Максім Вінярскі: Рэжыму, які хістануўся, не дастае адвагі нават зазірнуць пад уласны ганак — ці моцна падмыла?

Актывіст грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь Максім Вінярскі ўжо больш за 1,5 месяца знаходзіцца ў СІЗА № 1. Ён прызнаны палітвязнем. З нашага ліставання — якое з цяжкасцю прадзіраецца праз цэнзуру — і паўстала ўрэшце рэшт гэтае інтэрв’ю, піша сястра Максіма Алена Церашкова.

__nn_bun_20191007_1130_dy5s5_n8wyl_5qd77.jpg

— Макс, ці даходзяць з волі навіны, наколькі рэгулярна, ці дазваляе гэта ацаніць перспектывы?

— Навін у турме заўсёды бракуе, але так ці іначай інфармацыя даходзіць. Суды над журналістамі ды праваабаронцамі, неадэкватныя прысуды, затрыманні грамадзян, якія працягваюцца па ўсёй краіне — навіны, якія не асабліва цешаць. Але турма дае час абдумаць і прааналізаваць кожную дробязь, зрабіць высновы.

І высновы гэтыя радуюць: краіна не здаецца, людзі ў самыя розныя спосабы даюць рэжыму ведаць, што ранейшы фармат «абы ціха было», «абы мяне не чапалі», не працуе. Зараз побач з намі ёсць беларусы напалоханыя, беларусы раззлаваныя, беларусы нязломныя, беларусы крэатыўныя — але няма беларусаў абыякавых.

Махавік рэпрэсій раскруціўся настолькі, што чапляе ўсіх і кожнага. І фразы «я не цікаўлюся палітыкай», «я не ведаю, што робіцца ў краіне» — хлусня, за якой — страх стаць наступнай ахвярай дыктатуры і жаданне пераседзець навалу ў бульбе. Відавочна: пераседзець не атрымаецца. Даволі хутка кожнаму давядзецца выбіраць між дыктатурай і сям'ёй, між дыктатурай і сябрамі, між дыктатурай і ўласнай годнасцю. Такая перспектыва.

— Ты змагаешся з гэтым рэжымам большую частку жыцця. Ці сапраўды дыктатура стала горшай менавіта зараз? Ці можна было чакаць менавіта такога развіцця падзей год таму?

— Дыктатура — гэта прымітыўная сістэма, у гэтым яе моц і ў гэтым яе слабасць. Адзін са слабых бакоў — абсалютная прадказальнасць. Калі сёння ў РАУС працуе адзін супрацоўнік-садыст, якому можна беспакарана збіваць затрыманага ў цёмным куточку — заўтра палова супрацоўнікаў пачне рабіць гэта адкрыта, а паслязаўтра на тых, хто не б'е, пачнуць пісаць даносы за гнілы лібералізм. Калі сёння вам зрабілі заўвагу за беларускую мову, і вы паслухмяна перайшлі на расейскую — заўтра вас за беларускую пачнуць біць, а паслязаўтра — забіваць. Калі сёння вы пад ціскам падпісалі праўладны ліст — заўтра ад вас запатрабуюць галасаваць за растрэльныя спісы, паслязаўтра — стаць у шэраг тых, хто націскае курок.

Так было з кожнай дыктатурай. Дзесьці рэжым не паспеў стаць празмерна крывавым? Ключавое слова НЕ ПАСПЕЎ. А хуткасць эвалюцыі залежыць ад нас — ад народа. Я вельмі ўсцешаны рэакцыяй народа на жнівеньскія падзеі: нашы салідарнасць, нязломнасць і гатоўнасць ахвяраваць не дае ператварыць Беларусь у суцэльную плошчу Цяньаньмынь.

— А ці магчымае адваротнае развіццё дыктатуры?

— Спадзявацца на гэта — як разлічваць, што сама сабой замарудзіцца снежная лавіна. Змаганне з лавінамі ў гарах — адказная праца. Егер адсочвае першыя прыкметы небяспекі, ягоная задача — абрынуць шапку снегу да таго, як узнікне небяспека паўнамаштабнай лавіны.

Так і дэмакратычнае грамадства адсочвае першыя прыкметы дыскрымінацыі, беззаконня, прысабечвання ўладных механізмаў — і не дазваляе насенню дыктатуры пускаць карані. Калі лавіна пакацілася ўніз — спыніць яе толькі нязломная скала. Калі дыктатура набрала разгон — толькі супольны адказ усяго грамадства можа спыніць яе асфальтавы каток.  Але не проста спыніць, не проста перахапіць кіраванне — разабраць заганную сістэму. Іначай ахвяры, што нясе і будзе несці грамадства, пазбаўленыя сэнсу.

— Лічыш, крытычная маса абуджаных беларусаў ужо сабралася?

 Лічу, што эвалюцыя нашага грамадства далёка не завершаная. Таму прагназаваць цяжка. Але год таму я толькі марыў пра падобны ўздым. Верыў, што некалі пабачу. Таму скептыкам адкажу так: сонная і апатычная Беларусь нарадзіла ў нетрах сваіх балот некалькі дзясяткаў герояў. Гэтыя кроплі зліліся ў струменьчык, які то крыху пашыраў сваё рэчышча, то амаль перасыхаў. Але высахлыя кроплі сталі аблокамі, якія гусцелі, цяжэлі — і праліліся ачышчальнай залевай, якая размыла сам падмурак дыктатуры.

Рэжыму, які хістануўся, не дастае адвагі нават проста зазірнуць пад уласны ганак, каб дазнацца, ці моцна падмыла? Яны замазваюць расколіны цэментам, фарбуюць цвіль і рапартуюць: усё спакойна. Але зноў будзе дождж, і набрынялы вадой пясок праглыне патрэсканы гмах. Калі? Калі кожны з нас узгадае: што ёсць акіян, як не безліч кропель? Зверху ці знізу, з дажджом ці з крыніцай — вада праточыцца. Перамога будзе за намі.