«Лінгвістычная» пагроза канстытуцыйнаму ладу. Як судзілі Мікалая Віцікава за яго «погляд з ускраіны»

У Гомелі на адкрытым судовым працэсе судзілі 68-гадовага пенсіянера Мікалая Віцікава, колішняга завуча школы і дэпутата сельскага Савета ў вёсцы Церуха. Дзяржабвінаваўца патаўся ў Віцікава, чаму ён пісаў у сваім лісце пра фальсіфікацыю выбараў, хоць Цэнтрвыбаркам заяўляў, што фальсіфікацый не было.

mikalaj_vicikau_1.jpg


 Абвінавацілі вяскоўца ў замаху на «распаўсюд дыскрэдытуючых Рэспубліку Беларусь і яе органы ўлады заведама непраўдзівых звестак у публічных выступленнях, накіраваных на нанясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам» (артыкулы 14 і 369-1 КК).

Суддзя Навабеліцкага раённага суда Гомеля Аляксандр Зінчук, які разглядаў крымінальную справу, пакараў былога настаўніка 8 месяцамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

«Блісканне падабенствам розуму»

Пад варту Мікалая Віцікава ўзялі яшчэ 14 студзеня на падставе крымінальнага артыкула 130 — «распальванне варожасці». За колькі дзён да таго дзейны і неабыякавы вясковец узяў Канстытуцыю, выразаў з мясцовай газеты надрукаваныя папраўкі і дапаўненні ў Асноўны закон, прапанаваныя ўладай на абмеркаванне і рэферэндум, і накіраваўся да дэпутата Гомельскага абласнога Савета Ігара Дзягцярыка, дырэктара доследнага лясгаса. Не проста так пайшоў, а запісаўся на прыём. Вёска Церуха, дзе жыве Віцікаў, уваходзіць у выбарчую акругу №25 дэпутата Дзягцярыка. Меў з сабою Мікалай Герасімавіч і падрыхтаваны ліст са сваім асабістым меркаваннем — гэткі «погляд з ускраіны», як ён называў, — наконт сітуацыі ў краіне, гвалту з боку сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ды прапанаванага на плебісцыт новага органа — Усебеларускага народнага сходу.

Яшчэ вясковец прапаноўваў дэпутату зладзіць у Церусе дыялогавую пляцоўку, каб і сельскія жыхары маглі абмяркоўваць змены ў Канстытуцыю. Лічыў, што падзея лёсавызначальная і ўлада мусіць раіцца з людзьмі.

Ад дэпутата Віцікаў са сваімі прапановамі і «поглядам з ускраіны» выправіўся ў рэдакцыю раённай газеты «Маяк». Балазе рэдакцыя знаходзіцца па дарозе з лясгаса ў цэнтр раёна. Сустрэўся там з галоўнай рэдактаркай выдання Ірынай Канавалавай, якая адначасна як старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» збірала прапановы грамадзян па Канстытуцыі. Яна і заявіла ў міліцыю, што пенсіянер распаўсюджвае абразлівыя лісты.

І вось у той самы дзень, 5 студзеня, позна ўвечары, ужо пасля 22.00, у вясковы дом, дзе жыве Віцікаў з жонкаю, таксама педагогам, пагрукаліся незнаёмцы.

«Адзін назваўся — нехта Мохараў. Мы жывём на ўскрайку вёскі. Ноччу я не асмеліўся адчыняць», — казаў на судзе Мікалай Віцікаў.

Назаўтра да педагогаў з ператрусам прыехалі оперупаўнаважаныя і эксперты — шукалі экстрэмісцкія матэрыялы ды сімволіку. Праз тыдзень Віцікава арыштавалі.

У гэты ж самы час у раённай газеце «Маяк» з’явілася публікацыя «Минута славы» любой ценой». Аўтарка, якая схавалася пад псеўданімам Лідзія Нікіфарава, распавядала пра «правінцыйнага інтэлігента пенсіённага ўзросту», што «чарпнуў натхненне» для свайго опуса ў праекце Канстытуцыі, згледзеўшы ў ім «лінгвістычную» пагрозу канстытуцыйнаму ладу і беларускаму народу. Пенсіянер, маўляў, і «правакатар», і хайпануць захацеў, і «бліскануць падабенствам розуму» — процьма ўсялякіх ярлыкоў на адрас вяскоўца. І далей (на мове арыгіналу):

«Творчество» сельчанина изобилует стандартными беспочвенными обвинениями и оскорблениями представителей власти и самой государственной системы. А как по-другому воспринимать то, что человек называет действующий государственный строй «лукашизмом», сторонников власти — «ябатьками», действия правоохранительных органов — «зверствами»…»

Але больш за ўсё бруду, сцвярджае аўтарка, настаўнік-пенсіянер выліў на Усебеларускі народны сход, нягожа параўноўваючы яго з «шабашам». У кожным радку, маўляў, гэткі «іудзін пацалунак», і вясковец свае «пасквілі разносіць не горш сапраўднага сектанта па ўсім раёне».

