«Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсць». Што кажа лукашэнкавец, які ўчора ў Брэсце ўдарыў доктара
Працяг гучнай гісторыі.
Мужчына ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ўдарыў медыка па твары. Відавочцы знялі гэты момант на відэа і даслалі ў прэсу. Tut.by верыфікаваў інфармацыю.
Мяркуючы па відэазапісе, невядомы мужчына лаяўся матам і казаў медыку:
— Чуеш? Супраць Лукашэнкі? Што, не верыш? А ты сёння лекар?
Ты ж учора супраць Лукашэнкі... — пасля гэтых слоў ён ударыў медыка па твары.
У кадры з'явіўся міліцыянер і адвёў нападніка. Медык выглядае
разгубленым.
Ва УУС Брэсцкага аблвыканкама распавялі, што інцыдэнт быў 5 студзеня.
— Па гэтым факце Ленінскае РАУС праводзіць праверку, — расказала афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук.
Звязацца з прадстаўнікамі Брэсцкай гарадской бальніцы СМП
пакуль не ўдалося.
Што кажа нападнік?
Ім аказаўся Мікалай, яму 55 гадоў, жыве ў Брэсцкім раёне, працуе кіроўцам школьнага аўтобуса. Ён пагадзіўся выкласці сваю версію падзей. Кажа, 5 студзеня знаходзіўся ў Брэсце, быў п'яны, «зваліўся на прыпынку, разбіў галаву».
— Да мяне падышлі два амапаўцы — ветлівыя хлопцы, выклікалі хуткую дапамогу.
Так мужчына трапіў у прыёмнае аддзяленне бальніцы.
— А ў мяне такая палітыка — я за цяперашнюю ўладу, за
прэзідэнта. Чаго ім не хапае (пратэстоўцам)? Нармальна ж жывем!
Мужчына ведае пра пратэсты медыкаў у Беларусі, гэтай з'явай
ён незадаволены. Распавёў, што ў прыёмным аддзяленні стаў казаць супрацоўнікам
хуткай дапамогі, што ён думае пра гэта і пра Лукашэнку — каб самога не прынялі
за пратэстоўца.
— Яны (медыкі — прым.)
мне сказалі: «За каго ты, за каго?». І сталі мяне тузаць, адзін узяў за
шыю! Калі б яны мяне не патузалі, я б нікога не ўдарыў!
Што ўкладвае мужчына ў слова «тузаць», падрабязней
даведацца не ўдалося.
Пасля канфлікту, які трапіў на відэа, У бальніцы Мікалаю
аказалі дапамогу.
— Апрацавалі рану, абследавалі і адпусцілі. На другі дзень
мне патэлефанаваў участковы і сказаў, што трэба сустрэцца.
Аб тым, што відэа з яго паводзінамі ўжо шырока разышлося ў
сацыяльных сетках, мужчына ведае.
— Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсць.
Напрыканцы
ён дадаў, што сваіх палітычных перакананняў працягне прытрымлівацца.