Марына Золатава: «Найбольшым уронам для рэпутацыі БелТА з'яўляецца гэты працэс»

Шосты дзень суда над галоўнай рэдактаркай парталу TUT.BY быў прысвечаны допыту абвінавачанай.

zolatava_sud_dzijana_seradzjuk__10__logo.jpg

Марына Золатава ў першы дзень суда
Дзень суркаКаторы ўжо раз прагучала, што аб несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі БелТА Марына Золатава даведалася ў сакавіку 2018 года ў тэлефоннай размове з Ганнай Калтыгінай. Яна асудзіла гэта, пасля Калтыгіна параўнала платную і адкрытую стужкі агенцтва і высветлілася, што розніца паміж імі невялікая і падпісвацца на БелТА немэтазгодна. Ганна паабяцала, што не будзе карыстацца падпіскай, і больш яны з Золатавай да гэтага пытання не вярталіся.
Увогуле падчас пасяджэння даводзілася адганяць ад сябе ўстойлівае ўражанне «дня сурка»: мусіць, па дзясятым ужо коле пракурор запыталася, з якога часу Золатава працуе галоўрэдам, што ўваходіць у яе абавязкі, колькі супрацоўнікаў ёй падпарадкоўваецца, якая роля Золатавай у размяшчэнні навін на сайце... Пракурор увесь час спрабавала «вярнуць на зямлю» Марыну Золатаву, задаючы пытанні пра яе кампетэнцыі, кіраванне рэдакцыяй, якія насамрэч мала агульнага маюць з сутнасцю справы. Аднатонным бясколерным голасам Юлія Харчэйкіна вяла сваю лінію пра «істотныя супярэчнасці ў паказаннях падчас папярэдняга следства і ў судовым пасяджэнні» і настойвала на зачытванні матэрыялаў з папярэдніх допытаў і дэманстрацыі відэа з допыту Золатавай следчым. «Ага, на відэа вы пацвярджаеце, што ведалі пра практыку несанкцыянаванага доступу да платнай падпіскі!» — чыталася ў падтэксце яе пытанняў. Але хіба не зразумела, што такімі казённымі фармулёўкамі могуць размаўляць следчыя, але ніяк не журналіст? І што менавіта следчыя, а не Золатава, сфармулявалі адказы такім чынам, каб яны гучалі як прызнанне? Тое, што ў сценаграме допыту напісана як «я як службовая асоба бяздзейнічала і не прадпрымала мер» на прадэманстраваным пазней відэазапісе выражалася ў кіўках і выклічніках, але ніяк не ў словах прызнання віны!

Сёння Марыну Золатаву прыйшла падтрымаць культуролаг і жонка заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская (злева)

Сёння Марыну Золатаву прыйшла падтрымаць культуролаг і жонка заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская (злева)

Хто каму робіць рэйтынгі?

Але допыт праясніў і іншыя моманты. Напрыклад, што менавіта Золатава ў 2005 — 2006 гадах ініцыявала падпіску на БелТА, але, калі звязалася з агенцтвам, ёй сказалі, што гэта будзе альбо немагчыма, альбо дорага.Канфуз атрымаўся, калі пракурор спрабавала вывесці абвінавачаную на прызнанне таго, што выкарыстанне платнай падпіскі паўплывала на рост рэйтынгаў TUT.BY. Справа ў тым, што прыкладна ў 2010 годзе TUT.BY і БелТА у вуснай форме дамовіліся аб выкарыстанні адкрытых матэрыялаў інфармагенцтва з трыма спасылкамі на іншыя яго публікацыі, што забяспечвала пераходы з сайта TUT.BY на сайт БелТА. У той час для апошняга гэта было выгадна:

доля пераходаў з TUT.BY на БелТА складала чвэрць, траціну, а часам нават і палову ўсяго трафіка інфармагенцтва.

