Арцём Шрайбман: роля Лукашэнкі не будзе ацэнена пазітыўна ў падручніках па гісторыі Беларусі

Вядомы беларускі палітычны эксперт Арцём Шрайбман — аб памылках Лукашэнкі ў першыя дні пасля 9 жніўня і аб яго месцы ў школьных падручніках новай Беларусі. 

992x496.webp

— Такім канцом сваёй кар'еры Лукашэнка пазбавіў сябе шанцаў не тое што на рэальны памятнік, але нават на метафарычны, — распавёў Шрайбман «Медузе». — Ужо зразумела, што яго роля не будзе ацэненая пазітыўна ў падручніках па гісторыі Беларусі.

Ён страціў шанец стаць беларускім Назарбаевым, нейкім бацькам нацыі. Таму што ён не проста раскалоў нацыю, але кінуў частку народа на  гвалтоўнае падаўленне, хутчэй за ўсё, большасці гэтага народа. І гэта дало яму нейкі тэрмін на троне, безумоўна, гэта падоўжыла на нейкі час яго праўленне. Але гэта вельмі моцна ўдарыць па яго спадчыне, па яго ідэалогіі ў будучай Беларусі, па магчымай падтрымцы яго нейкай партыі або руху, які будзе грунтавацца на гэтых каштоўнасцях.

То бок тактычна, душачы пратэсты, Лукашэнка паводзіў сябе больш ці менш правільна, але... Зноў жа, тыя рэпрэсіі, якія былі дапушчаныя ў першыя тры дні пасля выбараў, яны сталі найважнейшым каталізатарам пратэстаў потым. У прынцыпе Лукашэнка мог прайсці гэтую сітуацыю танчэй. Самі па сабе фальсіфікацыі на выбарах былі, вядома ж, важным раздражняльнікам, але яны не былі настолькі сур'ёзным раздражняльнікам, як гвалт, вось гэтыя катаванні, якія сталі вядомыя ў наступныя дні пасля 9 жніўня. То бок, гэта было памылкай — і не неабходнай памылкай. Разагнаць тыя пратэсты, калі ўжо мы разважаем у такой цынічнай, аўтакратычнай логіцы, можна было меншай крывёю, меншай брутальнасцю. І, хутчэй за ўсё, усё скончылася б нашмат раней і без такіх наступстваў для яго.