Украіна распрацавала для экспарту збожжа два маршруты. Беларусі там няма
Украіна распрацавала маршруты для экспарту збожжа праз Польшчу і Румынію, заявіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Дзмітрый Сенік. Акрамя таго, украінцы вядуць перамовы з краінамі Балтыі аб стварэнні і трэцяга калідора для экспарту прадуктаў харчавання.
«Гэтыя маршруты неідэальныя, але мы робім усё магчымае, каб развіваць іх», — сказаў украінскі дыпламат у кулуарах азіяцкага саміту па бяспецы ў Сінгапуры, паведамляе Reuters.
Сенік адзначыў, што на тэрыторыі Украіны захоўваецца цяпер да 30 млн тон збожжа, якія трэба экспартаваць.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў, што разблакаваць украінскія парты дапамагаюць Турцыя, Вялікабрытанія, Канада, ААН і іншыя еўрапейскія краіны. Таксама ён падчас свайго выступу ў Сінгапуры выказаўся пра наступствы харчовага крызісу і вайны ва Украіне.
Лукашэнка прапаноўваў наладзіць транзіт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі наўзамен доступу Мінска да партоў Балтыі і зняцце санкцый з беларускага калію. Але гэтую ідэю ўкраінскі бок і яго саюзнікі адпрэчылі.