ААН пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі: «Звесткі пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых»
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай Упраўленнем Вярхоўнага камісарыяту ААН па правах чалавека (УВКПЧ).
«Збівалі пратэстоўцаў, пакуль яны не гублялі прытомнасць, — паведаміла, выступаючы ў Палацы Нацый у Жэневе, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет. — Пры гэтым супраць дэманстрантаў ужываліся святлошумавыя гранаты і сталёвыя кулі з гумовым пакрыццём, што прывяло да шматлікіх цяжкіх траўмаў».
Па інфармацыі, атрыманай з вартых даверу крыніц, адзначыла
вярхоўны камісар, у выніку празмернага прымянення сілы ў ходзе пратэстаў
загінулі прынамсі тры чалавекі. Улады Беларусі адмаўляюць адказнасць за гібель
гэтых людзей, хоць ніякага расследавання, як гаворыцца ў справаздачы УВКПЧ, не
праводзілася.
«Нашы даныя пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых і
прымянення іншых формаў сексуальнага і гендэрнага гвалту ў дачыненні як мужчын
— так і жанчын, — расказала Бачэлет. — Медыцынскія запісы, вывучаныя УВКПЧ,
паказваюць на наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталій. Да затрыманых таксама
ўжываўся псіхалагічны ціск, у тым ліку і пагрозы згвалтавання».
Мішэль Бачэлет заклікала ўрад Беларусі неадкладна вызваліць
усіх палітвязняў і спыніць парушэнні правоў чалавека, адзначае найстарэйшае выданне Беларусі, якое прызнанае ўладамі «экстрэмісцкім».