Мітрапаліт Кандрусевіч: прабіты дзідаю бок Езуса – келіх Божай міласэрнасці
Літургію Мукі Госпада ў Вялікую пятніцу 3 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Удзел у богаслужбе ўзяў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Звяртаючыся да вернікаў з гаміліяй, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў апошняе слова Езуса перад скананнем — «здзейснілася», якое для ўсіх на той момант абазначала канец: «Яго паўтаралі фарысеі, члены Сінэдрыёна, Пілат і рымскія жаўнеры. Для ўсіх іх гэта быў канец. Яны так казалі або думалі, бо, нарэшце, гэты рэвалюцыянер памёр і больш не будзе бунтаваць людзей. Для габрэяў Ён быў блюзнерам. Для рымлянаў — прычынай беспарадкаў», паведамляе catholic.by.
Прыгадаўшы сотніка, які прабіў дзідаю Божы бок, герарх параўнаў бок Езуса з келіхам Божай міласэрнасці, з якога ў той момант пралілася кроў і вада, і таму сотнік паверыў у Бога адразу ля падножжа.
У гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя Літургію Мукі Госпада ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прамаўляючы гамілію, кс. Раман Катлімоўскі засяродзіў увагу на апошніх словах, прамоўленых Езусам з крыжа: “Прагну”. Па словах святара, “Прагну” і сёння гучыць з вялікай моцай, гэтае слова Хрыстус скіроўвае да сучаснага чалавека, прагнучы здаровага сужэнства, моцнай сям’і, прагнучы, каб чалавек заўсёды слухаў Бога”.
У віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага літургію Мукі Пана узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі ксёндз Адам Дынак, канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі, нагадаў, што калі мы бачым крыж, у нас адразу ўзнікаюць асацыяцыі з хрысціянствам. “Крыж спадарожнічае кожнаму нашаму моманту жыцця”, — дадаў святар.
“Любоў, якая хоча складаць сябе ў ахвяру, — гэта неабмежаваная любоў, самым дасканалым узорам якой з’яўляецца Езус, — адзначыў ён. — А мы можам быць толькі лепшымі ці горшымі Яго вучнямі. Хрысціянства праз асобу Езуса Хрыста заклікае нас да вельмі высокіх ідэалаў, таму і мы павінны імкнуцца да гэта дасканаласці”. Звяртаючыся да тэмы чалавечага граху, святар нагадаў, што “пасля Вялікай пятніцы наступае нядзеля Уваскрасення Хрыста, што дазваляе нам, хрысціянам, не канцэнтравацца толькі на нашай грахоўнасці, але з надзеяй глядзець у будучыню — бачачы ўваскрасенне Езуса і нашае ўласнае”.
У пінскай катэдральнай базыліцы біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуў увагу вернікаў на велізарную каштоўнасць Хрыстовага Крыжа. Па словах біскупа, праз Крыж Езуса праходзіць мяжа сутыкнення бязбожнай цывілізацыі нянавісці і Хрыстовай цывілізацыі Любові. Біскуп заахвоціў вернікаў ніколі не адыходзіць ад крыжа, а свае чалавечыя цярпенні і нягоды яднаць з пакутамі Божага Сына. Біскуп заўважыў, што толькі ў Крыжы і Ахвяры Езуса Хрыста чалавек здольны адшукаць сэнс крыжоў, якія прыносіць гэтае зямное жыццё.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі 3 красавіка ўзначаліў Імшу ў парафіі святога Антонія ў Магілёве. У гаміліі ён звярнуў увагу, што з аднаго боку неабходна глядзець на Хрыста і з пакораю браць свой крыж, а з другога — браць прыклад са святых Веранікі і Сымона Кірынейца, каб вучыцца ад іхдапамагаць несці крыж тым, хто патрабуе нашай дапамогі, адзначае mohylev-katolik.by.
У гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец узначаліў літургію Мукі Пана. Ён пажадаў вернікам, каб праўда пра прыбітага да крыжа Езуса была падмуркам нашага жыцця. “І тады сэрца будзе напоўнена радасцю, калі выканаем самыя галоўныя запаведзі: любіць Бога і бліжняга”, — сказаў ён, паведамляе katolik-gomel.by.
Пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі заклікаў вернікаў прасіць Пана, каб “адкрыў, паказаў кожнаму яго крыж”, “таму што крыж — гэта вялікі дар ад Бога”, “без крыжа не было б і выратавання”, “Бог хоча, каб кожны з нас перамог, як перамог Езус, таму кожнаму дае свой крыж”. Святар дадаў, што кожны раз, здзяйсняючы грэх, мы забіваем дабро, прыгаворваем Езуса да пакарання смерцю, зноў і зноў крыжуем Яго, а “прыйсці да збаўлення можна толькі тады, калі ўсведамляеш свае слабасці, сваю грахоўнасць”.