Валерый Карбалевіч: узяць штурмам нейкі ўрадавы будынак яшчэ не азначае ўзяць уладу
Вядомы беларускі палітолаг параўнаў палітычныя падзеі ў Беларусі і ЗША і прыйшоў да пэўных высноваў.
«Штурм Капітолія ў ЗША актуалізаваў дыскусіі адносна таго, ці былі дапушчаныя памылкі падчас беларускай рэвалюцыі, — піша Валерый Карбалевіч. — У сацыяльных сетках шмат хто лічыць, што калі б у жніўні пратэстоўцы дзейнічалі больш рашуча, захапілі нейкі ўрадавы будынак, то, магчыма, рэжым быў бы ужо зрынуты.
Праблема ў тым, што ўзяць штурмам нейкі ўрадавы будынак яшчэ не азначае ўзяць уладу. Што пацвярджае гісторыя. Калі звяртацца да апошніх прыкладаў, то ў Арменіі ў канцы мінулага году пратэстуючыя, патрабуючы адстаўкі прэм’ера Нікола Пашыняна, захапілі будынак парламэнта. І вось апошнія падзеі ў Вашынгтоне, дзе прыхільнікі Трампа захапілі Капітолій — месца знаходжання Кангрэсу ЗША. У абодвух выпадках гэта не прывяло да змены ўлады.
Улада — гэта складаная рэч, заснаваная на грамадзкіх адносінах. Будынкі ўладных установаў — гэта сімвалы, знакі ўлады, а не сама ўлада.
А штурм Бастыліі і Зімняга палацу — гэта хутчэй сімвалічныя акцыі, якія спадарожнічалі змене ўлады».