Ёсць у выпушчанай публікацыі «Маяка» і падсумаванне: «местачковы «пратэстун» адпраўлены ў СІЗА, дзе ў спакойнай задушэўнай гутарцы са следчымі дзеліцца сваімі «аднаклеткавымі» думкамі па тэорыі беларускага дзяржаўнага ладу і практыцы прымянення адміністрацыйнага і крымінальнага кодэкса да асобна ўзятага сельскага правакатара». 

Погляд функцыянераў

Ірыну Канавалаву выклікалі ў суд як сведку. У яе і запытаўся Мікалай Віцікаў, ці прасіў ён распаўсюджваць свой «погляд з ускраіны».

«Вы сказалі: можаце пазнаёміць і савет «Белай Русі», — засведчыла Канавалава.

Настаўнік перадаў свае кароценькія заметкі рэдактарцы для яе асабістага азнаямлення і, магчыма, чальцоў «Белай Русі», калі яна таго пажадае.

Падобнае наўпроставае пытанне наконт распаўсюду «крымінальнага рукапісу» адрасаваў Віцікаў на судзе і яшчэ аднаму сведку па справе, дэпутату Дзягцярыку: «Ці прасіў я вас публічна распаўсюджваць мой рукапіс? Альбо перадаў толькі для азнаямлення?»

«Вы ў кабінеце на прыёме выклалі сваё меркаванне па Канстытуцыі, — адказаў дэпутат. І ўжо са здзіўленнем працягваў: — А ці прасіў… гэта каб я ваша меркаванне выкладаў?»

«Прасіў я распаўсюдзіць, размножыць ці не?» — спрабаваў атрымаць адказ ад сведкі на сваё пытанне Віцікаў.

Умяшаўся суддзя: «Што сказаў, тое сказаў», — і распарадзіўся, каб абвінавачаны настаўнік заняў сваё месца.

Суд пацікавіўся ў сведкі-дэпутата, ці азнаёміўся ён наогул са зместам рукапісу Віцікава.

«Не чытаў. На прыёме прысутнічала мая намесніца па ідэалогіі Вольга Максіменка — ёй і перададзены быў ліст», — сказаў Ігар Дзягцярык.

Падсудны настаўнік, седзячы ў «клетцы», толькі дзіву даваўся: як наогул маленькі аркушык паперы, напісаны шарыкавай ручкай, няхай сабе і пераведзены праз прынтар, можа нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам? 

«Не магу сабе хлусіць»

Абвінавачванне ў судзе супраць вясковага педагога падтрымліваў прадстаўнік раённай пракуратуры Кірыл Кадоўба. Прапаноўваў пакараць настаўніка годам калоніі.

«Вы, пэўна, ведалі праўдзівую інфармацыю: СК і МУС заяўлялі, што падчас пратэстных акцый у дачыненні да мірных дэманстрантаў неабгрунтавана не прымяняўся гвалт, у тым ліку зброя. Чаму вы пісалі ў сваім рукапісе, што быў гвалт?» — пытаўся пракурор.

«Я бачыў рэпартаж па дзяржаўным тэлебачанні. Там паказвалі, што трое ці чацвёра міліцыянераў білі дубінкамі чалавека, які ляжаў на зямлі. Гэта і вымусіла мяне напісаць. Я бачыў кадры сваімі вачыма — не магу ж я сабе хлусіць», — адказваў Віцікаў.

Дзяржабвінаваўца з пракуратуры папраўляў падсуднага настаўніка: праваахоўныя органы паводле заканадаўства маюць права на сілавое затрыманне, і яго не трэба блытаць з гвалтам.

Пытаўся дзяржабвінаваўца ў Віцікава, чаму ён пісаў у сваім лісце пра фальсіфікацыю выбараў, хоць Цэнтрвыбаркам заяўляў, што фальсіфікацый не было.

«Хочаш пазнаць акіян — даследуй яго кроплю. Я прасіў на сваім участку ў вёсцы азнаёміць мяне з выніковым пратаколам выбараў. Гэтага зроблена не было і ў сённяшні час. Нават тройчы пісьмова звяртаўся да старшыні нашага сельвыканкама Анатоля Цалкі — і нічога. Лісты мае ёсць у матэрыялах справы. Не гаварыў я пра фальсіфікацыю, гаварыў, што вынікі выбараў выклікаюць у мяне сумнеў», — адказаў пенсіянер.

Вальтэр не ў пашане

На паверку ніяк не выглядала, што Віцікаў разносіць свае пасквілі па раёне «не горш сапраўднага сектанта». Ці не таму следчыя ўрэшце і перакваліфікавалі справу настаўніка-пенсіянера з «распальвання варожасці» на «дыскрэдытацыю Беларусі» з адсылкай на артыкул 14 КК — «замах на злачынства».

Па сваёй шчырасці і жаданні жыць па справядлівасці Віцікаў кіраваўся прынцыпам філосафа Вальтэра, пра што і казаў у судзе: «Я не адабраю тое, што вы кажаце, але я буду абараняць да смерці ваша права сказаць гэта».

