Пятрас Аўштравічус: «Беларусы — нацыя, якая з'яўляецца сапраўдным суверэнам»

На саміце Еўрасаюзаа ў Брусэлі, які пройдзе 23-24 чэрвеня і на якім мусіць вырашыцца лёс Украіны, Малдовы і Грузіі як кандыдатаў у сябры Еўрасаюза, павінна згадвацца і Беларусь. Як краіна, якая таксама хоча ісці па еўрапейскім шляху.


У гэтым упэўнены дэпутат Еўрапарламента Пятрас Аўштравічус, піша ЕЎРАРАДЫЁ са спасылкай на Delfi.

«У чэрвені ў Брусель прыбывае цягнік з трох усходнееўрапейскіх вагонаў. Беларускага вагона там няма. Гэта геастратэгічнае рашэнне для Украіны. Уявіце сабе магчымасць атрымаць статус кандыдата, нічога не кажучы пра Беларусь! Вядома, мы не можам нічога змяніць, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, але ёсць нацыя, якая з'яўляецца сапраўдным суверэнам», — гаворыць Пятрас Аўштравічус.

Па словах палітыка, беларускае пытанне перад еўрачыноўнікамі і кіраўнікамі дзяржаў павінен узняць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Галоўная задача для Наўседы 23-24 чэрвеня ў Бруселі — змагацца за Беларусь і нагадаць, што побач з дапамогай Украіны, Малдовы, асаблівымі ўмовамі для Грузіі ёсць і беларускі народ, і ў нас ёсць яго прадстаўнікі... Для нас — гэта быць ці не быць: мець у будучыні нармальнага суседа з пэўнымі ўмовамі. Але і яны павінны заявіць пра сваю будучыню», — лічыць Аўштравічус, чакаючы ліста з выразнай пазіцыяй па пытанні будучыні шляху Беларусі прадстаўнікам саміту ад дэмсіл нашай краіны.

Цяперашні віток гісторыі ў Беларусі яшчэ не завершаны, упэўнены палітык.

«Праўда, беларусы баяцца, шмат чаго не разумеюць. Але гэта экзістэнцыйны выбар. Не ўсе будуць галасаваць за адно і тое ж. Мы ведаем, што на ўсходзе Беларусі ёсць дысідэнты, усе яны пад уплывам прапаганды, але нацыя павінна калі-небудзь прачнуцца. Для каго мы робім гэтыя інвестыцыі? Чаму мы носім бел-чырвона-белы сцяг? Якая наша гістарычная вера ў гэтую дзяржаву?» — рэзюмуе Пятрас Аўштравічус.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: