«Кожны яго ліст нагадвае мне, хто мы і чаму прагнем свабоды»

Больш за чатыры месяцы знаходзяцца ў зняволенні 12 студэнцкіх актывістаў, затрыманых у «чорны чацвер». Справу ўжо перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. З гэтай нагоды Задзіночанне беларускіх студэнтаў правяло акцыю па напісанні лістоў сімвалічным «хросным» студэнцкіх палітвязняў з заклікам да міжнародных чыноўнікаў і дэпутатаў звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем справядлівага суда і недапушчэння пазбаўлення ці абмежавання волі студэнтам.

spring96.org

spring96.org

Малады чалавек Яны Арабейка звярнуўся да дэпутаткі Бундэстага Германіі і дзяржаўнай міністаркі пры канцлеры Анэт Відман-Маўз. Ён распавёў, што ў Яны няма доступу да апошніх навінаў ці інтэрнэту; у СІЗА нельга перадаць кнігі, таму яна задавольваецца тым, што ёсць у турэмнай бібліятэцы.

arabejka_mini.jpg

Яна Арабейка
«Я працую 8 гадзін у дзень. Усё маё жыццё завязана на Яне. Кожную суботу я нашу ёй перадачы ў СІЗА. Увесь тыдзень я думаю, што б ёй такога перадаць, бо спіс дазволенага да перадачы складаўся ў мінулым стагоддзі і перадаць магчыма далёка не ўсё. Таксама я выпісваю ёй выданні і пішу лісты. Пішу я кожны дзень, ідуць яны вельмі доўга і часта яна іх не атрымлівае. Я не магу адсачыць, якія яна атрымала, а якія не».
Сябра Аланы Гебрэмарыям Максім Кавалёў у лісце да віцэ-прэзідэнткі Еўрапейскага парламента Катарыны Барлі ўзгадаў, як пазнаёміўся з Аланай і ўпершыню здзівіўся таму, як добра яна размаўляе па-беларуску. А таксама дадаў:
«Алана ніколі не баялася казаць праўду, а ў гадзіну Х заўсёды рабіла крок наперад. Падчас парламенцкай кампаніі ў 2019 годзе яна не пабаялася стаць кандыдатам у дэпутаты, хацела быць прадстаўніком моладзі. У 2020 годзе яна далучылася да барацьбы беларусаў за свабодную, мірную, справядлівую Беларусь. Стала прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі.
Не праходзіць ні дня, каб я не думаў пра яе. Калі 12 снежня 2020 года яе затрымала КДБ, шчыра хацеў, каб на яе месцы быў я. Яна такая юная, такая светлая — баюся ўявіць, што ёй давялося перажыць у сценах турмы. Але я ведаю, што, калі б быў выбар, Алана б не адступіла».

Алана Гебрэмарыям

Алана Гебрэмарыям


Каляжанка Ксеніі Сырамалот Саша Кузьміч накіравала ліст да дэпутата Еўрапарламента Томаса Вайца. Яна напісала наступнае:
«Ксюшу забралі 12.11 — за дзень да нашага семінара. Па аўторках і чацвяргах я працавала ў офісе, і навіны пра затрыманні — спачатку Аланы, пасля Ксюшы, а пасля і іншых — я прачытала там. Такога масіраванага і накіраванага ўдару, які адбыўся ў той чацвер, не чакаў ніхто — ужо праз некалькі дзён тыя, хто вырашылі і ў каго атрымалася з’ехаць, сустрэліся ў Кіеве. Нас было 18, пасля 20, 23, 31, а цяпер колькасць з’ехаўшых пераваліла за 50 (толькі з нашага найбліжэйшага кола!).
Калі столькі моладзі аказваецца разам, хоць і ў цяжкіх умовах, нараджаецца шмат пазітыву. У першых лістах я пісала Ксюшы, што мы абавязкова іх выцягнем, што ўвесь свет гатовы стаць гарой за іх, што студэнцтва падтрымлівае Святлана Ціханоўская, і што ў нас усё атрымаецца.
Наблізіць доўгачаканую сустрэчу ў нашых сілах. Мы са свайго боку падтрымліваем студэнцкі рух, маральны дух у сябе і бацькоў, Ксюшу — праз лісты і перадачы. За вамі — дыпламатыя, і мы верым, што ў гэтага інструмента вялікая моц. Тыранія ўкаранялася ў Беларусі 26 гадоў. Ксюшы ў снежні споўніўся 21. Спыніць гэтую несправядлівасць цяжка, але не немагчыма, калі ўсе пастараюцца».

