«Любы нармальны чалавек – антыфашыст» (фота, відэа)
«Я яго вельмі люблю. Мы з мужам выхавалі дастойнага сына, прыстойнага чалавека і грамадзяніна нашай краіны». Гэта словы Раісы Валавік, маці антыфашыста Іллі Валавіка, асуджанага на 10 гадоў зняволення па сфабрыкаванай справе.
Ілля Валавік
«Буду змагацца за яго да апошняга»
Іллю Валавіка асудзілі ў сакавіку 2017 года на 10 гадоў узмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў хуліганстве і кіраванні незарэгістраванымі арганізацыямі (фанацкімі суполкамі). Справу на хлопца завялі праз два гады пасля сутычкі з футбольнымі фанатамі, у якой Ілля нават не ўдзельнічаў...
Ілля знаходзіцца за кратамі ў Магілёўскай калоніі ўжо два гады. Яго сябры стварылі сайт у падтрымку таварыша valavik.com, а днямі прэзентавалі ў Мінску фільм «Партрэт беларускага антыфашыста. Ілля Валавік». Ён паказвае Іллю як асобу, змагара, моцнага духам чалавека, добрага бацьку і сына.
Ілля з дзяцінства быў актыўным дзіцём, таму ў 6 год яго аддалі ў секцыю каратэ-до. Потым было кантактнае каратэ, кікбоксінг...
«У яго было абвостранае пачуццё справядлівасці па жыцці. Ён пастаянна мусіў кагосьці абараняць, — распавядае ў фільме Раіса Валавік. — Гэта чалавек, які не пройдзе міма мамы з вазком, сталага чалавека, суседзяў з торбамі, каб не дапамагчы».
Але калі ішло следства, да спадарыні Раісы даводзілі, што яна не ведае свайго сына. Ды толькі хто, як не маці, ведае сваё дзіця, якое дзялілася з ёй усімі сваімі поспехамі і няўдачамі? Нават з бацькам, ваенным чалавекам, ён не ўсім мог падзяліцца, а перад маці не саромеўся паказаць слёзы.
Але 3 кастрычніка 2017 года сэрца бацькі Іллі, спадара Ігара, спынілася. Маці кажа — ад перажыванняў за сына. Яму было ўсяго 55 гадоў.
Ілля вельмі цяжка перажывае сыход бацькі. Яго нават не пусцілі на развітанне з ім, і адзінае, што засталося хлопцу, — гэта лісты і паштоўкі, напісаныя татам. Але гэта не ўсе страты, якія зведала сям’я Валавікоў. За час, што хлопец знаходзіцца ў зняволенні, адышлі ў іншы свет і дзве яго цёткі ды любімая бабуля, якая была для яго сапраўдным сябрам.
«Я не хачу казаць, што Ілля быў белы і пухнаты. Але здарылася так, што «спадары харошыя» маю сям’ю знішчылі, і цяпер знішчаюць сям’ю сына», — кажа ў фільме Раіса Валавік.
Але маці спадзяецца, што сітуацыя пераменіцца, і яе сына выпусцяць. Бо без яго нарадзілася і расце яго дачка Глорыя.
«Я падтрымліваю сына ва ўсіх яго справах. Я яго люблю і буду змагацца за яго да апошняга, на колькі хопіць моцы і чалавечага здароўя. Я ганаруся, што ён у нас такім вырас».
Пазней спадарыня Раіса распавяла «Новаму Часу», што фізічнае здароўе сына, якое ўзімку выклікала перасцярогі, палепшала, псіхалагічны стан таксама прыйшоў у норму. У зняволенні Ілля паверыў у Бога. Праўда, да нядаўняга часу яму забаранялі наведваць царкву, але цяпер забароны знятыя.
Ад перадачы да перадачы
Жонка Алёна ў фільме распавядае, што Ілля спадабаўся ёй, бо не меў шкодных звычак, спартсмен, захапляўся гісторыяй.
Але калі здарылася бяда, многія адвярнуліся ад яе мужа, таму што ён нібыта на наступны дзень пасля затрымання пачаў даваць паказанні. Але ж ніхто не ведае, якія паказанні і ў якіх умовах ён даваў, перакананая Алёна. Пазней муж распавёў, што яго прывезлі пад вокны радзільні, дзе Алёна ляжала на захаванні цяжарнасці, і паказалі пастанову аб яе затрыманні: нібыта на яе была заведзеная крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі. Пагражалі, што Алёна будзе нараджаць у турме, калі ён не падпіша, што трэба… Ён мусіў гэта зрабіць, а ўжо на судзе часткова прызнаў віну толькі па эпізодзе з бойкай, бо быў у тым раёне фізічна, але нічога не рабіў. Абвінавачванне ў кіраванні незарэгістраванай арганізацыяй не прызнаў цалкам.
Так ці інакш, Алёна нарадзіла дачку на волі, цяпер гадуе яе і жыве, як кажа, «ад перадачы да перадачы». Уручыць іх можна падчас спатканняў: два разы на год дазваляюць доўгія — па 2 – 3 дні, тры разы на год — кароткія. Калі толькі не пазбаўляюць права на спатканне за якую-небудзь «правіну». Алёна пакуль знаходзіцца ў дэкрэце, і таму збіраць наступную перадачу для мужа пачынае амаль адразу пасля спаткання: калі купляеш усё пакрысе, за некалькі месяцаў, атрымліваецца не так накладна.
Страх «майдану»
У фільме сябры распавядаюць, што Ілля — лідар па прыродзе, чалавек з характарам, які не адступаўся ад сваіх перакананняў. «Любы нармальны чалавек па сваёй сутнасці — антыфашыст», — зазначаюць яны.
Яны перакананыя, што прысуд Іллю і астатнім антыфашыстам — гэта выключна палітычная справа.
«Не трэба думаць, што мая хата з краю і вас гэта абміне. Такая сітуацыя можа здарыцца з любым чалавекам у дзеючай дзяржаўнай сістэме», — дадаюць паплечнікі Іллі Валавіка.
Сяргей Гур жыў у адным пад’ездзе з Іллём з пачатку 1990-х гадоў. Ён бачыў, як хлопец рос, гуляў з ім у футбол. У 2009 годзе Сяргей стаў трэнерам Іллі па кікбоксінгу. Ён перакананы, што нехта ў дзяржаўным апараце памыліўся, палічыўшы яго небяспечным для грамадства. А Ілля проста аказаўся ў не той час не ў тым месцы. Бо яго гадаванец ніколі не хуліганіў і пазбягаў канфліктаў, нават калі яго правакавалі. Гэта глупства — даваць чалавеку 10 гадоў за адно разбітае шкло, кошт якога склаў менш за адну базавую і якое было двойчы аплочана, лічыць трэнер.
«Усе крымінальныя справы, якія МУС жадае навесіць на актывістаў, былі закрытыя, але па загадзе ГУБАЗіКа былі адноўленыя, — распавядае адзін з аўтараў фільма пра Іллю Валавіка Вячаслаў Касінераў. — Дзясяткі антыфашыстаў былі затрыманыя, адбыліся дзясяткі ператрусаў. Лідары руху прынялі на сябе найбольшы ўдар, і гэта тое, што напаткала Іллю Валавіка. Рэжым дамогся таго, каб знішчыць любую пратэстную актыўнасць. Потым гэта дапоўнілі антыдармаедскія дэкрэты, і масавыя выступленні людзей спарадзілі велізарныя тэрміны для антыфашыстаў — замест пары гадоў ім далі па 10 – 12. Страх «майдану» прымусіў дзяржаву пайсці на такія жорсткія рэпрэсіўныя меры».
Аўтары фільму — іх усяго некалькі чалавек — перакананыя, што прысуды антыфашыстам — гэта ўдар сістэмы па пасіянарных людзях, якія былі гатовыя да актыўных дзеянняў.
Фільм «Партрэт беларускага антыфашыста. Ілля Валавік» пакажуць у некалькіх беларускіх гарадах, а пасля выкладуць у сеціва. Пакуль жа той мінімум, які можа зрабіць кожны з нас, — пісаць палітвязням лісты, падтрымліваць маральна і матэрыяльна іх і іх сем’і.
Ілля Валавік вельмі радуецца лістам падтрымкі, для яго гэта вельмі важна. Лістуйце яму на адрас: Магілёў, Слаўгарадская шаша 183, ПК -15, атрад 11, 212013. Валавіку Іллю Ігаравічу.