Мінскія падзеі 30 кастрычніка 1988 года: дадатковыя дакументы і факты

30 кастрычніка 1988 года прайшоў першы ў найноўшай гісторыі масавы мітынг, арганізаваны «знізу», а не «зверху». Што характэрна, гэта былі «Дзяды», Дзень памяці продкаў.
http://nn.by/?c=ar&i=159024



dziady_88.jpg

Іх спрабавалі разагнаць.

Разгон мітынгу меў вялікі грамадскі рэзананс не толькі ўласна ў БССР, але і ў Саюзе ССР, балюча ўдарыў па аўтарытэце беларускіх уладаў, адначасова пацвердзіў імідж Савецкай Беларусі як адной з самых кансерватыўных рэспублік, па словах вядомага пісьменніка Алеся Адамовіча, «Вандэі перабудовы».

nn.by__photos_z_2015_1_d7e9502446d83b84f066ae3d066e5672.png

Ініцыятарамі правядзення мітынгу выступілі непасрэдна тыя арганізацыі, якія на той час ахрысцілі «нефармаламі».

Найчасцей «нефармалы», якія ўзніклі на хвалі «перабудовы», займаліся пытаннямі рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, літаратуры, а таксама абароны навакольнага асяроддзя, паступова, аднак, пераходзячы да палітычных пытанняў.

У дадзеным выпадку арганізацыю мітынгу ўзяла на сябе адна з буйных «нефармальных» арганізацый — Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з Алесем Бяляцкім.

14 кастрычніка 1988 г. на адрас выканаўчага камітэта Савета народных дэпутатаў Першамайскага раёна г. Miнска паступіла незвычайная заява наступнага зместу: «Просім дазволіць Таварыству маладых літаратараў пры СП БССР «Тутэйшыя» пры садзеянні гарадскога аддзялення Фонда культуры правядзенне гістарычна-літаратурнага беларускага свята-мітынгу «Дзяды» на тэрыторыі Вашага раёна. Мэта правядзення: шанаванне памяці продкаў, што адпавядае тысячагадовым традыцыям беларускага народа. Тэмы выступаў і лозунгаў на плакатах закранаюць пытанні гісторыі, ушаноўваюць памяць продкаў». У канцы заявы мела месца просьба забяспечыць мерапрыемства сродкамі ўзмацнення гуку.

Разам з Алесем Бяляцкім заяву падпісаў і вядомы малады паэт Анатоль Сыс. Аналагічная заява была паслана ў адміністрацыю іншых раёнаў сталіцы. 17 кастрычніка 1989 г. Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс звярнуліся непасрэдна ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, каб атрымаць дазвол на правядзенне шэсця.

Частковай арганізацыяй мітынгу заняліся таксама новаствораныя 19 кастрычніка 1988 г. «Мартыролаг Беларусі» і Аргкамітэт па стварэнні Беларускага Народнага Фронта (БНФ) пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства, старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР Зянона Пазьняка.

Шанцаў на тое, што ўлады дазволяць правядзенне мітынгу, практычна не было. І галоўная прычына крылася ў тым, што да гэтага часу адносіны паміж сталічнымі ўладамі і «нефармаламі» пагоршалі незваротна. Калі ў 1985—1987 гг. улады, напужаныя ростам «нефармалаў», імкнуліся не сварыцца з імі, і нават 26—27 снежня 1987 г. у в. Палачанка Валожынскага раёна Мінскай вобласці дапамаглі правесці сход «нефармальных» арганізацый, т.зв. «першы вальны сойм», то ў 1988 г. сітуацыя карэнным чынам змянілася. І гэта была звязана з арганізацыяй «нефармаламі» 20 сакавіка 1988 г. мітынгу-пратэсту супраць будаўніцтва новай веткі сталічнага метрапалітэна ў раёне Нямігі, што пагражала захаванасці Катэдральнага сабора — аднаго з галоўных архітэктурных помнікаў Мінска. Менавіта на гэтым мітынгу з вуснаў Анатоля Сыса прагучаў першы палітычны лозунг «Жыве Беларусь!».

