Хто павінен сядзець побач з Золатавай?

Другі дзень суда над рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай пачаўся кранальна: яе былая «падзельніца» Таццяна Каравянкова падаравала ёй ружы. А потым суд працягнуў сваё пасяджэнне.

img_4093_logo.jpg


Мяне ў нечым здзівіла тое, што суддзя вырашыў весці працэс «паралельна»: допыт сведкаў перамяжаўся з зачытваннем матэрыялаў справы. Зазвычай спачатку дапытваюцца ўсе сведкі, потым разглядаюцца матэрыялы справы. У дадзеным выпадку дапыталі сведкаў, застаўся час да перапынку — зачытваюцца матэрыялы справы. Потым ізноў допыт сведак — ізноў матэрыялы…

А потым гэтую дзівосу мне патлумачылі: у справе Золатавай матэрыялаў — больш чым 50 тамоў! Адно іх зачытванне заняло б дні тры. Слухаць гэтую цягамоціну («на старонцы такой тое і тое, на старонцы такой вось гэта») любы стоміцца. А так — хоць нейкая разнастайнасць…


Не карыстайцеся сайтам БелТА!

І ніколі не хадзіце на іх адкрыты сайт, не верце таму, што там напісана. І не таму, што гэта небяспечна — можаце вельмі і вельмі памыліцца. Гэта вынікае за паказанняў на судзе галоўнага рэдактара «СБ-Беларусь сегодня» і былога дырэктара БелТА Дзмітрыя Жука і яго сённяшняга намесніка Міхаіла Лябедзіка.

Паводле іх паказанняў, адной з перавагаў платнага сэрвісу БелТА з’яўляецца тое, што ў ім публікуецца інфармацыя, якая недасяжная карыстальнікам бясплатнага сэрвісу.

Сярод гэтай інфармацыі — ануляванне нейкіх навінаў (магчыма, фейкавых), выпраўленне памылак, якія іншым разам «у запарцы» дапускаюць журналісты інфармацыйнага агенцтва, пэўныя дадатковыя сэрвісы, кшталту анонсаў падзей, і гэтак далей.

Афіцыйныя тэлеканалы чакаюць Золатаву

Афіцыйныя тэлеканалы чакаюць Золатаву

Такая інфармацыя, па іх словах, недасяжная да шараговага чытача, які чытае навіны на бясплатным рэсурсе.

З гэтага вынікае, што інфармацыя, якую вы чытаеце на бясплатным рэсурсе, цалкам можа аказацца несапраўднай, памылковай, ануляванай на сэрвісе платнай падпіскі (вы гэтага не пабачыце). Можа быць, журналіст паблытаў лічбы, якія вам падае афіцыйнае агенцтва, а потым гэтыя лічбы выправіў. Але гэтых выпраўленняў вы таксама не пабачыце — толькі платна!

Тады зразумела, калі краіна рапартуе пра сабраныя «рэкордныя 9 млн тон збожжа», а на справе аказваецца, што сабралі толькі 7 млн тон. І па дарозе згубілі палову, таму вымушаныя купляць зерне за мяжою.

Спадар Жук і спадар Лябедзік шмат казалі пра тое, што збоі па доступе да платнай падпіскі БелТА нанеслі ім «іміджавую шкоду». Па-мойму, большай шкоды іміджу дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву, чым іх паказанні ў судзе, нанесці нельга. Фактычна, яны сказалі не верыць бясплатнай стужцы БелТА. Бо выпраўленне памылак і ануляванне навінаў — толькі на платным сайце!


Замовілі?

Спадар Лябедзік таксама паведаміў, што раней ён вельмі доўгі час працаваў у газеце «Рэспубліка». З 2013 года быў створаны холдынг, куды ўвайшлі газеты «СБ-Беларусь сегодня», «Знамя юности», «Сельская газета», «Рэспубліка» і іншыя. Кожная газета прыйшла ў гэты холдынг са сваім паролем доступу да платнага сайта БелТА.

Але пры гэтым у матэрыялах справы (на гэта звярнула ўвагу Марына Золатава) ёсць звесткі, што пароль доступу да БелТА ў «Рэспубліцы» не змяняўся ці тое з 2000-га, ці тое з 2004 года! І спадар Лябедзік гэта пацвердзіў.

Былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў на працэсе ўвесь дзень

Былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў на працэсе ўвесь дзень

А зараз уявіце, колькі народу за гэты час звольнілася з тых жа «СБ» і «Рэспублікі»? Колькі народу «скарацілася» ў ходзе рэарганізацыі і стварэння холдынгу? Колькі народу з гэтым скарачэннем знесла з сабою дзейсныя паролі доступу да БелТА?

Напэўна, не адзін дзясятак. І не ўпэўнены, што сышоўшыя людзі не карысталіся гэтымі паролямі. Але чамусьці на лаве падсудных апынулася адна Золатава, а пад пераслед па «справе БеТА» трапілі ці не выключна прадстаўнікі недзяржаўных СМІ.

Гэта дае падставу казаць пра «замову» ў дачыненні да TUT.BY и БелаПАН, журналісты якіх пацярпелі ад «справы БелТА» найбольш.


Ключы ад кватэры — кожнаму!