Пасля завядзення крымінальнай справы партал амаль адмовіўся ад выкарыстання матэрыялаў інфармагенцтва, і — о, дзіва! — рэйтынг TUT.BY ад гэтага не ўпаў. Але нешта мне падказвае, што БелТА не можа пахваліцца тым жа пасля ўсёй гэтай скандальнай гісторыі…
«Вельмі вялікім уронам для рэпутацыі БелТА з’яўляецца сам гэты працэс, паколькі закраналіся пытанні інфармацыйнай бяспекі і адносіны да яе супрацоўнікаў агенцтва. Многія, у тым ліку і кіраўніцтва інфармагенцтва, ведалі, што паролямі карысталіся староннія людзі, а адказваць павінна Золатава», — справядліва абурылася абвінавачаная падчас дачы паказанняў у судзе.
Ёй — як і ўсім нам — усё яшчэ незразумела, чаму ўрон, нанесены ў выніку несанкцыянаванага доступу да платнай стужкі, выстаўляўся фізасобам, якія заплацілі яго ў памеры не адной месячнай падпіскі, а Золатава цяпер выступае «як пастух, які дрэнна пасвіў кароў». Незразумелы і налічаны памер гэтага ўрону. І чаму ён вылічваецца з перыяду лютага 2018 года, а не з сакавіка, калі сама Золатава даведалася пра заходы на закрыты сервіс БелТА Ганнай Калтыгінай.
І яшчэ здзіўляе, як раптоўна «СБ» стала адчуваць праблемы з доступам да падпіскі менавіта ў сакавіку 2018 года — пасля праслухоўвання тэлефоннай размовы Золатавай з Калтыгінай. Пры гэтым ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што гэтыя праблемы былі, у судзе не прагучала. Зрэшты, напярэдадні стала вядома, што «СБ» адазвала маёмасны пазоў да Марыны Золатавай, таму прадстаўнік выдавецкага дома ў судовым паседжанні ўдзельнічаць больш не будзе. Але, гледзячы на артыкулы з нагоды суда аднаго з аўтараў газеты, чыё імя нават не хочацца тут узгадваць, наўрад ці выданню стала сорамна мець дачыненне да гэтай справы. Верагодней за ўсё, рашэнне адазвання пазову было прынята на крыху больш высокім узроўні. Кім і чаму — пакуль можна толькі здагадвацца.

Смех скрозь слёзы

Сярод аргументаў абвінавачвання сустракаюцца досыць смешныя фармулёўкі. Напрыклад, што Золатава не афармляла падпіску на БелТА з уласнай выгады, жадання сэканоміць і нават дзеля павышэння ўласнага аўтарытэту сярод супрацоўнікаў. Што ж, калі гэта і праўда, то цяпер наяўнасць падпіскі на БелТА, хутчэй, шкодзіць аўтарытэту, таму Марыну Золатаву можна толькі ўхваліць за дальнабачнасць.
Як патлумачыла сама галоўная рэдактарка ў судзе, асабістай зацікаўленасці не афармляць падпіску ў яе не было, а калі б хоць адзін супрацоўнік да сакавіка 2018 года прыйшоў і сказаў, што яму патрэбна падпіска на БелТА і патлумачыў гэта, дамову заключылі б. Аргумент эканоміі тут таксама выглядае непераканаўча: TUT.BY падпісаны на навіны шэрагу выданняў, у тым ліку міжнародных.
Усмешку выклікала і чарговае пытанне пракурора, навошта было заходзіць на платную стужку БелТА пасля таго, як Золатава асудзіла такія дзеянні. Гэтае пытанне трэба задаваць не абвінавачанай, а тым, хто працягваў карыстацца падпіскай.
А вось тое, што Золатава цяпер вымушана апраўдвацца, што недаацаніла маштаб праблемы, не правяла планёрку і не забараніла ўсім карыстацца падпіскай, у чым цяпер раскайваецца, не смешна. Як не смешна і тое, што было патрачана вельмі шмат часу, нерваў, грошай, каб гэтая абсурдная справа не даходзіла да суда (менавіта апошні чыннік прымусіў фігурантаў справы заплаціць выстаўленую шкоду) — і ўсё ж дайшла. Не смешна, што ў дзеяннях (па фармулёўцы абвінавачвання — бяздзеянні) галоўрэда спрабуюць знайсці склад злачынства, якога там няма і быць не можа, нават калі абапірацца на службовую інструкцыю Золатавай: там не напісана, што галоўны рэдактар павінен забараняць супрацоўнікам выкарыстоўваць чужыя паролі.

Такія вялікія дробязі

У такіх сумных і манатонных справах, як судовыя пасяджэнні, скласці карціну таго, што адбываецца, дапамагаюць дэталі. Напрыклад, як асобу абвінавачаную яскрава характарызуе тое, што яна пэўны час уваходзіла ў склад акцыянераў TUT.BY з вельмі сціплай доляй. Але з завядзеннем крымінальнай справы Марына Золатава выйшла са складу акцыянераў, бо палічыла гэта немагчымым у сувязі з разбіральніцтвам. А яшчэ на відэа допыту ў Следчым камітэце (тады, дарэчы, Золатаву яшчэ падазравалі ў несанкцыянаваным доступе да падпіскі БелТА, а не ў бяздзеянні) бачна, што яна просіць вызваліць сваіх затрыманых калег. А таксама прызнае віну — часткова — паколькі з’яўляецца галоўным рэдактарам і адчувае сваю адказнасць, хоць, па вялікім рахунку, не павінна мець клопату праз памылкі іншых.
 Сёння ў судзе з вуснаў Марыны Золатавай прагучала, што «па-чалавечы» яна павінна была правесці размову з калегамі. Што ж, калі звяртацца да гуманізму, то яна вытрымала «экзамен на чалавечнасць» у гэтай бойцы з правасуддзем на ўсе 10 балаў. Зусім хутка даведаемся, ці вытрымае іспыт сістэма. У судзе абвешчаны перапынак да 25 лютага.