Як Літва і Польшча Русь дзялілі

Усім нам добра вядомая цесная сувязь, якая звязала Польскае Каралеўства і Вялікае княства Літоўскае пасля серыі дынастычных і дзяржаўных уній XIV-XVI стагоддзяў. Але мала хто ведае, што да гэтага стасункі паміж двума краінамі былі, мякка кажучы, не самымі лепшымі, і час ад часу прыводзілі нават да ўзброеных канфліктаў.


Адным з такіх сутыкненняў, якое зацягнулася на больш чым 50 гадоў, стала так званая вайна за Галіцка-Валынскую спадчыну.

Рускае каралеўства

Галіцка-Валынскае княства было ўтворана ў 1199 годзе князям Рамана Мсціслававічам і аб’яднала тэрыторыі паўднёва-заходняй Русі. У 1253 годзе Данііл Галіцкі, сын Рамана, прыняў у Дарагачыне тытул «караля Русі» ад Папы Рымскага Інакенція IV.

У 1303 годзе князь Юрый I Львовіч, сын Льва Данілавіча, дамогся ад Канстанцінопальскага патрыярха прызнання асобнай галіцкай мітраполіі. У гэты перыяд ён, жадаючы падкрэсліць магутнасць Галіцка-Валынскай дзяржавы, па прыкладзе свайго дзеда Данііла Галіцкага таксама прыняў каралеўскі тытул. У знешняй палітыцы Юрый I падтрымліваў добрыя адносіны з Тэўтонскім ордэнам, які выкарыстоўваў для стрымлівання Вялікага княства Літоўскага і Арды, а таксама заключаў саюзы з Мазовіяй супраць Польшчы. Пасля яго смерці ў 1308 годзе Галіцка-Валынскае княства перайшло да яго сыноў Андрэя Юр'евіча і Льва Юр'евіча, якія пачалі барацьбу супраць Залатой Арды, традыцыйна спадзеючыся на тэўтонскіх рыцараў і мазавецкіх князёў. Мяркуюць, што князі загінулі ў адной з бітваў з манголамі ці былі імі атручаны. Таксама некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што яны загінулі, абараняючы Падляшша ад Гедыміна.

Царква святога Панцеляймона — царква раманскага стылю ва Украіне, у вёсцы Шаўчэнкава, Івана-Франкоўскай вобласці. Адзіны і найстарэйшы з храмаў Галіцка-Валынскага княства, які захаваўся дагэтуль


Дынастычны крызіс

Прамога спадчынніка ў братоў не было, таму ўзнікла праблема: хто ж будзе кіраваць на заходніх землях Русі? Гэтае пытанне цікавіла не толькі мясцовае насельніцтва, але і найбліжэйшых суседзяў. Уладары Польшчы і Літвы вырашылі, што было б нядрэнна прымерыць карону Рускага Каралеўства. Дынастычны крызіс вырашыўся нечакана. На трон сеў зусім яшчэ юны мазавецкі княжыч Баляслаў Трайдзенавіч з дынастыі Пястаў. Яго маці была роднай сястрой загінулых князёў, а па бацькоўскай лініі ён даводзіўся сваяком польскаму каралю Уладзіславу Лакетку. Не было толькі сваяцкіх сувязяў з літоўскім бокам, і гэты недагляд трэба было як мага хутчэй выправіць. Баляслаў ажаніўся з Яўхіміяй, дачкой Вялікага князя літоўскага Гедыміна.

Малады валадар урэгуляваў адносіны з Залатаардынскімі ханамі, нават здзейсніў у 1332 годзе сумесны з манголамі паход на Польшчу. Падтрымліваючы мір з Літвой і Тэўтонскім ордэнам, Юрый II меў дрэнныя адносіны з Венгрыяй і Польшчай, якія рыхтавалі сумеснае наступленне на Галіцка-Валынскае княства. Ва ўнутранай палітыцы ён спрыяў развіццю гарадоў, надаючы ім магдэбургскае права, актывізаваў міжнародны гандаль і жадаў абмежаваць уладу баяр. Для рэалізацыі сваіх планаў Юрый ІІ прыцягваў замежных спецыялістаў і дапамагаў уніяцкім працэсам паміж праваслаўем і каталіцызмам. Гэтыя дзеянні князя ўрэшце выклікалі незадаволенасць баяраў, якія і атруцілі яго ў 1340 годзе.

Пячатка Юрыя ІІ. Крыніца: wikipedia.org

Польскі наступ

Смерць Юрыя дала магчымасць Казіміру III, як блізкаму сваяку мазавецкіх князёў, прэтэндаваць на галіцка-валынскі сталец. Даведаўшыся пра яго смерць, польскі кароль ў гэты ж момант выступіў у паход на Галіцыю. У красавіку 1340 года яго армія дайшла да Львова. Палякі ўзялі горад і спалілі два замкі — Верхні і Ніжні. Але, не маючы шанцаў утрымаць занятую тэрыторыю, 15 траўня Казімір вярнуўся ў Кракаў.

