Касцёл: 1–8 лістапада — дні асаблівай дапамогі чысцовым душам
З 1 па 8 лістапада Касцёл асабліва моліцца за памерлых. У гэты час вернікі маюць магчымасць атрымаць поўны адпуст, наведаўшы могілкі.
Фота catholic.by
Умовы адпусту:
— адсутнасць усялякай прывязанасці да граху, нават штодзённага;
— стан асвячальнай ласкі (адсутнасць неадпушчанага цяжкага граху);
— прыняцце святой Камуніі;
— малітва ў інтэнцыях Святога Айца («Ойча наш...», «Вітай, Марыя...», «Веру ў Бога...»). Гаворка не ідзе пра малітву за самога Святога Айца, хоць і такая малітва вельмі каштоўная; малітва, звязаная з адпустам, павінна быць у інтэнцыі тых спраў, за якія штодзень моліцца Папа;
— наведванне могілак.
На працягу першых васьмі дзён лістапада вернікі чарговы раз будуць мець выключную магчымасць дапамагчы душам, якія церпяць у чысцы. Гэтыя дні — час асаблівай малітвы, каб памерлыя мелі ўдзел у Хрыстовай перамозе над смерцю.
Гэта датычыць асабліва тых, каму пасля смерці неабходна ачышчэнне, чысцец, які з’яўляецца «пярэднім пакоем да неба». У перыяд малітваў за памерлых можна атрымаць адпусты за іх.
У сам дзень 2 лістапада — пры захаванні тых жа ўмоваў — таксама можна атрымаць адпуст за памерлых, звязаны з наведваннем касцёла або капліцы.
Варта памятаць, што малітва і ахвяраванне адпусту за памерлых нашмат важнейшае за ўсялякія знешнія праявы памяці.
Дагмат аб існаванні чысца Касцёл абвясціў на Саборы ў Ліёне ў 1274 г., а пацвердзіў і ўдакладніў на Трыдэнцкім Саборы (1545-1563) у асобным дэкрэце. Гэты дагмат засноўваецца на тым, пра што ўзгадваецца ў Святым Пісанні, і на касцёльнай традыцыі, якая сягае ІІ ст. Вялікі ўклад у развіццё вучэння аб чысцы зрабіў святы Аўгустын.
Дагмат падкрэслівае дзве праўды: існаванне чысца як пасмяротнага пакарання за грахі, а таксама магчымасць і патрэбу малітвы і ахвяравання ў інтэнцыі чысцовых душаў.