Мясцовыя ўлады дазволілі адзначыць 95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну
Слуцкі райвыканкам даў дазвол на правядзенне 28 лістапада ў Слуцку ўрачыстай дэманстрацыі і мітынгу з нагоды 95-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.
Адпаведнае рашэнне атрымалі заяўнікі акцыі — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі Віталь Амяльковіч.
Мерапрыемства распачнецца 28 лістапада (субота). У 14.30 збор удзельнікаў ля будынку Слуцкага краязнаўчага музею. Адтуль калона дэманстрантаў рушыць па ходніках да гарадскога парку культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе запланаваны ўрачысты мітынг ушанавання памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання 1920 года.
Згодна з рашэннем мясцовых уладаў, на арганізатараў дэманстрацыі і мітынгу ўскладаецца абавязак забяспечыць грамадскі парадак у адпаведнасці з заканадаўствам.
У акцыі плануюць прыняць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху "За Свабоду", Руху салідарнасці "Разам", Моладзі БНФ ды іншых патрыятычных аб'яднанняў. “Малады Фронт” мае намер правесці ганаровае прыняцце прысягі новымі актывістамі арганізацыі.
Таксама вядуцца перамовы пра правядзенне пасля мітынгу ў Слуцку творчай сустрэчы з гісторыкамі, якія даследуюць падзеі антыбальшавіцкага супраціву на Случчыне.
Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 года. Цягам месяцу беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў. 14 лістапада 1920 года распачалося збройнае паўстанне на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся З'езд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіравання, а таксама абароны краю. З'езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеянні адбываліся з 27 лістапада па 31 снежня 1920 года.
З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстання — знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасць Беларусі — адзначаюцца беларускім грамадствам як Дзень Герояў.
Паводле прэс-службы ПБНФ