«Колькі можна ўжо?» Бацькі — пра ініцыятыву Лукашэнкі змяніць рэжым працы дзіцячых садкоў

На сустрэчы з актывам праўладнага Беларускага саюза жанчын Лукашэнка прапанаваў «упарадкаваць» дзіцячыя садкі. Ён прапанаваў «паглядзець на рэжым працы» і «падладжвацца пад бацькоў». Але не ўсе бацькі маленькіх беларусаў узрадаваліся.

_ljudzi___vulica___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Спачатку Лукашэнка пахваліў улады і сябе за тое, што ў бясконцым клопаце пра сем'і «далі» маці мноства прэферэнцый: няпоўны працоўны час, гнуткі графік, працяглыя дэкрэтныя адпачынкі, дапамогі на дзіця з тэндэнцыяй да павелічэння, «сотні льгот» — а потым дадаў, што гэта «толькі пачатак».

На чарзе — дзіцячыя сады і пачатковыя школы, якім прапанавана падладжвацца пад бацькоў, маўляў, толькі нараджайце, а дзяржава працягне падтрымліваць мацярынства і дзяцінства.

«Салідарнасць» спытала ў беларусаў, як яны ставяцца да абяцанняў «самай-самай сацыяльнай дзяржавы» і ці палегчыць іх жыццё магчымае змяненне рэжыму працы дзіцячых садкоў.

«Каму стала лепш?»

— Шчыра кажучы, усе гэтыя паляпшэнні і «ўтрасванні» выклікаюць пачуццё бясконцай стомленасці, — уздыхае мама дваіх дзяцей-пагодак Аляксандра (імёны ўсіх суразмоўцаў зменены — С.). — Здаецца: колькі можна ўжо — але ж пабягуць выконваць чарговыя распараджэнні, і ўсё нібыта дзеля дабра дзяцей і бацькоў!

Мы ж гэта ўжо праходзілі: памятаеце, як гадоў шэсць таму (у 2017 годзе — С.) у школах адкарэктавалі час пачатку заняткаў, перанеслі ўрокі на паўгадзіны-гадзіну пазней, таму што сёй-той асабліва блізкі да Лукашэнкі не мог прачнуцца і прыйсці да васьмі?

Ну і што, лепш ад гэтага стала? Ці дзеці сапраўды паспалі больш? Дык не. Можа, тыя, хто жыве ў суседнім са школай доме, і падрамалі лішнія 15-20 хвілін — а тыя, каму далёка ісці ці ехаць паўгадзіны з перасадкамі, як уставалі рана, так і працягнулі. І бацькам, натуральна, працоўны дзень пад школы не падбудавалі, так што большасць проста прывозіла малых значна раней, і яны сноўдаліся па школе, а дзяжурных педагогаў абавязалі прыходзіць раней, каб захаваць нейкую бачнасць парадку і нагляду.

З-за гэтага дзеці не спалі больш, а проста даўжэй знаходзіліся ў школе, пры гэтым скараціліся перамены, прыйшлося перакройваць рэжым гурткоў, секцый, рэпетытараў, абедаў, урэшце. Карацей, каму стала лепш? Нікому. Ці, можа, толькі Колю Лукашэнку.

Але цяпер жа Коля ўжо вырас, а да сваіх дзяцей яму ранавата, так што не зусім зразумела, чаму зноў пачаліся размовы пра паляпшэнні.

Унутрана я проста з жахам чакаю чагосьці падобнага, і часам хочацца ў голас завыць: адстаньце ўжо і ад садкоў, і ад школ, і ад бацькоў, і ад дзяцей!

Глядзіце таксама

«Як улады насамрэч ставяцца да дзяцей, можна бачыць па забеспячэнні дзіцячых садкоў»

— Калі ўлады хочуць нешта зрабіць, яны робяць, не лічачыся з чыёйсці выгодай або выдаткамі, а калі не хочуць — знаходзяць тысячу прычын і адгаворак, каб абяцанні так і заставаліся абяцаннямі.

