Кругавая абарона
Здаецца, улада вельмі напружылася з нагоды чутак пра тое, што будучыя прэзідэнцкія выбары могуць быць нікім не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі — ні Еўропай, ні Расіяй. Інакш з чаго б у краіне разгарнулася глабальная прапаганда, што з выбарамі ў нас «усё нармальна», і яны пройдуць «у адпаведнасці са стандартамі»? Здаецца, столькі інтэрв’ю напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі кіраўніца Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына не давала ніколі.
Здаецца, улада вельмі напружылася з нагоды чутак пра тое, што будучыя прэзідэнцкія выбары могуць быць нікім не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі — ні Еўропай, ні Расіяй. Інакш
з чаго б у краіне разгарнулася глабальная прапаганда, што з выбарамі ў нас «усё нармальна», і яны пройдуць «у адпаведнасці са стандартамі»? Здаецца, столькі
інтэрв’ю напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі кіраўніца Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына не давала ніколі. Хаця паўнавартасная
перадвыбарчая кампанія яшчэ не пачалася.
Ярмошына 21 верасня правяла анлайн-канферэнцыю ў інтэрнэт-газеце БелаПАН «Белорусские новости». Лідзіі Міхайлаўне прыйшлося літаральна адбівацца ад пытанняў пра тое, што ў Беларусі
выбары даўно ўжо непразрыстыя, недэмакратычныя, праходзяць, фактычна, у інфармацыйным вакууме. І, нарэшце, давялося каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў 2006 годзе выбары былі
сфальсіфікаваныя.
Тут яна павінна была заняць кругавую абарону. Спасылаючыся на сацыялагічныя апытанні, Ярмошына заявіла, што больш за 70 працэнтаў насельніцтва давярае вынікам выбараў і ЦВК. Аднак, па-першае, яна не
паведаміла, хто праводзіў гэтыя апытанні, па-другое, колькасць крытычных пытанняў на сайце www.naviny.by сведчыць якраз пра адваротнае.
Дзіўнае стаўленне спадарыня Ярмошына выказала і да магчымасці назіральнікаў паўнавартасна кантраляваць падлік галасоў. Паводле яе словаў, «назіральнікі ні ў адной краіне свету не надзеленыя
правам падлічваць галасы». «Гэта робяць выбарчыя камісіі. Права назіральнікаў — толькі ажыццяўляць маніторынг за дадзенай працэдурай», — сказала
яна.
Больш за тое, старшыня ЦВК лічыць, што «назіральнікі маюць права ажыццяўляць кантроль толькі за дзейнасцю выбарчай камісіі. Па-за працай камісіі назіральнікі свае функцыі не
ажыццяўляюць».
Такім чынам, з функцый назіральнікаў спадарыня Ярмошына выключыла маніторынг агульнай сітуацыі ў краіне — ці праходзяць выбары ў «атмасферы страху», ці не. З функцый
назіральнікаў выключаны сам маніторынг перадвыбарчай кампаніі: агітацыя кандыдатаў у прэзідэнты, правядзенне інфармацыйных сустрэч, пікетаў, мітынгаў і гэтак далей. Бо агітацыю ж ладзяць не выбарчыя
камісіі? Акрамя таго, пытанне роўнасці ўсіх кандыдатаў падчас перадвыбарчай кампаніі таксама вынесена «за дужкі» функцый назіральнікаў.
Варта адзначыць, што выбары — гэта не падлік галасоў. Выбары — гэта працэс, які працягваецца пэўны прамежак часу. Выбары падзеленыя на этапы — рэгістрацыя ініцыятыўнай
групы, збор подпісаў, рэгістрацыя кандыдата ў прэзідэнты, агітацыя, датэрміновае галасаванне і галасаванне непасрэдна ў дзень выбараў, падлік галасоў, абвяшчэнне вынікаў выбараў, абскарджванне гэтых
вынікаў… Уся гэтая працэдура і заканчваецца інаўгурацыяй прэзідэнта. Назіральнік папросту не можа быць «прылеплены» да пэўнай выбарчай камісіі. У ацэнцы агульнай сітуацыі
і ёсць сэнс назірання.
