Пагром грамадзянскай супольнасці Мінюст назваў «інвентарызацыяй»

Міністр юстыцыі прыйшоў з дакладам да Лукашэнкі і заявіў, што ў Беларусі за палову года ліквідавалі 116 грамадскіх аб’яднанняў

7cfoaxmlqsrdq5yubv4mga.jpg

21 красавіка міністр юстыцыі генерал Сяргей Хаменка даў кіраўніку Беларусі справаздачу пра сваю дзейнасць.

Сяргей Хаменка адзначыў зніжэнне колькасці грамадскіх аб’яднанняў. За паўгода дзейнасці Хаменкі было ліквідавана 116 грамадскіх абʼяднанняў, піша Св*бода.

Хаменка заявіў, што гэта была «інвентарызацыя», якая праводзілася «органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі».

Міністр паведаміў, што цяпер у краіне існуе 15 палітычных партый, аднак Мінюст «працягне працу па ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх абʼяднанняў».

Лукашэнка сказаў Хаменку, што «людзям трэба патлумачыць паняцце “грамадзянская супольнасць” і дакладна адлюстраваць гэта ў заканадаўстве». Выказаўся ён і пра адвакатаў, якія, на яго думку, павінны быць «дзяржаўнымі людзьмі».

«Адвакат павінен выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І яго дзеянні павінны быць заснаваныя на нормах закона, а не нейкіх прыдуманых нормах — свабоды слова і іншых свабод. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць», — сказаў Лукашэнка.

За апошнія паўтара года дзясяткі адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій, некаторыя выйшлі са складу калегій самастойна. Таксама быў прыняты новы закон аб адвакатуры, паводле яго абаронцы не могуць працаваць індывідуальна або ў адвакацкім бюро — толькі ў складзе юрыдычных кансультацый.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Сяргей Хаменка стаў міністрам юстыцыі ў кастрычніку 2021 года. «Зачыстка» грамадзянскай супольнасці Беларусі праводзілася яшчэ яго папярэднікам — Алегам Сліжэўскім.