Таму, напрыклад, устаноўка ў школах турнікетаў і відэаназірання безальтэрнатыўна ідзе па ўсёй краіне, а прыватныя дзіцячыя садкі, пра якія так шмат казалі чыноўнікі, і тым больш прыватныя школы — нешта з разраду цмокаў: быццам калісьці былі, але гэта не дакладна, — эмацыйна кажа мінчанка Святлана, якая выхоўвае сына адна. — І я практычна ўпэўненая, што Лукашэнка, як і шмат разоў да гэтага, казаў пра рэжым працы дзіцячых садкоў і малодшых класаў, проста каб чымсьці зачапіць.

А галоўным у яго словах быў усё той жа заклік «нараджаць пабольш», які мы чуем не першы год.

Толькі мужчына, прычым той, хто не сутыкаўся з гэтым на практыцы, будзе казаць «нараджайце больш» і распавядаць, як шмат у нас робіцца для маці — пры тым, што ў чаргу на садок у Мінску трэба станавіцца адразу пасля нараджэння дзіцяці, каб патрапіць хай у перапоўненую групу, але хаця б недалёка ад дома.

Толькі той, хто не ведае пра дэфіцыт кадраў у дзіцячых садках, можа так лёгка казаць пра тое, што ім трэба падладжвацца пад бацькоў — фактычна, працаваць яшчэ больш, але за тыя ж грошы.

Хоць у нашым і навакольных садках загадчыкі, па маіх назіраннях, бяруць ужо не педагогаў па адукацыі і прызванню, а каго-небудзь з каляпедагагічным дыпломам.

Суразмоўніца «Салідарнасці» праводзіць красамоўныя паралелі:

— Як улады на самай справе ставяцца да дзяцей, можна бачыць па забеспячэнні дзіцячых садкоў, у якіх пастаянна нешта падфарбоўваецца і падмазваецца сваімі сіламі, асфальт у ямах з часоў майго дзяцінства, пясок дзецям даводзіцца выпрошваць, а ваду і туалетную паперу-закупляць бацькам.

Наўрад ці работнікі раённага аддзела адукацыі, а тым больш адміністрацыі Лукашэнкі, ходзяць на працу са сваёй туалетнай паперай і пітной вадой, праўда?

Ці яшчэ можна параўнаць, як выглядаюць дзіцячыя сады, а як — аддзелы пракуратуры і СК. Дзе будынкі зіхацяць шклом і хромам, абсталяваны найноўшымі ахоўнымі сістэмамі, а дзе фарбаваныя ў незразумелыя колеры, абнесеныя плотам-сеткай або агароджай з дзіркамі, праз якія свабодна праходзіць трохгодка, і брамка на зашчэпцы.

Таму, паўтаруся, што б ні было сказана і абяцана ў гэты раз бацькам — гэта застанецца проста словамі.

Глядзіце таксама

«Гэтая песня добрая, пачынай спачатку»

Дзеці Максіма з Брэста ўсяго пару гадоў як перайшлі з дзіцячага садка ў школу. Таму ўспаміны пра арганізацыю працы дашкольных устаноў, кажа ён, яшчэ жывыя ў памяці, і нічога добрага ад прапановы кіраўніка суразмоўца не чакае:

— Уключым простую логіку і матэматыку. Дзіцячыя садкі працуюць па 10,5 — 12 гадзін, і нават па законе прымусіць выхавальнікаў і нянечак працаваць даўжэй проста нельга, ды й чыста па-чалавечы: вы даверыце сваё дзіця чалавеку, які працуе больш паўсутак і да вечара на нагах не стаіць?

Калі «падладжваць рэжым пад бацькоў» — усе бацькі працуюць па-рознаму: хтосьці пазменна, хтосьці ў ноч, у кагосьці плавае графік, у кагосьці камандзіроўкі, а хтосьці на ўдалёнцы. Гэта значыць, падбудавацца пад усіх азначае ці ледзь не кругласутачны рэжым працы.

Дзе ўзяць для гэтага, па-першае, дастатковую колькасць выхавальнікаў і памочніц, а па-другое, грошай для годнай аплаты іх працы? Будзем сумленныя, гэта немагчыма ні фізічна, ні эканамічна, нават у куды больш развітых краінах, чым Беларусь.

