«Пачулі смех у камеры — адключаюць цяпло». Пенсіянерка пасля сутак пра тое, як дзяржава ставіцца да жанчын

За 15 сутак, што адбыла на Акрэсціна, Раіса Алецкая мусіць сплаціць за харчаванне 220 рублёў — гэта прыблізна палова яе пенсіі, — распавядае «Свабода».

Раіса Алецкая

Раіса Алецкая

З ізалятара на Акрэсціна пасля адбытых 15 сутак выйшла Раіса Алецкая. Гэта адна з пансіянерак, якіх на пачатку сакавіка затрымалі ў Мінску на прыпынках гарадской электрычкі, бо ў цягніку яны чыталі кнігі беларускіх аўтараў.

Большасць з двух дзясяткаў затрыманых жанчын былі аштрафаваныя, але некаторым суды далі 15-суткавыя арышты, як Раісе Алецкай. Яе затрымалі 2 сакавіка.

Паводле былой арыштанткі Акрэсціна, там мала што змянілася да лепшага ў параўнанні з часам, калі трымалі славутую баскетбалістку Алену Леўчанку ці каралеву прыгажосці Вольгу Хіжанкову.

 

8 сакавіка прынцыпова не адзначалі

Раіса Алецкая кажа, што ў вязніцы яна перажыла стрэс ад сапраўднага, як мяркуе, стаўлення дзяржавы да жанчыны.

«Пра якую павагу можна гаварыць, калі мы ўсе мусілі спаць толькі на падлозе, бо матрацаў не даюць, а на голых жалезных кратах спаць проста небяспечна, тым больш жанчыне. Бо батарэі праз ноч адключаюць. Лічу, вартаўнікам і загадваць не трэба, робяць гэта са сваёй ініцыятывы. Пачулі смех у камеры — „Дык вам весела?“ — і адключаюць цяпло. Вывелі на праверку ў калідор, дзяўчына ўбок паглядзела — ёй адразу ідзе каманда: „...бло павярнула“. Гэткае абыходжанне ў іх не выключэнне, а норма», — мяркуе Раіса Алецкая.

Паводле жанчыны, арыштантак з яе камеры аніводнага разу не звадзілі ў душ і толькі раз вывелі на прагулку ў цесны бетонны дворык. Праўда, гэта было 8 сакавіка.

Сродкі гігіены, у тым ліку жаночай, траплялі толькі праз рэдкія перадачы. Але некаторым перадачы ўвогуле не даходзілі, і тады выручала жаночая салідарнасць, кажа Раіса Алецкая. Паводле яе, ад супрацоўнікаў ізалятара жанчыны аніякіх сродкаў гігіены не атрымлівалі, хоць грашовыя сродкі, як пераканана яна, на гэта выдзяляюцца.

Пра іншыя абмежаванні, як тое, што на ноч не выключаюць электрычнае святло або што адбіраюць аўтаручкі, Раіса Алецкая згадвае як пра звычайныя адметнасці рэжыму на Акрэсціна. Хоць апошняе абмежаванне называе «асабліва падлючым».

«Аўтаручкі забіраюць, алоўкаў не выдаюць, мы лістоў напісаць не можам, нам лістоў чамусьці няма, нават віншавальных паштовак нібыта нам не пішуць. У выніку сядзім у поўнай ізаляцыі. Мы ў камеры гэты дзень проста праігнаравалі, ніхто не лічыў за свята», — катэгарычна зазначае Раіса Алецкая.

Камера №15 на трэцім паверсе ЦІПа, у якой яна знаходзілася, разлічаная на двух чалавек. Плошчу камеры былая арыштантка, прафесійны будаўнік, вызначыла прыблізна ў 10 квадратных метраў. І зазначае, што ў камеры знаходзілася адначасова ад 4 да 7 арыштантак. Як жанчыны размяшчаліся на ноч, калі, не маючы матрацаў, адмаўляліся карыстацца ложкамі?

«Тры ўкладваюцца пад ложкам упоперак камеры, добра, што падлога з дошак, — калі падсцяліць нейкую адзежу, дык ляжаць можна. Галовы пад ложкам, а ногі пад сталом. Іншыя ўладкоўваюцца хто каля ўмывальні, хто каля самага ганку. Каб не цягнула скразняком, затыкаем шчыліну пад дзвярыма анучамі. І гэтак да 6 раніцы. Ахоўнікі добра ведаюць, у якіх мы ўмовах ляжым, праз вочка ім усё бачна, але, відаць, гэта іх не турбуе. Магчыма, сваіх жанчын яны б так не паклалі, а нас, значыць, можна, мы ж "пратэстоўцы", "змагары"», — кажа Раіса.

 

«Мы разам»

 

5884694a_4230_49b9_af1c_24021bc35546_w650_r0_s.webp

Алена Лебядзінская і Раіса Алецкая каля Заводскага суда. 2 сакавіка 2021.
Паводле суразмоўцы, яна сядзела толькі з палітычнымі.

«Была дзяўчына з Лошыцы, якая на сваім балконе вывесіла бел-чырвона-белы сцяг. Яе затрымалі каля пад’езда дома, як вярталася з працы. Усё зносіла спакойна, казала пра нашу сітуацыю, што „мы ў палоне“. Памятаю, як яе, зусім худзенькую, прывялі ў камеру: вочы вось такія ад страху. Згадвала, як у Кітаі два гады танцавала, вярнулася і вось — трапіла сюды. Учора з волі мне званіла, кажа, пасля таго ляжання на падлозе ў яе запаленне яечнікаў.