Біблейскі запавет: не судзіце…

Суд, канешне, высвятляў у Віцікава, ці прызнае ён сваю віну. Вясковы педагог спаслаўся на біблейскі запавет: не судзіце ды судзімы не будзеце. І зазначыў, што з гледзішча хрысціянскіх паводзін ён вінаваты, паколькі дазваляў сабе асуджэнне — міліцыі і ўлады.

«Фактычна атрымліваецца, што вы прызнаяце абвінавачанне ў поўным аб’ёме?» — пыталіся ў падсуднага.

«Я не магу прызнаць тое, што прапаноўваў рукапіс дэпутату аблсавета Дзягцярыку для публічнага распаўсюду і зачытвання на сустрэчах. Тое ж самае датычна «Белай Русі» і рэдактара газеты «Маяк». Я прапанаваў ім свой рукапіс для асабістага азнаямлення з маім меркаваннем наконт змен у Канстытуцыю, але не для распаўсюду», — зазначыў Віцікаў.

У сваім апошнім слове настаўнік нават прыводзіў урыўкі з Евангелля, дзе гаворыцца, што трэба дабраслаўляць нават ганіцеляў і маліцца за тых, хто цябе крыўдзіць, а яшчэ — любіць людзей, у тым ліку і ворагаў. 

Церуха заступаецца

У вёсцы Церуха Мікалай Віцікаў жыве 42 гады. Вяскоўцы ведаюць яго: станоўчы чалавек і настаўнік. Інтэлігентны, добразычлівы і спагадлівы. Блізкія і знаёмыя шакіраваны абвінавачаннямі і тымі фармулёўкамі, з якімі абрынулася на вясковага педагога «раёнка». 22 жыхары Церухі нават прыслалі ў Навабеліцкі суд хадайніцтва, заступіліся за аўтарытэтнага аднавяскоўца, прасілі не караць яго пазбаўленнем волі.

Чым бы ні займаўся Віцікаў, ён заўсёды пакідаў заўважны след. Вучыў літаратуры дзяцей — паважаў у кожным школьніку асобу. Будучы ўжо намеснікам дырэктара, стварыў гурток юных садаводаў. Пры школе заклалі сад, і ён прыносіў установе грошы. Сродкі накіроўвалі нават у Арменію на дапамогу ахвярам землятрусу ў Спітаку.

Абралі дэпутатам сельскага Савета — зрабіў са сваёй ініцыятывы і за свае сродкі мосцік праз мясцовую рэчку, каб дзецям зручна было хадзіць у школу. Ставілі памятны знак дзеля ўшанавання памяці спаленых жыхароў вёскі Церуха — Віцікаў і падмурак заліваў бетонам, і тэрыторыю парадкаваў вакол памятнага каменя. Школьны музей ваеннай славы дапамагаў рэканструяваць.

Калі ў свой час сталага веку вяскоўцы паскардзіліся, што праз стромкі пад’ём цяжка ісці да царквы, Мікалай Герасімавіч зрабіў лесвіцу, лаўкі для перадыху. У 2017 годзе Віцікаў спрычыніўся да ўстаноўкі крыжа на месцы разбуранай бальшавікамі царквы — узяў на сябе ўсе арганізацыйныя захады.

З іншага боку, дэпутатам Віцікаў быў нязручным, найперш, канешне, для начальства. Тое, што ў раённай газеце называюць «скандальнымі ўчынкамі», датычна нязручных пытанняў Віцікава. Напрыклад: чаму гэта старшыня сельскага Савета і старшыня сельскага выканкама — адна асоба, прызначаная райвыканкамам? Дзе ж у такім разе падзел улад? Калі ўжо бюджэт мясцовых саветаў будзе фарміравацца на падаткі тых арганізацый, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі? Альбо пытанне пра выбарчыя камісіі ў вёсцы: хто іх мусіць утвараць — сельскі выканкам ці раённы?

Мікалай Віцікаў, калі быў абраны сельскім дэпутатам, не жадаў ціха «перабыць» сваю кадэнцыю і тым здаволіцца. Трэба для вырашэння нейкага пытання прыцягнуць увагу, надаць яму галоснасць — браў асадку, аркуш паперы, садзіўся і пісаў. У «Народную Волю», у прыватнасці. Такі вось ён — «сельскі правакатар» і «скандаліст».

Да цяперашняга арышту Мікалай Герасімавіч даглядаў сваю гаспадарку — разводзіў пчол, займаўся садам-агародам. У няволі ён ужо 6 месяцаў. З улікам таго, што адзін дзень пазбаўлення волі ў СІЗА да суда лічыцца як паўтара дня адсідкі ў калоніі, Віцікаву пасля вынясення прысуду засталося адбыць два тыдні пакарання. Але за што ўсё гэта сумленнаму і неабыякаваму вяскоўцу, нераўнадушнаму да лёсу сваёй краіны і ўскраіны, дзе жыве?

 “Народная Воля”