Максім, дарэчы, успомніў яшчэ аб адной прама процілеглай ініцыятыве беларускіх уладаў:

— Дзесяць гадоў таму, калі ў дзіцячы сад хадзілі яшчэ не мае дзеці, а плямяшка, «добрая і клапатлівая» дзяржава (у асобе тагачаснага віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка — С.) хацела абавязаць бацькоў дзяцей ад трох гадоў, і тых, каму ўжо споўнілася шэсць, цалкам аплачваць дзіцячы сад, у сэнсе па «поўных» расцэнках, якія налічылі чыноўнікі — каб гэтыя дзеці не займалі нібыта чужыя месцы і дзяржава «зэканоміла».

А цяпер з дэмаграфіяй, мабыць, зусім бяда, і зноў пачуліся заклікі пладзіцца і размнажацца — гэтая песня добрая, пачынай спачатку.

Глядзіце таксама

«Скарыстаюцца гэтым зусім не тыя, каму насамрэч трэба»

Сыны Ірыны Адамаўны ўжо дарослыя, але пра сітуацыю ў беларускіх дзіцячых садках жанчына ведае не па чутках, як-ніяк, амаль 20 гадоў працы выхавальнікам за плячыма. Таму яна можа ацаніць сітуацыю, скажам так, з процілеглага боку.

— Нават калі не казаць пра падзеі апошніх гадоў, што «за палітыку» нямала добрых выхавальнікаў і загадчыкаў звольнілі, і што ў садках стала значна больш ідэалогіі, і многім бацькам гэта, мякка кажучы, не ў радасць.

З яселькамі і садамі ў нас заўсёды што-небудзь не ў парадку: і жыллё будуюць хутчэй, чым новыя дзіцячыя сады, і з чэргамі і перапоўненасцю груп праблемы, і з матэрыяльным забеспячэннем. Але яшчэ і, скажу як ёсць, — з бацькамі.

І калі, чыста тэарэтычна, дапусціць, што сады падбудуюць пад бацькоў і будуць працаваць з раніцы да ночы — паверце, скарыстаюцца гэтым зусім не тыя, каму на самай справе трэба.

Мне па працы шанцавала і з калектывам, і з загадчыкамі, і, безумоўна, з дзеткамі, вельмі многіх сваіх выпускнікоў памятаю і люблю. А вось пра бацькоў хацела б сказаць тое ж самае, але не магу.

Памятаю некалькіх мам, якія забіралі сваіх дзяцей пазней за ўсіх — не таму, што далёка жылі ці дапазна працавалі, проста ім так было зручна. Тое, што ў малых вочы на мокрым месцы, чаму ўсіх забралі, а яго няма, і раптам мама наогул не прыйдзе, іх, здаецца, наогул не хвалявала. Як у камеры захоўвання: здалі-забралі. Гэта звычка толькі патрабаваць у некаторых перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Хтосьці дазваляў сабе прыводзіць дзіця са спазненнем на некалькі гадзін, спасылаючыся на паліклініку, коркі, форс-мажоры — хоць ёсць усталяваны парадак, па якім медсястра правярае дзетак, замаўляюцца порцыі — і дастаткова проста патэлефанаваць, хоць бы на вахту.

Або бясконцыя абурэнні паборамі. Вы думаеце, нам было ў задавальненне выпрошваць у бацькоў самыя неабходныя рэчы, дапамогу ў групу, мыйныя сродкі, дапамагчы засыпаць пясок у пясочніцу? Ані каліва. Гэта зневажальна, але такія рэальныя ўмовы, у якіх жыве сад.

І я бясконца ўдзячная тым бацькам, хто замест бясконцых наездаў, скаргаў і павучанняў проста прыходзіў і пытаўся, чым можа дапамагчы, хто ўспрымаў выхавальнікаў як паплечнікаў, а не абслугоўваючы персанал.

Жанчына перакананая, што ніякім «падладжваннем» дзіцячых садкоў сітуацыю не палепшыць, таму што павінна быць альтэрнатыва: і дзяржаўныя сады, і прыватныя, і санаторныя, і спецыялізаваныя:

— Усе дзеці розныя, з рознымі патрэбамі і магчымасцямі, таму «асерадненне» на карысць не пойдзе, ні ім, ні грамадству.