Лукашэнка будзе помсціць

Тэлеграм-канал «Кукловод и овца» — пра тое, як крушэнне беларускай эканомікі ўдарыць па актыўнай частцы суграмадзян.

7515d45baa3b6a2a8731b66585a7f3ba.jpg


Для пачатку трэба дакладна разумець, што эканамічна актыўныя людзі — гэта не толькі айцішнікі і бізнесмены. Гэта і таксісты, і афіцыянты, і рэпетытары, і манікюршчыцы, і будаўнікі. Гэта наогул усе, чый даход наўпрост залежыць ад якасці і колькасці выкананай працы. Менавіта такія людзі і з'яўляюцца рухаючай сілай любой нармальнай эканомікі.
Беларускую эканоміку цяжка назваць нармальнай, і ў яе сапраўды быў перыяд, калі рост адбываўся за кошт буйных дзяржпрадпрыемстваў і тлустых падачак ад Масквы. Аднак апошнія дзесяць гадоў увесь эканамічны пазітыў быў звязаны выключна з ростам сферы паслуг — у першую чаргу з IT-сектарам. Актыўныя беларусы былі той крывёю, што надавала прыемнае ружовае адценне трупу планавай лукашэнкаўскай эканомікі. Здавалася б, такіх людзей трэба шанаваць і аберагаць. Аднак цяпер яны аказаліся пад цяжкім ударам, прычым з двух бакоў.
1. Знешні ўдар. Большай часткай свету РБ прызнаецца агрэсарам нароўні з РФ. Любыя адносіны з любымі рэзідэнтамі Беларусі гранічна таксічныя. А значыць, прыватныя беларускія кампаніі, якія працуюць на экспарт, будуць у значнай ступені адрэзаныя ад знешніх рынкаў. З тым жа IT-сектарам можна пачынаць развітвацца. Ты быў добрым сябрам, да сустрэчы на Кіпры і ў Тайландзе!
Крушэнне экспартна-арыентаваных бізнесаў па ланцужку знішчыць усю сферу паслуг. Няма каму (дакладней, няма за што) будзе хадзіць у кавярні, ездзіць у таксі, аплачваць рамонт і рабіць пазногцікі па пяць разоў на месяц. Эканамічна пасіўнае насельніцтва будзе занятае фізічным выжываннем, а праслойка аграэліты занадта тонкая, каб забяспечыць хоць які-небудзь істотны попыт.
2. Унутраны ўдар. Найбуйнейшы (без усялякай іроніі) беларускі эканаміст Сяргей Чалы называе падзеі 2020 года «буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй». І сапраўды, рухаючай сілай пратэсту былі тыя, хто самі зарабляюць сабе на жыццё.
Лукашэнка гэта разумее, Лукашэнка гэта запомніў, і чым больш адчайным будзе яго становішча (а гэта будзе адбывацца даволі хутка), тым больш жорстка ён будзе помсціць тым слаям грамадства, што пайшлі супраць яго. І будзе ён гэта рабіць не толькі з асабістай нянавісці (а як ён ставіцца да прыватнага бізнесу і людзей з адукацыяй, мы ўсе ведаем), але і з пачуцця самазахавання, бо калапс эканомікі можа выклікаць яшчэ больш магутную хвалю пратэстаў.
Трэба таксама разумець, што грошай на ўтрыманне вялізнага войска, разнастайных сілавікоў і кантралёраў будзе нашмат менш. А значыць, давядзецца адпраўляць іх на вольны выпас. Задача з зорачкай: каго яны пачнуць есці ў першую чаргу?