Ксёндз з Горак: «Мне доўга не маглі сфармуляваць абвінавачванне»

Апошнім часам пад палітычны пераслед трапляе ўсё больш святароў. Ксёндз з Горак, які днямі быў затрыманы сілавікамі пасля набажэнства і яшчэ чакае вынікаў суда за «экстрэмізм», распавёў на сваёй старонцы ў сацсетках, што з ім адбылося.

Фота з сацсетак прарафіі ў Горках

Фота з сацсетак прарафіі ў Горках

«Сябры, я пакуль не маю магчымасці карыстацца мабільным тэлефонам, таму сувязь са мной складнаватая. Вучуся карыстацца хатнім тэлефонам.

Што магу сказаць па сутнасці таго, што адбываецца? Паколькі не маю аніякай забароны аб інфармаванні пра тое, што адбываецца (не падпісваў нічога такога, ды і ніхто пра гэта і не казаў), думаю, што варта трошкі праясніць сітуацыю.

18 красавіка прыкладна ў 17.40 да касцёла ў Горках пад’ехала міліцыя. Мне паведамілі, што я павінен праехаць ў РАУС для размовы. Паколькі а 18.00 у нас святая Імша, я папрасіў узгадніць з кіраўніцтвам магчымасць самастойна прыехаць у РАУС пасля таго, як адслужу багаслужэнне.

Калі я прыехаў у РАУС, у мяне запатрабавалі мабільны тэлефон. Паколькі я яго з сабой не браў (мяне не папярэдзілі, што я павінен яго ўзяць), на міліцэйскай машыне мы вярнуліся да парафіяльнага дома пры і ўзялі мабільны тэлефон.

Як вяліся дагляд і допыт? Здаецца, больш-менш адэкватна. Хамства з боку міліцыі я не заўважыў, ніхто са мной на “ты” не пераходзіў, нават паказалі на маю просьбу службовыя пасведчанні.

Пэўныя замаруджанні меліся з тлумачэннем мне маіх правоў і абавязкаў, я трошкі настойліва папрасіў большай дакладнасці. Адносна беларускай мовы пайшлі на кампраміс — я адказваў па-беларуску, міліцыянт перакладаў і дакументаваў адказы па-руску. Асаблівых праблемаў не было, адно што паўсталі цяжкасці з разуменнем, што за месяц “березень” (у маім мабільным тэлефоне Facebook функцыянуе ва ўкраінскай мове, бо няма опцыі “беларуская”. Прыйшлося тлумачыць, што гэта сакавік — месяц, калі ажывае прырода і бруяе бярозавы сок.

Мне доўга не маглі сфармуляваць абвінавачванне. Нарэшце, сказалі, што гэта ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама вырабленне, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі).

Падставай для абвінавачвання з’явіўся рапарт ад 18.04.22, у якім адлюстраваная наяўнасць на маёй старонцы ў Facebook матэрыялаў з “экстрэмісцкіх крыніцаў”.

Пры мне ў маім мабільніку зайшлі ў Facebook і прадэманстравалі матэрыялы. Гэта здымак шклянога слоіка з надпісам на ўкраінскай мове аб просьбе вярнуць пасля перамогі, а таксама відэа, у якім украінская бабуля, што перажыла Другую сусветную вайну, заклікае спыніць баявыя дзеянні ва Украіне.

Праглядаючы маю старонку падрабязна, іншых спрэчных матэрыялаў не пабачылі. Мяне папрасілі іх выдаліць, я пагадзіўся. У пратаколе я падкрэсліў, што пагаджаюся з формай абвінавачвання, але не з сутнасцю.

Пасля мне паведамілі, што прама зараз затрымліваць мяне не будуць, хаця, паводле працэдуры, “гэта трэба было б зрабіць”. Папрасілі прыехаць у аддзел РАУС на наступны дзень у 9.00.

Вярнуўшыся дахаты, сабраў “трывожны заплечнік”, паклаўшы ў яго брэвіярый і іншыя кнігі. Пазваніў да сястры, каб не перажывала, як штосьці даведаецца (так атрымалася, што 18 красавіка — дзень яе нараджэння). Заснуць атрымалася хіба на гадзінку.

Ранкам прыехаў падтрымаць мяне біскуп Аляксандр, разам мы пайшлі ў аддзел, там, праз гадзіну чакання, нас скіравалі ў раённы суд (знаходзіцца недалёка РАУС).

У судзе спачатку не маглі зразумець мэты нашага “візіту”. Пасля патлумачылі, што я пакуль магу быць свабодны, бо яшчэ судом не атрыманы матэрыялы справы і ўзялі для сувязі нумар біскупа Аляксандра.

Яшчэ праз гадзіну на гэты нумар патэлефанавалі, запрасілі прыйсці, бо матэрыялы атрыманыя, але “пасяджэння сёння, хутчэй за ўсё не будзе”. Запісаўшы мой хатні нумар і мабільны нумар біскупа Аляксандра для сувязі, сказалі “не перажываць”.

У другой палове дня я пазваніў у канцылярыю суда і пачуў, што адказная асоба, якая будзе весці справу, яшчэ не пазнаёмілася з матэрыяламі справы.

Праз пэўны час прыехаў кс. Міхал са Шклова, мы разам памаліліся, выпілі кавы.

Ранкам 20 красавіка я патэлефанаваў у суд пасля 9.00 і пачуў, што пакуль няма тэрмінаў вырашэння працэдуры. На пытанне — ці магу я выязжаць у горад і займацца запланаванымі парафільнымі справамі, сказалі, што так. Каб аблегчыць сувязь са мной, даў ім нумар верніцы нашай парафіі, якая жыве блізка касцёла.

У другой палове дня адказалі, што нічога новага паведаміць не могуць.

21 красавіка ў канцылярыі суда паведамілі, хто займаецца справай, і сказалі чакаць. Яшчэ раз спытаўся, ці магу свабодна перамяшчацца, пацвердзілі, што ніякіх абмежаванняў няма.

Таму паціху вяртаюся да працягвання звычайнага душпастырскага служэння. Хоць у прынцыпе я ж яго і не перарываў.

Усё будзе добра. Гэта ўсё ў перспектыве вечнасці — такая дробязь, што не варта і замарачвацца. Будзем жа трымацца Хрыста, а ўсё іншае — дадасца».