Яшчэ была Ліза, маладая мастачка, яе разам з бацькам арыштавалі. Вельмі добра для кніжак малюе. Яна была ў нас няшмат часу, яе перавялі потым у іншую камеру, але яна забыла ў нас кофту і тапачкі, дык змаглі ёй перадаць, аднесці да яе камеры са словамі „Мы разам“. І там пачулі», — кажа Раіса.

Асабліва запомнілася гісторыя сукамерніцы, якую затрымалі за «Пагоню».

«Сядзела з намі жанчына 52 гадоў. Тая як трапілася? Выйшла ў краму, а ў самой была налепка з „Пагоняй“, дык як падыходзіла да крамы, начапіла тую налепку на вадасцёкавую трубу. Раптам аднекуль выскокваюць двое ў цывільным і яе забіраюць. Спачатку вінавацяць у вывешванні „незарэгістраванай сімволікі“, маўляў, пікет зладзіла. Але потым да іх даходзіць, што „Пагоня“ як герб зарэгістраваная, што гэта гістарычная каштоўнасць. Тады прыдумляюць пратакол пра непадпарадкаванне і ўсё роўна адпраўляюць на суткі. Але і на гэтым гісторыя не заканчваецца: потым яна атрымлівае паперу, што нанесла трубе шкоду на 5 рублёў. Яшчэ будуць з гэтай трубой у судзе разбірацца», — мяркуе Раіса Алецкая.

 

Канцлагер для «абавязаных»

Жанчына ўзгадвае расповед яшчэ адной сукамерніцы. Тая казала пра арыштантак, якія сядзяць на Акрэсціна не за палітыку, а з прычыны асацыяльнага ладу жыцця.

«Да нас перавялі палітычную, якая раней трапіла ў камеру з гэтак званымі „абавязанымі“. Хто гэта? Гэта жанчыны, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, а цяпер забіраюць з іх грошы на ўтрыманне дзяцей. Але яны большасцю нідзе не працуюць, бадзяжнічаюць, выпіваюць, адкуль у іх узяць грошы? Вось і прыдумалі для іх такі канцлагер — трымаюць на Акрэсціна і штодня выводзяць на працы. Звычайна, нават зімой, вязуць на смеццевы палігон збіраць пластыкавыя бутэлькі. Ім даведзеная проста жудасная норма ў 72 кілаграмы пластыку на дзень, пры тым, што бутэлька важыць пару дзясяткаў грамаў. Значыць, трэба сабраць за дзень, корпаючыся ў смецці, сотні бутэлек. У снег, у дождж, у любое надвор’е. Сукамерніца расказвала, як гэтыя жанчыны прыязджаюць увечары з палігона: мокрыя, галодныя, бо там іх не кормяць. Як мусяць есці халодную „пайку“, якая засталася з абеду і вячэры, і есці ад стомы нават не хочуць, дый есці тую ежу амаль немагчыма. А назаўтра ўсё зноў: пад’ём — і на палігон. Гэта як нявольнікі на плантацыях, у 21 стагоддзі, і нікому да іх няма справы!» — абураецца Раіса.

Жанчына згадвае, як у камеры пра «абавязаных» узнікла дыскусія. Пры ўсёй да іх літасці, мала хто з сукамерніц хацеў аказацца разам у камеры хаця б з адной «абавязанай». Зразумела: вошы, пахі, псіхалагічная несумяшчальнасць... «Але пагаварылі і сышліся на тым, што мы таксама, не толькі дзяржава, вінаватыя, што гэтак складаюцца іх лёсы. Бо нічым такім людзям не дапамагаем», — прызнала Раіса.

Раісе Алецкай 60 гадоў, яна мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, пачынала працу ў будаўнічай арганізацыі простай рабочай, а скончыла намеснікам кіраўніка, цяпер пенсіянерка. За 15 сутак, што адбыла на Акрэсціна, яна мусіць сплаціць за харчаванне 220 рублёў — гэта прыблізна палова яе пенсіі.

«Вось гэткая "ўзнагарода" ад дзяржавы. За 37 гадоў працоўнага стажу, за тое, што нарадзіла і выгадавала траіх дзяцей, маю ўнукаў, мяне кідаюць на паўмесяца ў "кутузку" без матрацаў, ды яшчэ і заплаці ім за гэта, як за гатэль! А ўсё чаму? Таму што я чытала ў электрычцы кніжку Янкі Купалы», — кажа Раіса Алецкая. Яна сцвярджае, што не імітавала чытанне, а цягу да мовы жанчына тлумачыць жаданнем дапамагчы ўнуку.

«Калісьці вучылася па-беларуску і, канешне, шмат слоў забыла, але хачу, каб унук добра ведаў родную мову, мог лёгка карыстацца, а то і гаварыць заўсёды. Таму купіла кнігі Купалы і Коласа, чытаю, практыкуюся. І ў той дзень у электрычцы сапраўды чытала не адрываючыся, спынілася толькі, як убачыла побач нейкага мужчыну, які здымае мяне на відэа. Потым у судзе міліцыянты казалі, што я была ў чырвонай куртцы і гэта была акцыя, хоць куртка ў мяне малінавага колеру і я насамрэч чытала. Але што ты ім дакажаш? Такі час».