Беларусь дала зброю «групе Вагнера», а Кітай адмовіў?

У пачатку года Кітай адмовіў «групе Вагнера» ў пастаўках зброі для вайны ва Украіне, піша Financial Times са спасылкай на «злітыя» ў сетку дакументы Пентагона, піша АФН.

Ілюстрацыйнае фота. Выстава ўзбраення MILEX у Мінску

Ілюстрацыйнае фота. Выстава ўзбраення MILEX у Мінску

Выданне мяркуе, што прамы запыт «групы Вагнера» да Кітаю паказвае на тое, што ў Прыгожына была некаторая ўпэўненасць у гатоўнасці Пекіна дапамагаць Расіі зброяй. Аднак, паводле справаздачы, па стане на пачатак студзеня Кітай не перадаваў вагнераўцам ніякай зброі і ў цэлым не абмяркоўваў з групоўкай гэтае пытанне.

У той жа справаздачы, на якую спасылаецца Financial Times, гаворыцца пра больш паспяховыя запыты пра пастаўкі зброі ў Сірыі і Беларусі. У прыватнасці, сцвярджаецца, што да пачатку студзеня Беларусь ужо паставіла палову ад раней абяцаных аб'ёмаў неадзначанай зброі, і нават прапанавала «групе Вагнера» пастаўку яшчэ 300 тысяч стрэлаў да гранатамёта ВОГ-17.

Па Сірыі — прынамсі, з таго, што вядома, — маштабы паставак не вельмі істотныя усяго шэсць гранатамётаў ЗПГ-9 і 180 гранат, якія былі адпраўленыя ў неўстаноўлены час.

Акрамя таго, дакумент сцвярджае, што структуры Прыгожына спрабавалі закупіць зброю ў Турцыі. У прыватнасці, іх цікавілі беспілотнікі, сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, контрбатарэйныя сістэмы і гаўбічная артылерыя. Вядома, што як мінімум па гаўбіцах, контрбатарэйных сістэмах і сродках барацьбы з дронамі вагнераўцы атрымалі адмову.

У іншай справаздачы гаворыцца, што прэзідэнт афрыканскай краіны Малі нібыта пацвердзіў, што яго краіна можа закупляць у Турцыі зброю для дзейных там падраздзяленняў «Вагнера».

У лютым Яўген Прыгожын публічна агучыў праблему вострага недахопу снарадаў у расійскім войску. Ён скардзіўся, што Мінабароны РФ выдае «вагнераўцам» занадта мала боепрыпасаў, аднак там адказалі, што наймітам даюць столькі, колькі і ўсім астатнім.