
Тым часам Украіна будуе сцяну на мяжы з Беларуссю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка.
«Цяпер на поўдні нашы людзі сустракаюць нашых вайскоўцаў, а на поўначы кіпіць іншая праца — тут узводзяць сцяну на мяжы з Беларуссю. Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам — гэта інжынерныя загароды, якія будуюць на Валыні», — напісаў ён.
Па словах Цімашэнкі, ужо «добраўпарадкавана» каля 3 кіламетраў мяжы, і працы працягваюцца.
«Таксама работы вядуцца і ў Ровенскай і Жытомірскай абласцях. Узводзяць фартыфікацыйныя збудаванні і ўладкоўваюць мяжу таксама і ў рэгіёнах, якія мяжуюць з тэрыторыяй Расіі. Нашы памежнікі 24/7 адсочваюць сітуацыю, маюць усё неабходнае абсталяванне для таго, каб убачыць ворага далёка ў тыле», — напісаў украінскі чыноўнік.Ён адзначыў, што над уладкаваннем мяжы сістэмна працуе абласная ўлада і мясцовы бізнес. «Мы ўсе хочам абароны, мы робім усё, каб спыніць нават гіпатэтычнае прасоўванне ворага», — адзначыў ён.
Нагадаем, што пасля «мігранцкага крызісу» 2021 года сцены на мяжы з Беларуссю ўзвялі Літва і Польшча. Сёлета пабудаваць плот на мяжы з нашай краінай вырашыла Латвія. А цяпер — і Украіна.
Пакуль што без плоту застаецца мяжа з Расіяй.