Кароль Польшчы Казімір ІІІ Вялікі. Крыніца: wikipedia.org

Валынню авалодаў адзін з сыноў князя Гедыміна, Любарт, у хрышчэнні названы Дзмітрыем. Яго падтрымала частка мясцовай арыстакратыі, якая, магчыма, палічыла, што ўлада польскага караля ў значна большай ступені абмяжуе іх магчымасці.

У гэты час у Галіцыі вылучыўся знатны баярын Дзмітрый Дзядзько, які стаў лідарам мясцовага баярства. Добра разумеючы небяспеку з боку Казіміра, Дзмітрый накіраваўся ў Залатую Арду да хана Узбека. Галіцыя з’яўлялася даннікам Арды, таму, прыбыўшы да хана, ён пачаў ціснуць на немагчымасць выплачваць даніну з-за цяжкіх наступстваў польскага ўварвання.

Перспектыва прыпынення выплаты даніны ніяк не магла спадабацца хану. У канцы 1340 года ён накіраваў на Польшчу 40-тысячнае войска. На шляху да іх далучыліся воі Любарта: гэта сведчыць пра тое, што валынскі князь добра ведаў аб мэце перамоваў галіцкага баярына з ханам.

Разрабаваўшы памежныя польскія ваяводствы, татары вярнуліся ў стэп. Наступствам татарскага ўварвання стала новая расстаноўка сіл у рэгіёне. Любарт замацаваўся на Валыні, а Дзмітрый Дзядзько — у Галіцыі, прызнаўшы васальную залежнасць ад валынскага князя. Каб не падпарадкоўвацца Любарту цалкам і пазбегнуць магчымых будучых нападаў з боку палякаў, Дзядзько ў 1341 годзе прызнаў васальную залежнасць ячшэ і ад Казіміра.

Баярын Дзмітрый Дзядзько. Крыніца: wikipedia.org

Такая дваістая сітуацыя цягнулася амаль дзесяць год, пакуль у 1349 годзе баярын Дзмітрый не памёр.

Казімір вырашыў не губляць час. У верасні 1349 года пачалося генеральнае наступленне палякаў на землі Галіцыі. Першы ўдар Казімір нанёс па Валыні, аблажыўшы Уладзімір і Луцк. Уладзімір капітуляваў, а Луцк здолеў адбіць напад. Пасля палякі атакавалі Берасцейшчыну, якая ўваходзіла ў склад Літвы, і захапілі Берасце.

Але ў 1350 годзе Любарт пры дапамозе свайго старэйшага брата Кестута зноў адваяваў Валынь, прагнаўшы адтуль палякаў.

Вялікі князь літоўскі Кейстут Гедымінавіч. Крыніца: wikipedia.org

Польшча была вымушана папісаць мір, па якому пад яе ўладай заставалася толькі Галіцыя, Валынь жа адыходзіла Любарту.

Гэта падштурхнула Казіміра да шэрагу сур'ёзных дыпламатычных крокаў. У 1350 годзе, 4 сакавіка, адбылося яго пагадненне з Людовікам Венгерскім, якое набыла вялікае значэнне ў гісторыі як Польшчы, так і Русі. Людовік і яго брат Стэфан, якія сцвярджалі, што маюць спадчыннае права на «Рускае каралеўства», саступілі яго Казіміру пажыццёва, але с той умовай, што, калі ў Казіміра не будзе сына, то Польшча і Русь перайдуць да Людовіка, а калі ў Казіміра будзе сын , то Людовік або яго спадкаемцы захоўваюць за сабой права выкупу Русі ў польскіх каралёў за 100 000 фларынаў. Наступствам гэтага дагавора стала ваенная дапамога Людовіка Казіміру ў вайне 1351-1352 гадоў, якая скончылася падпісаннем новай мірнай дамовы 24 чэрвеня 1355 года. Па ёй Казімір атрымліваў галіцкую, перамышльскую і сенацкую землі, а Гедымінавічы — уладзімірскую, луцкую, белзскую, холмскую і берасцейскую. Валынскі горад Крамянец заставаўся ў агульным валоданні абодвух манархаў. Паколькі гэты мір захоўваў статус-кво 1350 года, што ў нейкай ступені задавальняла Гедымінавічаў, ён працягнуўся да 1366 года.

