Польскі памежны плот пакуль не спыняе мігрантаў з тэрыторыі Беларусі
Памежная служба Польшчы апублікавала відэа з першымі гатовымі секцыямі плота на мяжы Польшчы з Беларуссю. Пралёты ўстаноўлены ўжо на працягу 140 кіламетраў.

Прыёмка вядзецца з пачатку чэрвеня. Выканаўцы заяўлялі, што працы скончацца ў канцы чэрвеня. У бліжэйшыя дні пачнецца ўстаноўка электроннага шлагбаума, паведамляюць у прэс-службе ведамства.
Нагадаем, Польшча будуе ўздоўж мяжы з Беларуссю 180-кіламетровую загароду. На астатніх участках мяжа праходзіць па рэках. Мяркуецца, што плот будзе мець вышыню 5,5 метраў, а таксама драцяны навес. Акрамя таго, яго абсталююць камерамі і электроннымі датчыкамі, якія дазволяць фіксаваць набліжэнне да бар'ера.
Тым часам за апошнія суткі з Беларусі ў Польшчу спрабавалі прайсці 14 чалавек з Малі, Індыі і Емена, піша пагранслужба Польшчы. Таксама былі мігранты з Егіпта.
За спрыянне ім польскія памежнікі затрымалі двух чалавек, якія павінны былі павезці мігрантаў далей ад мяжы на польскай тэрыторыі.