3141088-1narb_968_1_2327_036-q2sg8.jpg

-2141088-1rb_968_1_2327_037-kzoc6.jpg

Тады «Вечерний Минск» — орган сталічнага гаркама кампартыі, за якім тырчалі вушы спепцслужбаў, апублікаваў цыкл зубадрабільных публікацый, у якіх удзельнікі мітынгу 20 сакавіка 1988 г. абвінавачваліся ва ўсіх смяротных грахах, нежаданні вучыцца, сувязях з былымі памагатымі нямецка-фашысцкіх захопнікаў і г.д. Сярод удзельнікаў фігуравалі Сяргей Вітушка, Анатоль Сыс, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка і інш.

Апошняму, дарэчы, своеасаблівы «панегірык» адрасавала «Знамя юности». У адным з нумароў друкаванага органа ЦК ЛКСМБ пра Вінцука Вячорку безапеляцыйна сцвярджалася, што ўжо ў студэнцкія гады «сквозь политическую незрелость и юношеский максимализм просматривалась мания величия этого молодого человека».

Праблемы па месцы працы з’явіліся ў Зянона Пазьняка. Ягоныя паводзіны на мітынгу 20 сакавіка 1988 г. абмяркоўваліся на пасяджэнні парткама Інстытута гісторыі АН БССР.

Таму рашэнне ўладаў аб забароне правядзення мітынгу дзіўным не выглядала. Але пад свае рашэнне ўлады імкнуліся падвесці ідэалагічны канструкт, які вачыма выканаўчага камітэта Савецкага раённага Савета народных дэпутатаў г. Мінска выглядаў наступным чынам: «В связи с поведением 29—30 октября 1988 года торжеств, посвященных 70-летию образования ВЛКСМ и изучением в настоящее время Мингорисполкомом общественного мнения по установлению ежегодной традиции проведения «Дня памяти» погибших в годы гражданской и Отечественной войн и всех, кто боролся за свободу Беларуси в предшествующее время (решение Мингорисполкома от 24.10.88 г. №271) в проведении 30 октября 1988 г. праздника-митинга «Дзяды» на территории Советского района председателю объединения молодых литераторов СП БССР А.В. Беляцкому и А.Т. Сысу отказать».

На наступны дзень — 25 кастрычніка 1988 г. — «Вечерний Минск» надрукаваў афіцыйнае рашэнне Мінгарвыканкама. Акрамя таго, улады ажыццявілі псіхалагічны ціск на галоўных арганізатараў мітынгу, выклікаўшы іх 26 кастрычніка 1988 г. ў пракуратуру г. Мінска, дзе афіцыйна папярэдзілі аб парушэнні заканадаўства пры магчымай арганізацыяй мітынгу.

Забарона правядзення мітынгу суправаджалася «ідэалагічным выбухам». 27 кастрычніка 1988 г. на старонках таго ж «Вечернего Минска» з’явілася артыкул пад назвай «Пена на волне перестройки», у якім арганізатарам мітынгу і «нефармалам» увогуле супрацьпастаўляліся «сотни молодых людей, которые сегодня не только говорят о перестройке, а творят ее созидательным трудом и научно-техническим поиском». Сярод «молодых людей» фігураваў і Аляксандр Лукашэнка, які «возглавил самое убыточное в Могилевской области хозяйство». Гаспадарка, як сцвярджала публікацыя, «практически за год благодаря внедрению новых хозрасчетных отношений» атрымала «миллионную прибыль». Таму «молодого директора пригласили на совещание в ЦК КПСС», дзе «с ним беседовал по этим проблемам Михаил Сергеевич Горбачев».

301088-k425g.jpg

Тым не менш, ініцыятары мітынгу не пабаяліся давесці сваю справу да канца, хаця ўсведамлялі, на якую рызыку ідуць.

Справа ў тым, што, нягледзячы на галоснаць, працэсы дэмакратызацыі і г.д., гарбачоўскае кіраўніцтва пад уплывам кансерватыўных колах вымушана была адступаць, што праяўлялася ў выданні нарматыўных прававых актаў, якія даволі істотна звужалі магчымасці правядзення шматлюдных мітынгаў, шэсцяў і акцый такога кшталту. У прыватнасці, 28 ліпеня 1988 г. быў выдадзены ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Об обязанностях и правах внутренних войск Министерства внутренних дел СССР при охране общественного порядка. З 15 жніўня 1988 г. дзейнічаў указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Об ответственности за нарушение установленного порядка собраний, митингов, уличных шествий и демонстраций».