Ярмошына так і не патлумачыла, як будуць кантралявацца «датэрміновыя» і выяздныя скрыні для галасавання, заявіла, што датэрміновае галасаванне ніхто адмяняць не збіраецца, выключыла
магчымасць уключэння ў склад кожнай участковай выбарчай камісіі прадстаўнікоў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, сказаўшы, што «на момант з’яўлення кандыдатаў у прэзідэнты ўчастковыя
камісіі ўжо будуць створаныя», а больш позняе ўключэнне прадстаўнікоў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ва ўчастковыя выбаркамы выкліча істотнае павелічэнне выдаткаў на выбары, калі паўстане
неабходнасць плаціць прадстаўнікам заработную плату, як і астатнім членам участковай камісіі.
Аргумент вельмі дзіўны, асабліва з улікам папярэдніх заяў самой Ярмошынай. Раней яна казала, што бюджэт выбарчай кампаніі разлічаны «з запасам» на 10 кандыдатаў у прэзідэнты і на
магчымасць другога тура. Ужо зараз зразумела, што кандыдатаў у прэзідэнты будзе не больш пяці. Дык чаму б не пусціць зэканомленыя грошы на дэманстрацыю празрыстасці выбараў?
Кругавую абарону вакол касцёла святога Язэпа і кляштара бернардзінцаў у Мінску заняла беларуская міліцыя. Калі ў першы дзень акцыі, 16 верасня, міліцыянты затрымалі 20 хрысціян, якія
пікетавалі касцёл з патрабаваннем аддаць комплекс вернікам, то ў наступныя тры дні было абвешчана часовае перамір’е. Людзі прыходзілі да касцёла, спявалі песні, ладзілі віктарыны, і ніхто іх
не чапаў. Але ўжо 20 верасня перамір’е скончылася: былі затрыманыя 12 чалавек. 21 верасня — яшчэ шасцёра. Усе былі затрыманыя прэвентыўна, з мэтай сарваць акцыю.
Логіка міліцыянтаў не зусім зразумелая. Бо пікеты былі зусім бяскрыўдныя. Чаму віктарыну можна праводзіць на пляцоўцы ля дзіцячага садку сярод дашкалят, а ля касцёла — не? Чаму на лавачцы ля
пад’езда можна спяваць пад гітару, а ля касцёла — не? Відавочна, што такія дзеянні міліцыі толькі напружваюць абстаноўку сярод вернікаў, асабліва калі ўлічыць, што ў ствараемую
партыю БХД уваходзяць шмат вернікаў з розных хрысціянскіх канфесій. І ў кожнай канфесіі абмяркоўваюцца гэтыя затрыманні і праблема касцёла.
Улічваючы тое, што абаронцы касцёлу звярнуліся па дапамогу ў каталіцкую царкву і непасрэдна да Філарэта, такая «эскалацыя гвалту» выглядае вельмі недарэчнай. Пытанне, каму гэта
выгадна? Няўжо мела рацыю Святлана Калінкіна, што «эскалацыя гвалту» выгадная тым, што імкнецца вярнуць Шэймана — маўляў, «пры ім такога не было»?
Але ж беларусам трэба рыхтавацца не толькі да выбараў. Мінскія медыкі не выключаюць магчымасці ўспышак захворванняў на ВРВІ і грып да пачатку эпідэмічнага сезону — ужо ў кастрычніку. Пра
гэта заявіла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка на брыфінгу 21 верасня.
«На сёння агульны лік захварэлых штодзень фіксуецца на адзнацы ад 4,5 да 5 тысяч выпадкаў», — сказала Фісенка. Паводле яе слоў, гэта на 30–40 працэнтаў больш, чым
у аналагічным перыядзе мінулага года, і традыцыйна зыходзячы з сярэдніх шматгадовых даных. Дыягназ «грып» пакуль клінічна не ўстаноўлены ні аднаму з хворых, аднак «моцна
ідэнтыфікуюцца традыцыйныя рэспіраторныя вірусы».
Так што беларусам трэба не толькі рыхтавацца да выбараў, але і наспеў час есці часнок.