кватэры Казакевіча пражывае мама Казакевіча, да мамы пытанняў няма, яна не нясе адказнасці за злачынствы сына, але кватэра ўсё роўна забіраецца, — паведаміў супрацоўнік прапагандысцкага рэсурсу.
— Беспакаранасць нараджае яшчэ большую беспакаранасць, — каментуе пагрозы Крысціна Рыхтэр. — Цяпер тыя, хто выносіць неправасудныя прысуды па крымінальных справах і задзейнічаныя ў канфіскацыі маёмасці, адчуваюць сваю ўсёдазволенасць. Таму чакаць спынення такіх рэпрэсіўных практык, на жаль, пакуль не даводзіцца.
Ісці ў суд? А ўніверсальная юрысдыкцыя дапаможа?
Што ж рабіць беларусам, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны, але застаюцца на радзіме ўладальнікамі маёмасці, якая можа быць у любы момант арыштаваная, а потым і пушчаная з малатка? Экс-адвакат кажа, што варыянтаў тут няшмат.
— Падаваць на Беларусь у які-небудзь еўрапейскі суд сэнсу няма, бо гэта іншая юрысдыкцыя, то-бок судовыя ўлады краіны Еўрасаюза не могуць прымусіць Беларусь выконваць іх рашэнне, — тлумачыць юрыст.
Паводле яго, можна яшчэ спрабаваць звяртацца ў суды на тэрыторыі Беларусі, але рабіць гэта, не маючы магчымасці ўехаць у краіну, будзе вельмі праблематычна.
— У цэлым я б даў такую агульную рэкамендацыю: пастарацца своечасова прадаць сваю маёмасць, а калі ўжо пачаліся нейкія працэсы, то не рэагаваць на тое, што адбываецца. Няма ніякай практычнай карысці ў тым, каб паведамляць дзяржаве, што чалавек ведае пра намер уладаў забраць яго маёмасць, — дадае суразмоўца.
Нельга прыцягнуць беларускія ўлады да адказнасці за незаконны арышт або канфіскацыю маёмасці і па працэдуры ўніверсальнай юрысдыкцыі, якая дазваляе дзяржавам заводзіць крымінальныя справы незалежна ад месца здзяйснення злачынства, грамадзянства абвінавачаных і пацярпелых.
— Трэба разумець, што магчымасці падачы заяваў пра завядзенне крымінальных справаў па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі не бязмежныя. Гэты механізм быў прыдуманы для няўхільнасці адказнасці за самыя сур’ёзныя злачынствы (ваенныя, злачынствы супраць чалавечнасці). Заканадаўства розных краін што да магчымасці падачы такога роду заяваў таксама адрозніваецца, — тлумачыць Крысціна Рыхтэр.
Шанец на справядлівасць
І ўсё ж шанцы на аднаўленне справядлівасці хоць і ў будучыні, але ёсць. Доказ гэтага — працэдуры рэстытуцыі, якая праходзіла ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ў некаторых краінах былога сацыялістычнага лагера і СССР.
Пра гэта ў каментары «Люстэрку» казала і Святлана Ціханоўская пасля продажу судовымі выканаўцамі мінскай кватэры яе сям'і.
Дарадца палітыка Крысціна Рыхтэр нагадвае, што юрысты дэмакратычных сіл распрацавалі «Канцэпцыю кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам», у якой закладзеныя прававыя асновы механізмаў вяртання незаконна канфіскаванай маёмасці.
— Безумоўна, адной з задач у перыядзе пераходу Беларусі ад дыктатуры да дэмакратыі будзе аднаўленне ў правах тых, хто пацярпеў ад палітычна матываванага пераследу. Гэта ж датычыць і вяртання маёмасці, забранай у ахвяр рэпрэсій, — упэўненая Рыхтэр.