Краіна хамелеона: ці ўплывае на Беларусь хатні гадаванец Лукашэнкі?

Новы год у Беларусі прайшоў ціха і спакойна. На гэтым бы наш тыднёвы агляд і скончыўся, калі б мы не жылі ў парадаксальнай краіне абсурду. Але нашы ўлады не даюць нам сумаваць і ўвесь час падкідваюць нашым мазгам падставы для разважанняў.

Хамелеон Жорык. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Хамелеон Жорык. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Цікава, чым думалі піяршчыкі Лукашэнкі, калі паспрабавалі загладзіць сіплае выступленне свайго патрона выдатнай навіной: паказалі публіцы яшчэ аднаго гадаванца кіраўніка краіны — Жорыка.

Жорык — хамелеон. Жыве ў сям'і Лукашэнкі ўжо 2,5 гады, з лета 2021-га. Хто яго падарыў і ў гонар каго названы хамелеон, прэс-служба не ўдакладніла. Па версіі прапагандыстаў, Жорык можа быць сімвалам 2024 года, таму што ён падобны на маленькага дракона.

Наконт сімвала года можна і паспрачацца, але цяпер многае становіцца зразумелым — зыходзячы з распаўсюджанага меркавання пра тое, што гаспадары з часам становяцца падобныя на сваіх гадаванцаў. Мы думалі, што ў Лукашэнкі праблемы з успрыманнем рэчаіснасці: калі ён, напрыклад, заклікае Польшчу да «нармалізацыі адносін» і пры гэтым працягвае закідваць яе мігрантамі. Ці калі кажа пра «мірныя перамовы ва Украіне», запрашаючы ў Беларусь ПВК «Вагнер». А аказваецца — усё проста. Лукашэнка думае, што ён умее маскіравацца і мяняць колер, як хамелеон. Закідвае палякаў мігрантамі, да прыкладу, «чырвоны» Лукашэнка, а «зялёны» Лукашэнка заклікае мірыцца. «Сіні» Лукашэнка хоча міру ва Украіне, а «аранжавы» дае расійцам зброю і сваю тэрыторыю.

Заходнія таварышы ўсё шукаюць нейкую паслядоўнасць і логіку ў яго словах і ўчынках. А гэтай логікі няма, таму што кіраўнік Беларусі вырашыў, што ён можа мяняцца кожны дзень, як яго гадаванец.

Навукоўцы называюць гэта «эфектам простага ўздзеяння», і тычыцца гэта не толькі хатніх гадаванцаў. Калі тлумачыць па-простаму, людзі ад пачатку абіраюць сабе гадаванцаў або рэчы, чымсьці падобныя на сябе. Напрыклад, доўгавалосыя людзі з вялікай доляй верагоднасці возьмуць сабе сабаку з доўгай шэрсцю або вушамі. Мужчына з «квадратнай» формай твару пры выбары машыны хутчэй аддасць перавагу аўто з радыятарам больш агрэсіўнага дызайну. А шпіц Умка, знаходзячыся побач з Лукашэнкам, патлусцеў і апух, як яго гаспадар.

А яшчэ ў Лукашэнкі, аказваецца, ёсць хамелеон. Рабіце высновы.

Ці можна сказаць, што Жорык не ўплывае на жыццё краіны? У прынцыпе «жывы куток» Лукашэнкі мала каго хвалюе — у яго там ёсць і каты, і каровы, і кавуны з бульбай, урэшце. Але вось хамелеонскі ўплыў усё ж прыкметны.

Перад самым Новым годам урад зацвердзіў Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады, у якой ёсць і механізмы развіцця культуры побыту, грамадскіх адносін і вытворчасці, а таксама культурнага развіцця рэгіёнаў. Цікава, што сярод гэтых механізмаў, напрыклад, стымуляванне вытворчасці тавараў з выкарыстаннем беларускай культурнай сімволікі; стварэнне назваў і распрацоўка сімволікі новых марак і брэндаў тавараў з улікам мясцовых культурных асаблівасцей; арганізацыя гучання ў гандлёвых аб'ектах і аб'ектах грамадскага харчавання ў якасці фонавай музыкі лепшых твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў; стварэнне сямейных маршрутаў і праграм для турыстаў, накіраваных на іх знаёмства з мясцовай культурай і гісторыяй, і сёе-тое іншае.

Над зацвярджэннем і рэалізацыяй гэтай канцэпцыі будзе працаваць цэлае Міністэрства культуры. Адчайныя людзі, я вам скажу. Нават калі не згадваць пра «экстрэміста» Дуніна-Марцінкевіча, то за «стымуляванне вытворчасці тавараў з выкарыстаннем беларускай культурнай сімволікі» і «стварэнне назваў і распрацоўку сімволікі новых марак і брэндаў тавараў з улікам мясцовых культурных асаблівасцей» дырэктар самай знакамітай крамы symbal.by Павел Белавус атрымаў 13 гадоў калоніі пад выглядам «здрады дзяржаве».

Нагадаем яго «злачынства» ў рэдакцыі Следчага камітэта: «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы».

У Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы таксама ёсць і масавыя мерапрыемствы, і «стварэнне рэсурсаў для папулярызацыі беларускай культуры, літаратуры і мастацтва ў сетцы Інтэрнэт», і «выкарыстанне магчымасцей інтэрнэт-сайтаў і сацыяльных сетак для прэзентацыі беларускай культуры, мастацтва і творчасці беларусаў».

Прычым раней гэта рабіў адзін Белавус. Цяпер гэтым будзе займацца цэлае міністэрства. А гэта ўжо «група асоб і па папярэдняй змове», прычым «з выкарыстаннем службовага становішча». Але калі Белавус не браў ад дзяржавы ні капейкі і нават плаціў ёй падаткі, то цяпер «здрада дзяржаве» будзе за дзяржаўны (гэта значыць за наш з вамі) кошт.

Пытанне: Белавуса варта было саджаць, ці ўсё ж яго трэба было прызначыць у Міністэрства культуры?

І яшчэ 3 студзеня Лукашэнка падпісаў закон аб змене законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый. Там нічога добрага — у чарговы раз узмацняюцца патрабаванні да рэлігійных супольнасцей. Рэлігійныя арганізацыі могуць быць ліквідаваны, калі іх дзейнасць не адпавядае асноўным напрамкам унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. З іншага боку, рэлігійным арганізацыям у Беларусі забараняецца прапагандаваць вайну і сацыяльную варожасць.

Ці будуць праблемы ў любімай Лукашэнкам праваслаўнай царквы ў Беларусі? Калі «закон адзін для ўсіх», то павінны быць. Па-першае, таму, што ніякай Беларускай Праваслаўнай Царквы ў краіне няма, а тое, што мы для зручнасці называем «БПЦ», афіцыйна мае назву «Беларускі экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату». То-бок «БПЦ» — гэта аддзяленне РПЦ МП у Сінявокай. Па-другое, кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл называў развязаную Расіяй вайну ва Украіне «святой справай» і нават абяцаў, што гібель на вайне ва Украіне «змые ўсе грахі».

А ўжо пра асвячэнне зброі (не толькі Кірылам, але і нашымі святарамі ад РПЦ) і казаць не даводзіцца. Ці гэта не прапаганда вайны?

Падобна, вынікам першага тыдня новага года стане тое, што мы працягнем жыць у краіне, дзе закон — не адзін для ўсіх, а «што дышаль». І тым, хто павінен сачыць за яго выкананнем, прыйдзецца ператварацца ў хамелеонаў. Калі ён «чырвоны» для адных і «сіні ў крапінку» для іншых.