На межах Беларусі ўзмацнілі санітарны кантроль праз воспу малпаў

У Мінздароўя распавялі, што рабіць, каб не дапусціць распаўсюджванне новага захворвання.

Хворы на воспу малпаў падчас успышкі хваробы ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга (фота з архіву)

Хворы на воспу малпаў падчас успышкі хваробы ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга (фота з архіву)

Воспа малпаў — рэдкае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца ліхаманкай, агульнай інтаксікацыяй і з'яўленнем экзантэмы. Узбуджальнік — вірус, які адносіцца да сямейства поксвірусы. Упершыню быў выдзелены ў 1958 годзе ад хворых малпаў. Па сваёй структуры і ўласцівасцях падобны з ​​вірусам воспы чалавека.
Крыніцай інфекцыі з'яўляюцца малпы. Воспа малпаў не адрозніваецца высокай заразнасцю. Але былі і цяпер адзначаюцца выпадкі, калі інфекцыя перадаецца ад чалавека да чалавека пры працяглым кантакце (паветрана-капежны і кантактна-бытавы шляхі перадачы, у тым ліку і праз палавыя кантакты). Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 5 да 21 дзён. Пачынаецца захворванне востра, з павышэння тэмпературы цела, галаўнога і цягліцавага болю, магчымыя галавакружэнне, млоснасць, ваніты. Наступная дынаміка хваробы падобная з сімптаматыкай натуральнай воспы (з'яўленне сыпу). Звычайна захворванне працякае ў лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці.
Адмысловай вакцыны ад гэтай інфекцыі няма. Дзякуючы масавай вакцынацыі ад натуральнай воспы, якая праводзілася раней, створана значная імунная праслойка, якая можа дапамагчы купіраваць распаўсюджванне воспы малпаў, паколькі ўсе поксвірусы даюць добры крыжаваны імунітэт.
Адзінкавыя выпадкі заражэння воспай малпаў выявілі ў Аўстраліі, Афрыцы, Канадзе, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Іспаніі і ЗША.
Верагоднасць завозу гэтай інфекцыі ў Беларусь ацэньваецца як нізкая, у сувязі з адсутнасцю авіязносін з большасцю краін свету.
Аднак, для прадухілення завозу ў краіну воспы малпаў Міністэрства аховы здароўя ў пунктах пропуску на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь узмацніла меры санітарна-каранціннага кантролю. Дадаткова праводзіцца навучанне медработнікаў дыферэнцыяльнай дыягностыцы захворвання. Спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі распрацоўваюць тэст-сістэмы для своечасовай дыягностыкі захворвання.
Каб не захварэць, асобам, якія наведваюць эндэмічныя па воспе малпаў краіны (Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Рэспубліку Конга, Камерун, Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Нігерыю, Кот-д'Івуар, Ліберыю, Сьера-Леонэ, Габон і Паўднёвы Судан) варта пазбягаць кантакту з жывёламі, якія могуць быць носьбітамі віруса (грызунамі і прыматамі) і рэкамендуецца ўжываць у ежу толькі старанна прыгатаваныя прадукты жывёльнага паходжання.
Пры кантакце з асобамі, якія прыбылі з краін, дзе зафіксаваны выпадкі захворвання, і якія маюць сімптомы, падобныя на вострую рэспіраторную інфекцыю, неабходна выконваць асноўныя прафілактычныя правілы — карыстацца маскай і выконваць гігіену рук.