«Міліцыянты пагражалі, што расстраляюць нас». Гісторыя пераследу сям'і з Мазыра, якая была вымушаная з'ехаць
Юрась Чаранкоў — слесар Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Разам з жонкаю ён зазнаў жорсткія катаванні мазырскіх міліцыянтаў. Затрымалі сужэнцаў 11 жніўня. Сілавікі без апазнавальных знакаў збівалі падчас затрыманняў як мужчынаў, так і жанчын. Пазней супраць Юрыя распачалі крымінальную справу. Цяпер, як распавёў «Белсату» Юрый Чаранкоў, ён папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.
Юрыя ды
Алену Чаранковых 11 жніўня ў Мазыры затрымлівалі і збівалі васьмёра сілавікоў.
Сужэнцы, як і тысячы беларусаў у жніўні летась абурыліся фальсіфікацыямі
прэзідэнцкіх выбараў і падтрымалі мірны пратэст на вуліцах сваіх гарадоў.
Сілавікі ўжылі супраць людзей зброю і гвалт. Пацярпелі і Чаранковыя. Юрыя і
Алену збівалі не толькі падчас затрымання, але і ў будынку Мазырскага РАУС.
«Міліцыянты надзелі на нас кайданкі і білі бязлітасна. Станавіліся на ляжачых людзей, скакалі па спінах. Ставілі ногі на галаву. Падчас збіцця я ўжо не адчуваў болю. Потым пачаліся допыты. Калі даведаліся, што я працую на НПЗ, проста ашалелі. Адзін з міліцыянтаў некалькі разоў ударыў у грудзі. Побач ляжаў чалавек ва ўласнай крыві», – распавядае Юрый.
Пасля
збіцця і падпісання пратаколу Юрася Чаранкова змясцілі ў СІЗА Мазырскага РАУС. У
камеру на 5 месцаў міліцыянты запіхнулі 12 асобаў. Большасць затрыманых у
камеры не маглі зразумець, за што іх затрымалі і чаму катуюць.
«Нехта выйшаў з крамы, нехта — з аптэкі. Але людзей хапалі, збівалі і садзілі ў камеры. Міліцыянты пазней нават пагражалі, што расстраляюць нас», – згадвае Юрый.
Судзілі Чаранковых у памяшканні ІЧУ Мазырскага РАУС. Паводле
іх, суддзя Мазырскага раёну Марына Буглак не звяртала ўвагі на фізічны стан
затрыманых людзей і практычна не слухала іхных сведчанняў пра невінаватасць і
катаванні. Яна прысуджала затрыманым адміністратыўны арышт паводле рапартаў
міліцыянтаў.
«Мне і жонцы прысудзілі па 15 содняў адміністратыўнага
арышту. Я ў апошнім слове папрасіў, каб мне далі 30 содняў, а жонку адпусцілі,
але суддзя нічога не адказала на гэта. Усіх затрыманых у Мазыры не здолелі
змясціць у мясцовым следчым ізалятары, таму многіх перавезлі ў калонію № 20,
што за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Мазыра», — кажа мужчына.
Замест справы ў дачыненні катаў распачалі справу супраць
Юрыя
Пасля арышту сужэнства падало скаргу ў Мазырскі аддзел Следчага камітэту на незаконныя дзеянні сілавікоў МУС. Але мясцовыя следчыя так і не распачалі крымінальнай справы супраць міліцыянтаў.
Затое ў дачыненні Юрыя следчыя распачалі крымінальную справу
за абразу прадстаўніка ўлады.
«Падчас збіцця ў РАУС жонка апазнала двух міліцыянтаў. Адзін
з іх — участковы ў раёне гораду, дзе яна працуе настаўніцай. А іншага
міліцыянта, які з яе здзекаваўся, яна ведае асабіста, бо вучыць ягоную дачку ў
школе. Я напісаў у тэлеграм-чаце, што гэтыя міліцыянты — фашысты. У выніку
супраць мяне завялі крымінальную справу», — кажа Юрый.
Калі
следчыя распачалі крымінальную справу супраць Юрыя, мужчына захварэў на
Covid-19. 4 лістапада ён адчуў сябе вельмі кепска, а на наступны дзень
пайшоў на бальнічны. У гэты ж час следчы з мазырскага Следчага камітэту
Кананучэнка тэлефанаваў жонцы ды ўласна Юрыю з патрабаваннем, каб мужчына
зʼявіўся на допыт.
«9 лістапада мне было кепска. У гэты дзень пазваніў следчы.
Ён пачаў мяне абражаць, што, маўляў, я паступаю па-свінску з ім, што не
адгукаюся на ягоныя патрабаванні. Я патлумачыў, што ў мяне каронавірус, высокая
тэмпература. Але ён пачаў казаць, што яму ўсё роўна, ён не баіцца гэтага,
патрабаваў, каб я зʼявіўся на допыт. Я так і зрабіў. Прыехаў да яго. Пасля
апытання ён раптам мне сказаў, што я змагу яшчэ цягам некалькіх бліжэйшых дзён
выехаць з Беларусі, а потым буду невыязны. Таму мы з жонкай і пастанавілі
зʼехаць у Польшчу ды папрасіць палітычнага прытулку», — кажа Юрый.
Юрася
Чаранкова абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу — «Знявага
прадстаўніка ўлады». Адказнасць паводле яго прадугледжвае грамадскія працы,
штраф, арышт, да двух гадоў папраўчых працаў альбо да трох гадоў абмежавання
волі.
«Паводле
справы, я нібыта абразіў двух міліцыянтаў, Аскерку і Белановіча. Менавіта
іх раней апазнала мая жонка падчас катаванняў у РАУС. Дарэчы, таго ж Белановіча
ўжо павысілі і перавялі ў пракуратуру. Але як ён будзе выконваць свае абавязкі?
Тут ён людзей збіваў, а там будзе сачыць за выкананнем законаў?» — разважае
Юрый.
Палітычны
прытулак у Польшчы
Асаблівага выбару Юрый не бачыў: або заставацца на волі, але ў іншай краіне, або быць зняволеным у роднай.
«Сёння мы акурат першы раз атрымалі сродкі ад польскага
ўраду. Штодня нам плоцяць 20 злотых (14 беларускіх рублёў). Але сутыкнуўся з праблемаю
медычнага абслугоўвання. Забалеў зуб, а вось звяртацца мы можам толькі ў адну з
польскіх фірмаў у Варшаве. Але дазваніцца да доктара так і не ўдалося», — распавядае
Юрый.
Мужчына кажа, што ў Польшчы шмат дапамагаюць беларусы. Але
нявызначаны статус і часовыя дакументы выклікаюць шмат абмежаванняў, нават тыя
ж курсы польскай мовы недаступныя.
Юрыя дасюль не звольнілі з Мазырскага НПЗ.
«Вельмі дзіўна, але я пабачыў, што прыйшла прэмія на Новы
год. Аплацілі і кварталку. Не звольнілі і жонку са школы, але прыходзяць дадому
і дураць галаву суседзям, ці мы не зʼявіліся. Але ж гэта не сакрэт, усе ж
ведаюць. Два месяцы не быў на працы — і не звальняюць, а хлопцы агучваюць, што
сыходзяць у страйк, дык іх на наступны дзень звальняюць», — кажа мужчына.
Юрый і
Алена Чаранковы спадзяюцца, што разгляд іхнай справы ў Польшчы наконт
палітычнага прытулку неўзабаве завершыцца ды яны здолеюць працаваць і весці
паўнавартасны лад жыцця.