Левінаў: Чаму «уцекачы» не просяць прытулку ў самай квітнеючай на свеце дзяржаве?..

На беларуска-польскай мяжы сабраліся ўцекачы ці турысты? Калі ўцекачы, то чаму не просяць прытулку ў самай сацыяльнай, прававой і квітнеючай на свеце дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь, а рвуцца на загніваючы Захад? — разважае праваабаронца.

84c77d70a0d9fe931ebed453ee1c8b27_xl.jpg

Гродзенскія памежнікі патлумачылі праваабаронцу Паўлу Левінаву сітуацыю з «уцекачамі».
У самы разгар міграцыйнага крызісу праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем умяшацца ў сітуацыю і пакараць вінаватых за развязаную беларускімі ўладамі канфліктную сітуацыю на беларуска-польскай і беларускай-літоўскай участках мяжы.

Аднак Генеральная пракуратура ўхілілася ад дачы прававой ацэнкі сітуацыі, а на заяўленыя патрабаванні спыніць беззаконне Левінаў атрымаў адказ з гродзенскай памежнай вайсковай часткі.

Павел Левінаў настойваў на тым, каб пракуратура аднавіла законнасць у прымежных з Польшчай і Літвой раёнах і пакарала за невыкананне службовых абавязкаў кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў і Дзяржаўнага памежнага камітэту.

На думку праваабаронцы, міліцыянты і памежнікі бяздзейнічаюць на мяжы: не складаюць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да замежных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, не прыцягваюць мігрантаў да крымінальнай адказнасці за разбурэнне памежнай інфраструктуры.

Аднак адказ на патрабаванні прыйшоў не з Генеральнай пракуратуры, а ад камандзіра вайсковай часці № 2141 Гродзенскай памежнай групы палкоўніка Канстанціна Моластава.

На думку Моластава, істотны рост колькасці ўцекачоў, звязаны найперш з ускладненнем сітуацыі ў краінах сыходу — людзі імкнуцца выратаваць сваё жыццё, засцерагчы сваіх дзяцей, свае сем'і. Для гэтага ўцекачы выкарыстоўваюць розныя схемы перамяшчэння ў краіны Еўрасаюза, у тым ліку — транзітныя маршруты з легальным знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі.

Моластаў: Канфлікт на мяжы ствараюць Польшча і Літва

Палкоўнік сцвярджае, што ў шматлікіх апублікаваных відэаматэрыялах можна пабачыць, як з сумежных краін на тэрыторыю Беларусі пастаянна спрабуюць выштурхнуць уцекачоў, у тым ліку жанчын і дзяцей, часта, маўляў, з выкарыстаннем фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, з запалохваннем зброяй і службовымі сабакамі.

Паведамляе, што па асобных фактах, якія прывялі да цяжкіх наступстваў, упраўленнем СК РБ па Гродзенскай вобласці распачатыя і расследуюцца крымінальныя справы ў дачыненні да польскіх вайскоўцаў.

На гэтых падставах памежнік робіць выснову аб тым, што асноўную пагрозу бяспецы для Беларусі, ствараюць не «ўцекачы», а агрэсіўныя дзеянні суседніх дзяржаў, якія замест выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязкаў, датычных захавання правоў «бежанцаў», ствараюць канфлікт на мяжы, нагнятаюць абстаноўку, у тым ліку — шляхам засяроджвання значнай колькасці вайскоўцаў і баявой тэхнікі.

«Адным з асноўных прыярытэтаў палітыкі, якая праводзіцца ў Еўрапейскім саюзе, зʼяўляецца абарона правоў чалавека. Канвенцыя Арганізацыі Абʼяднаных Нацый «Аб статусе ўцекачоў» (заключаная ў г. Жэнева 28.07.1951 г.), удзельніцай якой сярод іншых краін зʼяўляюцца Польшча і Літва, гарантуе права на разгляд пытання аб даванні чалавеку прытулку ў той краіне, на тэрыторыі якой ён знаходзіцца. Пры гэтым удзельнікі Канвенцыі не могуць накладаць спагнанні за незаконны ўезд ці незаконнае знаходжанне на іх тэрыторыі ўцекачоў», — паведамляе праваабаронцу палкоўнік Моластаў.

Левінаў: «Уцекачы» ці «турысты»?

На думку Левінава, так званыя «ўцекачы» не падпадаюць пад дзеянні Канвенцыі. Гэта, хутчэй, турысты ці, прынамсі, мігранты.

«Мне невядома аб тым, што Польшча і Літва, як удзельнікі Канвенцыі, высылаюць або вяртаюць уцекачоў на мяжу краіны, дзе іх жыццю або свабодзе пагражае небяспека. Ці вы лічыце, што ў Рэспубліцы Беларусь уцекачам такая небяспека пагражае? Пры гэтым у цяперашні час так званыя вамі ўцекачы масава пакідаюць Рэспубліку Беларусь, вяртаючыся ў краіны свайго грамадзянства. Дык уцекачы тады яны ці турысты? Калі ўцекачы, то чаму не просяць прытулку ў самай сацыяльнай, прававой і квітнеючай на свеце дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь, а рвуцца на загніваючы Захад?» — разважае праваабаронца.

«Памежнікі кіруюцца прынцыпамі чалавекалюбства»

Начальнік Гродзенскай памежнай групы патлумачыў Левінаву, што для развязання міграцыйнай катастрофы пагранічнікі кіруюцца прынцыпамі гуманізму і чалавекалюбства. Яны не прыцягваюць «уцекачоў», якія парушаюць законы, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, бо бяруць пад увагу іх уразлівае становішча, малазначнасць учыненых імі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзеянняў. Разам з тым, для мінімізацыі гэтай рызыкі перыядычна праводзяцца мерапрыемствы прафілактычнага характару.

«Такім чынам, выкладзеныя ў звароце факты пра нібыта незаконныя дзеянні супрацоўнікаў органаў памежнай службы Рэспублікі Беларусь не адпавядаюць рэчаіснасці. Фармаванне падобнай памылковай думкі ў большасці выпадкаў абумоўленае распаўсюджваннем у сетцы Інтэрнэт загадзя ілжывай і неправеранай інфармацыі, накіраванай на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады», — дакарыў начальнік памежнай групы праваабаронцу.

Палкоўнік рэкамендуе праваабаронцу атрымліваць абʼектыўную і праўдзівую інфармацыю аб дзейнасці органаў памежнай службы і аб становішчы на дзяржаўнай мяжы на афіцыйным інтэрнэт-партале і ў сацыяльных сетках Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Леў Барысаў, viciebskspring.org