Міхась Кукабака: На мітынг да Дня палітвязня не пайду
Вядомы беларускі дысідэнт і былы палітвязень савецкіх лагераў распавёў, чаму сёлета адмаўляецца ад удзелу ў традыцыйнай маскоўскай акцыі да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Міхась Кукабака ля помніка ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій у родным Бабруйску. 23 красавіка 2015. Фота: Сяргей Балай
Пры сённяшнім свавольстве расійскіх уладаў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, наведванне дазволеных імі акцый Міхась Кукабака разглядае як «падтрымку імітацыйнай дэмакратыі». Сваім меркаваннем ён падзяліўся ў перапісцы з праваабаронцамі "Вясны".
«На мітынг 30 кастрычніка — Дзень палітвязня — не пайду. Ва ўмовах, калі людзей арыштоўваюць, судзяць за адзіночныя пікеты, за перапост з сайтаў «экстрэмісцкіх» (на думку ўлады) выказванняў, за вершы, наведваць міласціва дазволеныя мітынгі — гэта зламыснасць, гэта падтрымка імітацыйнай «дэмакратыі», — піша Міхась Ігнатавіч.
Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій адзначаецца штогод 30 кастрычніка. З гэтай нагоды ў Маскве з 2007 года, ад 70-годдзя пачатку Вялікага тэрору, з ініцыятывы таварыства «Мемарыял» ладзіцца акцыя «Вяртанне імёнаў». Ля Салавецкага каменя на Лубянскай плошчы ўдзельнікі мітынгу па чарзе зачытваюць імёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Гісторыя гэтай даты бярэ пачатак з 1974 года, калі на прэс-канферэнцыі для заходніх журналістаў, арганізаванай на кватэры дысідэнта Андрэя Сахарава, 30 кастрычніка было абвешчанае Днём палітвязня ў СССР. Палітвязні савецкіх лагераў адзначылі гэты дзень галадоўкай салідарнасці. У 1991 годзе дата 30 кастрычніка была перайменавана ў Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Яшчэ ў 2006 годзе шэраг расійскіх праваабарончых і палітычных арганізацый выступілі з заявай аб тым, што гэтае перайменаванне заўчаснае, паколькі ў краіне з'явіліся палітвязні і іх колькасць узрастае хуткімі тэмпамі.