Загадка турынскай плашчаніцы
Ёсць адна рэч, у адносінах якой навука бездапаможная — гэта ўваскрэсенне.
Выданне Polska The Times згадвае тэму турынскай плашчаніцы, у якую быццам бы быў загорнуты Ісус пасля смерці. Навукоўцы, хоць маюць ужо шмат прыладаў, не могуць высветліць усе загадкі гэтага палатна.
Плашчаніца — гэта аб’ект гістарычнага значэння, які, бадай, даследаваны найлепш за ўсе іншыя. Навукоўцы ўжо ведаюць, што раны на палатне сапраўдныя, што кроў паходзіць ад чалавека, а сляды не былі зроблены штучна. Вядома, што асоба, загорнутая ў плашчаніцу, была распятая, і што гэта здарылася на Блізкім Усходзе, паколькі былі знойдзеныя часцінкі мясцовых раслін.
Палатно даследавалі славутыя спецыялісты з ЗША, але яны спынілі доследы, заяўляючы, што няма неабходных прыладаў, каб сказаць, ці сапраўды на плашчаніцы знаходзяцца сляды Хрыста. Магчыма, мы ніколі не адкажам на гэтае пытанне.
Чалавек, які ляжаў у палатне, меў чацвёртую групу крыві, вядома, што ён вельмі моцна пакутаваў. Што цікава, пад слядамі крыві няма адбіткаў канкрэтнай часткі цела. Гэта значыць, што найперш паявілася кроў, а пазней адбітак. Павінна быць наадварот. Вучоныя не ў стане гэтага вытлумачыць. У гэтым усім ёсць адна рэч, у адносінах якой навука бездапаможная — гэта ўваскрэсенне.