Ксенія Сырамалот

Ксенія Сырамалот

Сяброўка Глеба Фіцнера — студэнта МДЛУ, распавяла кранальную гісторыю зменаў у настроі і характары свайго сябра ў поствыбарчы перыяд. Вось урывак з ліста да дэпутата Еўрапарламента Івана Штэфанца:
«У адну з нашых апошніх сустрэч Глеб пажартаваў, што, калі будуць затрымліваць студэнцкіх актывістаў, то яго затрымаюць самым апошнім з нас. Памятаю, мы тады доўга з гэтага смяяліся, а потым я сказала, што ніхто нас не затрымае і ўсё будзе добра. Але праз 4 дні Глеб Фіцнер аказаўся за кратамі».

Глеб Фіцнер

Глеб Фіцнер


Ліст хроснаму Ягора Канецкага пісала яго знаёмая Дар’я Рублеўская. Яна распавядала дэпутату Бундэстага Оліверу Лукшычу пра тое, як яны з Ягорам разам навучаліся ў ліцэі і як выпадкова сустрэліся 1 верасня.
«Ягор піша мне лісты. А я пішу лісты Ягору. Да апошняга часу гэта нават было сістэмна: раз на месяц я атрымлівала вялікі ліст з жартамі і закрэсленымі каракулямі, аповедамі пра турэмны быт і валёнкі, якія яму перадалі сябры. Ведаеце, мы нават дамовіліся аднойчы чытаць адну і тую ж кнігу, «Завадны апельсін» Энтані Бёрджэса. Гэта смешна, канешне, калі паглядзець у перспектыве: спярша мы адказваем адзін аднаму на сторыс у Інстаграме, а потым намагаемся максімальна прыгожа намаляваць смайлік у папяровым лісце. Не пра такі вобраз рамантычнай маладосці і студэнцкія часы мы марылі, адназначна.
Але разам з гэтым Ягор — вялікі малайчына. Ён проста жалезабетон, я б сказала. Кожны яго ліст нагадвае мне, хто мы і чаму прагнем свабоды. Маладосці. Ён не перастае жартаваць і аналізаваць, чытае кнігі і нават стаў камерным бібліятэкарам».

Ягор Канецкі

Ягор Канецкі

Сяброўка Таццяны Якельчык, затрыманай 26 лістапада, распавяла пра тое, як яны вучыліся разам на адным факультэце і як яна дагэтуль часцяком дастае тэлефон, каб напісаць ёй нешта важнае, забыўшыся на зняволенне сяброўкі. Так, Ангеліна дадае ў лісце да Ніла Рычманда, дэпутата Ніжняй палаты Парламента Ірландыі:
«У адзіным атрыманым мною лісце ад Тані яна пісала, што ёй вельмі не хапае малочных прадуктаў. У турме іх проста не даюць. І гэта, вядома ж, адбіваецца на здароўі зняволеных. Але здароўе зняволеных — адно з апошніх, пра што будуць думаць улады нашай краіны. Мацней нашкодзіць людзям — якраз іх мэта.
Памятаю, Таня раней казала, што яна ўжо дакладна не змагла б пражыць у турме. Але дзякуючы яе моцнаму характару яна спраўляецца. Таня цяпер вельмі шмат чытае, таму што іншых забавак у камеры, па сутнасці, і няма. Яна сядзіць зачыненая ў чатырох сценах, і ў яе няма нічога, акрамя кніг, рэдкіх прагулак і зносін з суседкамі па камеры».

Таццяна Якельчык

Таццяна Якельчык

Лізавета Даўгулевіч, сяброўка Касі Будзько, пісала да яе сімвалічнай хроснай — дэпутаткі Еўрапарламента Маркеты Грэгаравай:
«Я думаю пра Касю штодзень, таму што я намалявала яе партрэт і павесіла над ложкам, і кожны раз, прачынаючыся, я машынальна гляджу на яе. Час ад часу я перачытваю яе думкі з лістоў, якія публікуюць у інстаграм kajusizo. Але больш за ўсё мне падабаюцца малюнкі, якія яна стварае ў турме. Я веру, што пройдзе час, і мы зможам надрукаваць кнігу з вялікім тыражом, дзе будзе сабрана ўся Касіна творчасць за гэты перыяд.
Я памятаю амаль кожную гадзіну 12 лістапада. І ўжо ніколі не забуду. Я памятаю штохвілінна час, калі ехала да дома Касі, каб праверыць, чаму яна не адказвае на паведамленні, але... не паспела.
Вельмі спадзяюся, што засталіся лічаныя дні — і Кася, як і іншыя палітзняволеныя студэнты, будзе на свабодзе. Кася не злачынца і ніколі ёй не была».

Кася Будзько

Кася Будзько


Студэнты не спыняюцца ў змаганні за свабоду сваіх сяброў і сябровак.