«Пагражалі, што забяруць дзіця, якое мы усынавілі». Трактарыст-блогер з Хойнікаў з сям'ёй з'ехаў з Беларусі

Механізатар Яўген Васількоў з Хойніцкага раёну пасля пераследу ўладаў папрасіў палітычнага прытулку ў Латвіі.

 

0c97c1f5_454d_4e5e_9603_0c6325fc0234_w1023_r1_s.webp

Трактарыст-блогер Яўген Васількоў распавёў «Свабодзе» пра прычыны свайго ад’езду ў Латвію. Там ён папрасіў палітычнага прытулку.

З'яжджаць з Беларусі ён не хацеў.

«Але ў мяне не было выбару... Міліцыя склала пратакол за экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім раёне. Міліцыянеры сказалі, што праз такую дзейнасць у нас могуць забраць дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», — распавёў Яўген Васількоў.

У Латвіі ён атрымаў падтрымку — і ад уладаў, і ад беларускай дыяспары.

«Умовы тут нармальныя, не прападзём, я думаю. Тут, у Латвіі, сустрэўся з такімі людзьмі, не тое, што я трактарыст, а рэжысёры, спартсмены, адвакаты, людзі, якія з'ехалі з дзецьмі... Спадзяюся, што змагу вярнуцца дахаты, хоць так бачу, што ўсё зацягнулася», — дадаў Яўген.


Увосень Яўген Васількоў праз палітыку адсядзеў «суткі», страціў працу. Пасля выбараў ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках.

У снежні на Яўгена Васількова міліцыя склала пратакол за «экстрэмізм». Так міліцыя расцаніла перадрук матэрыялаў на канале «Хойнікі для жыцьця» з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі афіцыйна прызналі экстрэмісцкім.

Яўген Васількоў жыў у вёсцы Віць Хойніцкага раёну, працаваў трактарыстам. Шырокую грамадзкасць ён набыў пасля роліку, у якім разважаў пра несумленныя выбары з пункту погляду вяскоўца. 3 жніўня яго затрымала міліцыя за «непадпарадкаванне».

Яўген атрымаў па рашэнні суду 10 дзён арышту. Гэты арышт выклікаў рэзананс. Людзі пачалі акцыю дапамогі сям’і трактарыста — пералічвалі грошы, перадавалі рэчы для дзяцей.

Пазней Яўген страціў працу. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках, вёў youtube-каналы «Хронікі механізатара» і «Хойнікі для жыцьця».

У апошніх роліках аўтар блогаў засяродзіўся на безгаспадарчасьці і гібеючых вёсках у Хойніцкім раёне.