Зноў вайна

У 1366 годзе Казімір яшчэ раз парушыў падпісаныя ім пагадненні і правёў добра падрыхтаваны паход па заваяванню Валыні. Паход скончыўся вельмі ўдала. Кароль атрымаў Холм, Белз, Уладзімір і Луцк, прымусіўшы Гедымінавіча падпісаць новы мірны дагавор. Пасля яго Любарт атрымаў толькі Луцкую зямлю і частку Уладзімірскай зямлі. Казімір заняў Холмскую і Белзскую зямлю, рэшту Уладзімірскай, а таксама раёны Паўднёвай Валыні з гарадамі Крамянец, Пераміль і Алеск. У Белзскай і Холмскай землях Казімір прызначыў сваім васалам Юрыя Нарымунтавіча, а ва гарадах Уладзіміры-Валынскім і Ратным — Аляксандра Карыятавіча — унукаў Гедыміна. Варта дадаць, што падчас вайны важную ролю адыгрывалі адносіны ваюючых бакоў з рознымі саюзнікамі, у прыватнасці, з татарамі, якія па чарзе падтрымлівалі той ці іншы бок канфлікту.

Сітуацыя кардынальна змянілася пасля сыходу з жыцця аднаго з галоўных удзельнікаў канфлікту — Казіміра III у 1370 годзе. Гэта прывяло да змены дынастыі на польскім прастоле. Каралём Польшчы стаў Людовік І Венгерскі. Гэта выклікала пэўную блытаніну ў польскіх вярхах. Зручным момантам скарысталіся Любарт і Кейстут, якія зноў захапілі Валынь.

У 1377 годзе паміж літоўскімі князямі і каралём Людовікам была дасягнута дамоўленасць: ва ўпраўленні Літвы застаецца значная частка Валыні, а да ўладанняў караля адыходзяць Холмская, Белжская землі і паўднёвая Валынь з Крамянцам, Алескам і Лапацінам. Пасля гэтага амаль пяць гадоў не вялося актыўных баявых дзеянняў. Апошнім ваенным усплёскам гэтай барацьбы можна лічыць 1382 год, калі памёр кароль Людовік , які не пакінуў пасля сябе нашчадка-сына. У падуладных яму Венгрыі і Польшчы пачаліся дэзарганізацыйныя працэсы. Гэтым зноў скарыстаўся стары князь Любарт-Дзмітрый, які вярнуў шэраг памежных замкаў — Крамянец, Алеск, Пераміль і некаторыя іншыя.

Любарт Гедымінавіч. Крыніца: wikipedia.org

Нерэалізаванае каралеўства

У 1385 годзе паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім была заключана Крэўская унія. У наступным годзе Вялікі князь Ягайла быў абвенчаны з дачкой Людовіка Ядвігай. Гэта зрабіла немагчымым далейшае вайсковае супрацьстаянне паміж двума дзяржавамі. Больш за тое, Ягайла браў на сябе абавязак далучыць да Польшчы падуладныя яму землі добраахвотна.

На гэтым быццам бы было скончана з ваеннымі змаганнямі за спадчыну Рускага каралеўства. Мясцовае насельніцтва, якое тутэйшыя князі не маглі эфектыўна бараніць, гатова было ісці пад руку больш энергічных прышлых валадароў. У 1387 годзе польская каралева Ядвіга з невялікім войскам заняла Галіцыю. З гэтага часу гэтая зямля канчаткова ўвайшла ў склад Польчшы і заставалася ў ім да падзелу Рэчы Паспалітай. Галіцыя, стаўшая ваяводствам, называлася Рускім ваяводствам.

Што да Валыні, то здавалася, што яна таксама, разам з іншымі рускімі і літоўскімі землямі, мусіла стаць часткай Каралеўства Польскага. Аднак сярод баяр Вялікага княства было нямала тых, хто імкнуўся захаваць незалежнасць сваёй дзяржавы. На чале іх стаў стрыечны брат Ягайлы князь Вітаўт.

Пад час Грамадзянскай вайны 1389-1392 гадоў ён здолеў здабыць у барацьбе палітычную незалежнасць Вялікага княства. Згодна Востраўскага пагаднення 1392 года, польскі кароль прызнаў Вітаўта пажыццёвым кіраўніком Літвы. Той у сваю чаргу пачаў будаваць уласную дзяржаву. 1394 ён ліквідаваў на поўдні найбуйнейшыя ўдзельныя княствы — Валынскае, Кіеўскае, Ноўгарад-Северскае і Падольскае. Стварыў замест іх звычайныя правінцыі, у якіх кіравалі яго намесьнікі. Такім чынам, Валынь, была цалкам інкарпаравана ў склад ВКЛ.

Вялікі князь Літоўскі Вітаўт Кейстутавіч. Крыніца: history-belarus.by

Ствараючы сваю дзяржаву, Вітаўт захоўваў у ёй рускія культурныя і палітычныя традыцыі. Ён пачаў тытулаваць сябе «Вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім». У дзяржаве афіцыйнай мовай стала мова руская. Ён марыў таксама атрымаць і каралеўскую карону. Магчыма, на гэта неяк паўплывала разуменне таго, што пад яго ўладай аказаліся землі, якія некалі былі каралеўствам. Аднак дасягнуць гэтай мэты ён не здолеў. Лёс дзяржавы склаўся інакш, і ў гісторыі так і не з’явілася Вялікае Каралеўства Літоўскае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: