Маці Іллі Валавіка: «Я не ведаю, як дапамагчы сыну»
У асуджанага на 10 гадоў зняволення па «справе антыфашыстаў» Іллі Валавіка абвастрыліся праблемы са здароўем, але дамагчыся медычнага абследавання ён не можа.
«Яшчэ калі ў нас было спатканне 29 кастрычніка, ён начамі не спаў, у яго быў упадак сіл. Звярнуўся да псіхолага, яму прызначылі курс лячэння, сядзеў на антыдэпрэсантах. А цяпер у яго развілася тахікардыя, сэрца грукае так, што ледзь не выскоквае. Кажа, баліць сэрца, скардзіцца на грудзінны боль. Яму прызначылі нейкія таблеткі, папіў, але паляпшэнняў няма. Зараз зноў збіраецца ісці да ўрача. Кажа, што спрабуе дабіцца прызначэння нейкіх прэпаратаў, а лекары ў турме разводзяць рукамі», — распавяла «Новаму Часу» маці вязня Раіса Валавік.
Яна называе сына праўдашукальнікам і кажа, што ва ўмовах, калі чалавека пасадзілі за тое, што ён нічога не зрабіў, з ім могуць здарыцца любыя зрывы.
«Яму яшчэ паўгода таму павінны былі даць заахвочванне за спартыўныя спаборніцтвы. Але яго заява знікла. Яму далі зразумець, што калі ён будзе выбіваць заахвочванні, то тут жа будуць парушэнні – там жа хутка гэта ўсё робяць», — кажа спадарыня Раіса.
Па яе словах, гэты ціск выцягвае з сына ўсе жыццёвыя сокі. Жанчына з адвакатам піша скаргі ў Вярхоўны суд.
«Разумееце, летась 3 кастрычніка ў яго памёр бацька. 55 год, палкоўнік Генеральнага штаба. Ён памёр ад бяды, у яго спынілася сэрца, на якое ён ніколі не скардзіўся. Вядома, Іллю не пусцілі развітацца з бацькам. Дазволілі пазваніць. Ён крычаў у тэлефон: «Мамачка, што здарылася з татам?» — а я кажу: «Няма таты, сынок…» А чатыры месяцы таму памерла мая мама, бабуля Іллі, якая яго разумела. Для яго гэта вялікая страта», — дзеліцца жанчына.
Цяпер маці дамагаецца магчымасці прайсці медычнае абследаванне для сына, яе вельмі непакояць яго пульс, большы за сто ўдараў, і сардэчны боль. Таксама яна змагаецца за тое, каб Іллю прызначылі УГД, бо ў яго камень у нырцы.
«Я папрасіла, каб яму зрабілі УГД, сказала, што мне патрэбны вынік, каб далей звяртацца да дактароў. А мне кажуць: ««Мне патрэбна» — гэта не ў нашых умовах. Гэта турма». Я адказваю: «Вы разумееце, што можа аказацца позна?» — «Я праверу ў яго аналізы, і калі нешта знойдзецца, пастаўлю на чаргу на УГД». Я сказала, што ўсё аплачу, але мне адказалі, што так не робіцца. Цяпер у яго гэты камень у стане рэмісіі, не дае ніякіх адхіленняў у аналізах. Але ж ён існуе. Ён проста можа разбурыць нырку. Сын прайшоў курс лячэння, і цяпер трэба зрабіць УГД, каб паглядзець, што гэта дало. Але гэтага дабіцца немагчыма.
Ужо 2,5 гады як Ілля Валавік знаходзіцца ў зняволенні. Падставай для крымінальнай справы стаў канфлікт, які адбыўся ў чэрвені 2014 года. Паводле праваахоўнікаў, фанаты футбольнага клубу «Партызан» (якія звычайна прытрымліваюцца антыфашысцкіх поглядаў) на машынах блакавалі рух тралейбуса, у якім ехалі іх праціўнікі – фанаты мінскага «Тарпеда» (некаторыя з якіх вядомыя неанацысцкімі поглядамі). Пасля гэтага ініцыятары канфлікту забеглі ў тралейбус, выбілі ў ім шкло, пашкодзілі салон, распылілі слезацечны газ і напалі на «тарпедаўцаў». Была распачатая крымінальная справа па ч. 339 КК «Хуліганства».На судзе большасць пацярпелых адмовіліся ад усялякіх прэтэнзій да абвінавачаных. Фігуранты справы заяўлялі пра ціск падчас следства.
Шэраг грамадскіх актывістаў лічаць Іллю Валавіка палітвязнем, бо жорсткі прысуд у яго адносінах абумоўлены яго палітычнымі поглядамі. Між тым праваабаронцы афіцыйна не прызналі Валавіка палітвязнем.
Па словах маці, вязень вельмі ўдзячны за лісты, якія да яго прыходзяць. Напісаць Іллю Валавіку можна на адрас: 212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК-15, атр.11. Валавік Ілля Ігаравіч.
Сябры Іллі стварылі ў яго падтрымку сайт valavik.com.