Магілёўскія медыкі патрабуюць расследаваць збіццё калегі амапаўцамі

Калегі рэнтген-лабаранта ААТ «Аблгаспстамппліклініка» Андрэя Вярбіцкага, якога 27 верасня 2020 года збілі супрацоўнікі міліцыі, патрабуюць ад пракуратуры ўсталяваць асобы вінаватых у збіцці і прыцягнуць іх да адказнасці. Калектыўны ліст у пракуратуру Магілёва накіравала жонка збітага Ірына Вярбіцкая.

Андрэй Вярбіцкі

Андрэй Вярбіцкі


Інфармацыя пра тое, што Андрэй Вярбіцкі быў жорстка збіты міліцыянтамі, прайшла ў беларускіх незалежных і замежных СМІ. Знаходзячыся ў будынку Ленінскага РАУС, мужчына сплываў крывёю, у той час як супрацоўнікі міліцыі афармлялі іншых затрыманых. Больш за тое, адзін з міліцыянтаў, якія яго афармлялі, назваў збітага мэдыка клоўнам, а спробы людзей аказаць дапамогу пацярпеламу спыняліся, як і яго жаданне падыхаць свежым паветрам.

Пасля Вярбіцкага забрала хуткая дапамога. У бальніцы ён прабыў тры дні, а пасля чаго зноў быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. 1 кастрычніка 2020 года суддзя суда Ленінскага раёна Наталля Панасенка прызначыла збітаму міліцыянтамі медыку 14 сутак адміністрацыйнага арышту па ч. 1 арт. 23.34 Каап (удзел ў несанкцыянаванай акцыі). Яна вяла судовы працэс па відэасувязі і адмовіла яму ў праве азнаёміцца з матэрыяламі яго ж справы.

У звароце 51 чалавека ў пракуратуру Магілёва, сярод якіх мноства медыкаў, што працуюць з Андрэем Вярбіцкім, у прыватнасці гаворыцца, што неўстаноўленыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў парушылі артыкул 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню. Пра гэта ж кажа і Артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.

Падпісанты адзначаюць, што па рэкамендацыі лекараў Вярбіцкі павінен быў працягнуць амбулаторнае лячэння ў УАЗ «Магілёўская паліклініка № 3». «Аднак нават нягледзячы на яго дрэннае самаадчуванне і рэкамендацыі лекараў у наступным ён быў затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама да суда. Згодна з п. 1 арт. 10.9 ПВКАаП Рэспублікі Беларусь асоба, якая ўдзельнічае ў адміністрацыйным працэсе, можа быць выклікана ў суд позвай. Неабходнасці ў затрыманні Вярбіцкага Андрэя Аляксандравіча да суда не было, паколькі ніякай пагрозы для грамадскай бяспекі ён не ўяўляў і не мог уяўляць» — упэўненыя грамадзяне, якія падпісалі зварот.

У звароце гаворыцца, што асуджаны да адміністрацыйнага арышту медык з’яўляецца спецыялістам вышэйшай катэгорыі, узорным работнікам і ключавым супрацоўнікам па сваёй спецыяльнасці ў дадзенай медыцынскай установе. «У сувязі з яго затрыманнем паралізаваная праца рэнтгеналагічнага кабінета, гэты факт вельмі адмоўна адбіваецца як на пацыентах, якія чакаюць кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, так і на працы ўсёй стаматалагічнай клінікі. З-за адсутнасці Андрэя Аляксандравіча часткова паралізуецца праца двух аддзяленняў бальніцы: артапедычнага і тэрапеўтычнага. Ні адно з іх аддзяленняў не ў стане працаваць без рэнтгенаўскіх здымкаў» — адзначаецца ў дакуменце.

У звароце падкрэсліваецца, што Андрэй Вярбіцкі «з’яўляецца высока паважаным чалавекам у грамадстве, а таксама бацькам дваіх малалетніх дзяцей».

У калектыўным звароце сярод іншага — просьба правесці поўную пракурорскую праверку па факце жорсткага і бесчалавечнага затрымання супрацоўнікамі міліцыі Вярбіцкага А. А., устанавіць асоб, якія перавысілі свае паўнамоцтвы пры яго затрыманні, і прыцягнуць іх да адказнасці.

Паводле Mogilev.online