Ініцыятары мітынгу на даволі высокім узроўні для таго часу, нягледзячы на інфармацыйную блакаду, наладзілі эфектыўны механізм інфармавання пра будучую акцыю, выкарыстоўваючы ўдалыя паліттэхналагічныя прыёмы, у прыватнасці, распаўсюджванне адпаведных улётак. 28 кастрычніка 1988 г. за такое распаўсюджванне быў затрыманы студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Алесь Пушкін.

Улады, у сваю чаргу, кінулі беспрэцэдэнтныя сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу. Для нясення службы 30 кастрычніка 1988 г. былі задзейнічаны 600 міліцыянтаў не толькі Мінскага гарнізона, але і курсанты навучальных устаноў МУС СССР, 30 міліцэйскіх, а таксама 2 пажарных машыны.

Кульмінацыя падзей 30 кастрычніка 1988 г. у раёне сквера па вул. Каліноўскага (каля Маскоўскіх могілак) здарылася пасля 14 гадзін. Мітынг быў жорстка разагнаны міліцыянтамі, якія выкарыстоўвалі газ «чаромха», а таксама гумавыя дубінкі. Затрымалі 72 чалавекі.

Разгон мітынгу непасрэдна курыраваў тагачасны міністр унутраных спраў БССР Віктар Піскароў. Абраны пры вельмі сумнеўных абставінах дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, Віктар Піскароў 20 чэрвеня 1990 г. выставіў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні камісіі пры Вярхоўным Савеце Беларускай ССР па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і увекавечання памяці ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 30-40-х і пачатку 50-х. На гэту пасаду была таксама вылучана кандыдатура Зянона Пазняка.

Парламенцкая апазіцыя БНФ абвінаваціла генерала ў незаконным разагнанні мітынгу і пытала, хто непасрэдна аддаваў загады на разгон. На гэта Віктар Піскароў пад апладысменты кансерватыўнай парламенцкай большасці з пафасам адказаў: «Приказ отдал закон, принятый Верховным Советом!».

Падзеі 30 кастрычніка 1988 г. і разгон шэсця атрымалі розныя, кардынальна супрацьлеглыя ацэнкі. Сваю ацэнку, з аднаго боку, выказалі ўлады і праваахоўныя органы, з другога — ініцыятары мітынгу.

Афіцыйнае стаўленне да мітынгу бачна з ліста намесніка міністра ўнутраных спраў Канстанціна Платонава.

Ініцыятары мітынгу ўсю віну за разгон узлажылі на ўлады, назваўшы гэта сапраўднай праявай сталінізму.

301088-1narb_968_1_2327_027-705wq.jpg

301088narb_968_1_2327_028-pvfb8.jpg

Для беларускіх уладаў вельмі непрыемным быў факт публікацыі пра мінскія падзеі 30 кастрычніка 1988 г. у агульнасаюзнай «Литературной газете», якая фактычна падтрымала ўдзельнікаў мітынгу і асудзіла разгон акцыі.

Нездарма факт выхаду такога артыкула быў негатыўна адзначаны ў рэспубліканскім друку, у прыватнасці, у спецыяльнай публікацыі аддзела партыйнага жыцця і прапаганды рэдакцыі газеты «Вечерний Минск.

Прававую адзнаку мінскім падзеям 30 кастрычніка 1988 г. павінна была даць адмыслова створаная камісія на чале са Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнай Савета БССР Георгіем Таразевичем. Вынікам дзейнасці камісіі стала пастанова Прэзідыума ад 14 лістапада 1988 г. У ім арганізатары мітынгу вінаваціліся ў тым, што жадалі выкарыстоўваць шэсце ў мэтах, «не имеющих ничего общего с ритуалом поминовения». Адзіная прэтэнзія, якая прад’яўлялася непасрэдна Мінскаму гарвыканкаму, складалася ў фармальным разглядзе пытання пра правядзенне мітынгу 30 кастрычніка 1988 г. Нескладная фраза «предупреждать любые нарушения общественного порядка и беззакония» стала лейтматывам пастановы.

