«Мы нават не ведаем, на якім ён свеце». Дзіўная сітуацыя з законам аб амністыі, якую анансаваў Лукашэнка
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка анансаваў магчымую амністыю да так званага Дня народнага адзінства, які будуць адзначаць 17 верасня. Сярод тых, хто можа апынуцца на свабодзе, таксама людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах. Але афіцыйнага закона аб амністыі няма дагэтуль. «Л*стэрка» вырашыла даведацца, што вядома аб гэтым дакуменце.
Год таму да так званага Дня народнага адзінства Лукашэнка
падпісаў Указ аб памілаванні. Тады ўжо 16 верасня на волю выйшлі
13 палітвязняў. Сёлета сітуацыя іншая.
— Да 17 верасня 2022-га застаецца ўсяго пара дзён, а ў нас пакуль нават няма інфармацыі, ці паступіў законапраект аб амністыі ў парламент. Чула, усё гэта можа расцягнуцца і на паўгода, — напісала ў рэдакцыю выдання чытачка, мужу якой далі тры гады «хіміі».
Між тым у сеціве ўжо з'явіўся «праект амністыі» да 17 верасня. Аднак дакумент аказаўся праектам Юрыя Васкрасенскага, які ён падрыхтаваў яшчэ да рэферэндуму. Да цяперашніх заяў генеральнага пракурора Андрэя Шведа ён не мае дачынення. Дык што ж з рэальным Законам аб амністыі?
Любы законапраект, перш чым патрапіць на подпіс да Лукашэнкі, спачатку паступае на адабрэнне ў Палату прадстаўнікоў, а
затым у Савет Рэспублікі. Журналісты патэлефанавалі туды як звычайныя грамадзяне.
— Адказнымі за падрыхтоўку дакумента прызначаны МУС,
Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура, — распавялі ў прыёмнай Палаты
прадстаўнікоў. — Да нас праект гэтага закона пакуль не паступаў, і нават
прыкладна невядома, калі паступіць. Можа быць, калі я пакладу слухаўку, ён
трапіць да нас. Магу сказаць адно: на гэты момант (15 верасня) яго ў Палаце няма.
— А ёсць хоць прыкладна нейкія тэрміны?
— Ніякіх тэрмінаў няма. Праект закона можа быць прыняты
адразу ў двух чытаннях.
У прыёмнай таксама ўдакладнілі, што займацца дакументам
будзе камісія па нацыянальнай бяспецы. Яе ўзначальвае былы начальнік Генштаба
Узброеных сіл, а цяпер дэпутат Алег Белаконеў.
У прыёмнай камісіі па нацбяспецы таксама паведамілі, што
дакумент да іх пакуль не паступаў. Калі паступіць, яны не ведаюць.
— Нам гэтую інфармацыю ніхто не дае. Калі паступіць, тады
паступіць, — адзначылі там. — Мы нават не ведаем, на якім ён свеце.
У Генпракуратуры па тэлефоне, які пазначаны як нумар для
звароту грамадзян, паведамілі, што інфармацыя аб тэрмінах, калі можа з'явіцца
законапраект аб амністыі, ім невядомая і параілі звярнуцца ў Дэпартамент
выканання пакаранняў МУС. Дзяжурны ведамства таксама не змог адказаць на гэтае
пытанне і парэкамендаваў прыйсці на асабісты прыём да яго кіраўніцтва.
З пытаннем, як доўга можа расцягнуцца гісторыя з
законапраектам аб амністыі, журналісты таксама звярнуліся да аднаго з юрыстаў.
— Складана адказаць дакладна. Магу сказаць, што на практыцы
закон аб амністыі не з'яўляецца менавіта ў дату, да якой ён прымеркаваны, як,
напрыклад, адкрыццё метро да 7 лістапада. На практыцы на гэта патрабуецца
адзін-два месяцы, — адзначыў суразмоўца. — Зноў жа, калі закон прыходзіць з адміністрацыі Лукашэнкі, то ў парламенце яго могуць прыняць за некалькі дзён,
ніякай цяганіны дакладна не будзе.
Нагадаем, 6 верасня Лукашэнка заявіў, што
напярэдадні так званага Дня народнага адзінства 17 верасня варта абмеркаваць мэтазгоднасць
амністыі для асуджаных, але «толькі ў дачыненні да тых, хто рэальна гэтага
заслугоўвае». Лукашэнка прызнаў, што сярод асуджаных па пратэсных справах ёсць
самыя розныя людзі, у тым ліку тыя, хто здзейсніў нязначныя з пункту гледжання
беларускіх улад «злачынствы».
Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што на волю выйдуць
«ад 8 тысяч чалавек». Адзначым, што з 9 жніўня 2020 года да 1 ліпеня 2022 года
ў Беларусі распачалі больш за 11 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай»
накіраванасці. Са жніўня 2020-га па пачатак лютага 2022-га за ўдзел у пратэстах
былі асуджаны па крымінальных справах не меней як 1832 чалавекі. Цяпер 1337 чалавек
прызнаныя палітвязнямі.