Спадар Лябедзік вельмі абураўся. Ён казаў, што ў кожнага супрацоўніка ў кантракце было прапісана «неразгалошванне канфідэнцыйнай і службовай інфармацыі», да якой, безумоўна, адносяцца паролі. І тое, што ў выніку яны разгалосіліся — факт абуральны, бо гэта парушэнне кантракту. Але…

Па-першае, калі чалавек звальняецца, яго кантракт страчвае дзейнасць (інакш бы Лябедзіку дагэтуль прыйшлося плаціць заробак кожнаму звольненаму супрацоўніку). Таму патрабаванні спадара Лябедзіка «захоўваць службовую таямніцу» ад чалавека, які ўжо не працуе ў яго выданні — нейкія нягеглыя. Наконт захавання пароля ад БелТА пасля звальнення — гэта ўжо добрая воля чалавека.

Па-другое, чалавек, які звольніўся з «Рэспублікі», мог нікому гэты пароль і не перадаваць А карыстацца ім сам. Цікава, калі ён ужо не з’яўляецца супрацоўнікам «Рэспублікі», а карыстаецца паролем «Рэспублікі» для доступу да платнай падпіскі БелТА — ён наносіць шкоду былому месцу працы, ці не?

Па логіцы — менавіта за гэта зараз судзяць Золатаву. А зыходзячы з логікі Лябедзіка, яе павінны адпусціць. Бо, калі Лябедзік патрабуе выканання нядзейснага кантракта ў сферы захоўвання службовай інфармацыі, то павінен змірыцца і з тым, што былы журналіст газеты будзе карыстацца магчымасцямі газеты.

І тое, што за мінімум 15 гадоў «Рэспубліка» ані разу не змяніла пароль (нават пасля рэарганізацыі і стварэння холдынга!) і карысталася адным паролем на ўсіх… Хто ў гэтым вінаваты?

Цікавасць да «Справы БелТА» па-ранейшаму высокая

Цікавасць да «Справы БелТА» па-ранейшаму высокая

Калі вы ўязджаеце ў новую кватэру, ведаючы, што ў некага могуць быць ключы ад гэтай кватэры, першае, што вы зробіце — зменіце замок. «СБ» і «Рэспубліка» замок не мянялі дзесяцігоддзямі, больш за тое — раздавалі ключы «гасцям».

Марына Золатава абвінавачваецца ў «бяздзейнасці службовай асобы». Падаецца мне, Лябедзік павінен сядзець побач з ёю. Бо ён за дзесяцігоддзе не здзейсніў ані кроку для таго, каб абараніць газету «Рэспубліка» ад падобнай сітуацыі.


Парадны ўваход

Яшчэ два сведкі — старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і генеральны дырэктар ЗАТ «БелКП-ПРЕСС» Наталля Галезнік у судзе паказалі, што ніякай шкоды «пабочнымі» заходамі на сайт БелТА з іх лагінамі-паролямі ім прычынена не было. І ўвогуле, пра такі факт яны даведаліся толькі тады, калі былі выкліканыя ў Следчы камітэт. То бок, яны нават не заўважылі гэтых заходаў — ім пра гэта паведамілі следчыя.

Больш цікавым быў допыт Цімафея Барбоцькі, доктара тэхнічных навук, прафесара, які спецыялізуецца на тэхнічнай абароне інфармацыі. Напачатку допыту я падумаў, што трапіў у дзіцячы садок, бо нават школьнікі ведаюць зараз паняцці «ідэнтыфікацыя» і «аўтарызацыя». Спадарыня пракурор жа так спрабавала разабрацца з тым, як ажыццяўляецца заход на сайт пад лагінам і паролем, што я падумаў, што яна ўвогуле не карыстаецца ані кампутарам, ані інтэрнэтам.

Спадар Барбоцька паведаміў, сапраўды паведаміў, што «ідэнтыфікатар — лагін і пароль — выдае карыстальніку ўладальнік рэсурса. Карыстальнік павінен захоўваць іх у сакрэце». Але карыстальнік сакрэтнасць не захаваў, гэта ніяк не ўзлом сістэмы, а проста «несанкцыянаваны доступ трэцяй асобы».

Больш за тое, маючы адзін лагін і пароль ад платнага сайту БелТА на ўсю рэдакцыю, «пацярпелыя» дзяржСМІ парушылі галоўнае правіла бяспекі: «Адзін чалавек — адзін пароль». Бо сістэма бачыць толькі літаркі і лібы, і не можа запытацца, ці «правільны» чалавек сядзіць па той бок экрана.

А калі сістэма «адзін чалавек — адзін пароль» парушана, то гэта ўжо — уразлівасць сістэмы, якой можна скарыстацца.

Між тым, менавіта такая сістэма існавала ў БелТА, калі спадар Жук быў кіраўніком агенцтва. «Бяздзейнасць службовай асобы» па невыпраўленні «дзіркі ў сістэме» відавочная. То бок, і ён павінен сядзець побач з Золатавай і Лябедзікам.

Працэс працягнецца ў чацвер, 14 лютага ў 10 гадзін. Будуць дапытваць супрацоўнікаў TUT.BY.

Матэрыял з першага дня працэсу чытайце тут.