301088-1968_1_2327_012-g2tou.jpg

-301088-2narb_968_1_2327_013-e8ug6.jpg

301088-3narb_968_1_2327_014-8vanw.jpg

Канчатковы варыянт пастановы, апублікаваны ў рэспубліканскім друку, па некаторых момантах разыходзіўся з першапачатковай рэдакцыяй. У першапачатковай рэдакцыі гаворка ішла пра тое, каб даручыць Мінскаму гарвыканкаму з удзелам грамадскасці разгледзець пытанне пра ўсталяванне дня памінання, рытуалу і магчымым месцы яго правядзення. Савету Міністраў даручалася ўвесці строгі кантроль над скаргамі па падобных пытаннях. Гэтыя пункты былі выключаны з канчатковай рэдакцыі, што гаварыла пра нежаданне ўлад ісці нават на малыя саступкі.

Аб неадпаведнасці першапачатковага і канчатковага варыянта пастановы сведчыць паэт Ніл Гілевіч, які і быў членам вышэйадзначанай камісіі.

Неўзабаве пасля прыняцця пастановы Георгій Таразевіч выступіў з вялізным інтэрв’ю, у якім у завуаляванай форме выступіў супраць арганізатараў мітынгу, стварэння БНФ і інш. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета выказаў сваё негатыўнае бачанне перспектыў «нефармальнага» руху.

Падзеі 30 кастрычніка 1988 г. сталі псіхалагічнай траўмай для ўладаў. Адносіны паміж імі і нефармальным, альтэрнатыўным рухам перайшлі ў стадыю адкрытай варожасці. Мінская адміністрацыя прыклала ўсе намаганні, каб сарваць «другі вальны сойм», які ў выніку адбыўся ў студзені 1989 года ў Вільні.

Сам Георгій Таразевіч ў ліпені 1989 г. нечакана пакінуў пост Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а, будучы абраны народным дэпутатам СССР, узначаліў сталую камісію Вярхоўнага Савета СССР па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах.

Падзеі 30 кастрычніка 1988 г. мелі такі рэзананс, што Георгій Таразевіч вымушаны быў даваць тлумачэнне праз сродкі масавай інфармацыі нават праз некалькі год.

Што паказалі мінскія падзеі 30 кастрычніка 1988 г? Яны пацвердзілі агульную тэндэнцыю таго, што кіраўніцтва КПСС не мела намеру занадта аслабляць кантроль над грамадствам. Як пакажуць грузінскія падзеі красавіка 1989 г., падзеі ў Літве ў студзені 1991 г., падзеі ў Маскве ў жніўні 1991 г., улады ў крытычных выпадках выкарыстоўвалі зброю і гвалт. Адначасова, мінскія падзеі 30 кастрычніка 1988 г. засведчылі на Беларусі наяўнасць шматлікіх сілаў, якія былі гатовыя змагацца за перамены, не баючыся рэпрэсій і цкавання ў СМІ.

30101988-1narb_968_1_2327_022-p1u0m.jpg

30101988-2narb_968_1_2327_023-i9elk.jpg

Падзеі 30 кастрычніка 1988 года былі ў Беларусі не першым выпадкам разгону сходаў, якія, паводле ўладаў, уяўлялі з сябе небяспеку.

20 красавіка 1986 г. падчас Выставы аднаго дня ў Траецкім прадмесці г. Мінска на навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве па-хуліганску напалі былыя «афганцы» (бай­цы Савецкай арміі, якія ваявалі ў Афганістане). «Афганцы» ганілі і штурхалі дзяцей, якія бралі ўдзел у абрадзе Гукання вясны, бо афганцам ўвялі ў вушы, нібы дзеці такім чынам святкуюць дзень нараджэння нацысцкага фюрэра. Арганізатары Выставы аднаго дня мастакі Аляксей Марачкін і Мікола Купава паскардзіліся на «афганцаў» у пракуратуру, але атрымалі толькі адпіску. З іншага боку, сход некалькіх соцень чалавек для асуд­жэння сталінскіх рэпрэсій, які адбыўся 1 лістапада 1987 г. у сталічным скверы імя Янкі Купалы, прайшоў мірна.

Аляксандр Кур’яновіч, nn.by

Фота з сайта nn.by